У яе пухла галава ад гэтых лекцый па гісторыі анкалогіі і радыялогіі. Уночы Ірыну мучылі кашмары, але яна не здавалася. Нават вымяркоўвала якую гадзіну, каб прачытаць папулярныя кніжкі, якія Аляксей ёй прыносіў. Паступова яна пачала разумець сутнасць яго работы — пры дапамозе радыёактыўных рэчываў знішчыць злаякасныя клеткі, якія маглі застацца ў арганізме хворага пасля аперацыі або абпраменьвання. Цяпер Ірына магла сачыць за ходам думкі мужа, яго штодзённыя клопаты, расчараванні і ўдачы, яго мары аб новых прэпаратах з большай, чым у ізатопе золата, даўжынёй прабегу зараджаных часцінак сталі для яе не пустым гукам — у адно вуха заляцела, у другое вылецела! — а жыццём, лёсам. Яна ведала прозвішчы ўсіх хворых, якіх ён вёў, ведала іх анамнезы — падрабязныя гісторыі жыцця да пачатку захворвання і развіцця хваробы, гэта давала ёй магчымасць пытацца, цікавіцца, спачуваць чужому гору; застаючыся ўважлівым слухачом, патроху станавіцца субяседнікам. А Аляксей Пятровіч так прывык да гэтага роздуму ўслых, да гэтых штовячэрніх споведзей, што ўжо не мог без іх абысціся. Яе ўвага, яе шчырая зацікаўленасць памагалі яму думаць; часта, прыпыніўшыся на паўслове, ён пачынаў рыцца ў кнігах, у часопісах, рабіць нейкія запісы або проста мераць пакой хуткімі кароткімі крокамі, смалячы цыгарэту за цыгарэтай.
Ён усур’ёз сцвярджаў, што некалькімі сваімі найбольш значнымі працамі, якія прыцягнулі ўвагу буйнейшых радыілагаў не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі, абавязаны жонцы, яе ўменню слухаць. Яна паблажліва ўсміхалася, але ёй гэта было прыемна.
Яна ўмела слухаць, і ў выдавецтве неяк адразу заўважылі гэта. Дзяўчаты — карэктары, малодшыя рэдактары, давяралі ёй свае сардэчныя тайны, жанчыны расказвалі пра мужоў і дзяцей, мужчыны — пра работу, пра цешчаў і футбол, «стралялі» ў яе траячкі і пяцёркі да палучкі. Бібліятэка займала даволі вялікі пакой, цесна застаўлены скрынкамі каталогаў, паліцамі з кнігамі і даведнікамі, туды ледзь упіхнулі для Ірыны маленькі пісьмовы столік. Пры ёй і дзякуючы ёй бібліятэка стала для супрацоўнікаў нечым накшталт клуба. У рэдакцыях сядзелі цесна, па чатыры-пяць чалавек, работа складаная, патрабуе ўвагі і цішыні, асабліва не пагаворыш. У калідоры таксама доўга не пашвэндаешся, як бачыш нарвешся на каго з начальства. Дзе ж адвесці душу, дзе ж прымераць абнову, толькі-толькі набытую ў магазіне «Алеся», дзе абмеркаваць шанцы мінскага «Дынама» застацца ў вышэйшай лізе? Вядома, у бібліятэцы. А зазірне хто, раскрый таўшчэзны том, які заўсёды пад рукой,— дзе ж тая праклятая формула, якую табе трэба тэрмінова праверыць, таму што без такой праверкі ты не рэдактар, а чорт ведае што, і рукапіс не пойдзе ў набор, і сарвецца графік, і паляціць план, і лясне прагрэсіўка, і наогул зямля сыдзе з арбіты і пачне круціцца ў другі бок. А Ірына Мікалаеўна… О, гэтая мілая Ірына Мікалаеўна! Усё яна бачыць, усё чуе, і нікуды яно далей за яе не пойдзе, хоць ты яе на кавалкі рэж. I кафейнік электрычны булькае ў яе на керамічнай падстаўцы, і так пахне свежай кавай, што аж у носе казыча, і лішні кубачак заўсёды знойдзецца, маленькі, з напарстак, але ж хто п’е каву паўлітровымі слоікамі, мы ж усё-такі інтэлігенты, і горка пячэння, і заварныя пірожныя або кавалак торта для тых, хто яшчэ не задумваецца, да якіх трагічных вынікаў усе гэта прыводзіць жанчыну, калі ёй перавальвае за трыццаць…
На ўсё выдавецтва быў толькі адзін чалавек, які поўнасцю ігнараваў і клуб гэты, і ўтульную, амаль дамашнюю атмасферу ў ім, і магчымасць адвесці душў ў гаворцы з прывабнай жанчьшай, і самую жанчыну гэту,— Арсен Міхайлавіч Жураўскі. Нельга сказаць, каб ён не карыстаўся бібліятэкай, не такі ўжо быў энцыклапедыст, каб усё насіць у галаве, але — толькі карыстаўся. Заходзіў, браў патрэбнае выданне, нёс да сябе ў рэдакцыю, удакладняў ці правяраў, што трэба было праверыць або ўдакладніць, і аддаваў, падзякаваўшы кароткім кіўком галавы. Ірыну гэта бянтэжыла і нават здзіўляла. Каб быў Арсен Міхайлавіч якім ваўкалакам, нелюдзімам, замкнёным у сабе іпахондрыкам, усё было б зразумела. Дык жа не! Быў ён мужчына вясёлы і кампанейскі, вакол яго ў калідоры, куды Жураўскі і выходзіў пакурыць, звычайна адразу ж збіраліся людзі, і Ірына часта моршчылася, калі да яе далятаў іх рогат. Дзяўчаты прыбягалі ў бібліятэку, хапаючыся за жываты: ну і анекдот выдаў Арсен Міхайлавіч, памерці можна! Уяўляеце, прыехаў чалавек з курорта, паказвае калегам групавы здымак і каменціруе: «Вось з гэтай прыгажуняйі я спаў, з гэтай — мой прыяцель, а вунь з той — гэты ёлупень…» Раптам адзін з супрацоўнікаў з жахам заўважае на здымку сваю жонку. «А гэтая,— запінаецца ён,— гэтая... таксама з некім спала?» — «Не,— адказвае,— ведаеш, брат, надзіва сумленная жанчына, як з мужам прыехала, так з мужам і дадому паехала…»