3
Ірына ведала Валянціну Іванаўну Жураўскую — халодную ганарыстую прыгажуню з вачыма рысі, яна была дырэктарам школы, дзе вучыліся Сярожка і Аленка. Дзеці, асабліва Сярожка, у якога яна ў сёмым і восьмым класах вяла ўрокі рускай мовы і літаратуры, захапляліся ёю. «Яна так цікава расказвае,— гаварыў Сярожка,— і так зразумела, што нават самае нуднае правіла запамінаеш. I наогул, які Валянціна Іванаўна дырэктар?! Дырэктары строгія, злосныя, а яна на ўсе нашы зборы ходзіць і на класныя гадзіны, і гуляе з намі, і спявае… А які ў яе голас, мамачка, ты б толькі паслухала! Як у опернай спявачкі. Нашы дзяўчынкі кажуць, што Валянціна Іванаўна раней была вядомай артысткай, а потым нешта здарылася, і яна пайшла ў школу. А калі мы паехалі ў падшэфны калгас на бульбу, дык усе настаўнікі пасталі на ўскрайку поля каля вогнішча, а яна ўзяла вядро — і разам з намі ў баразну. Тут ужо давялося і ім ручкі запэцкаць, нідзе не дзенешся…»
Ірына ведала, што Валянціна Іванаўна ніколі не была славутай спявачкай, што працавала ў школе ўсё сваё жыццё, але пераконваць Сярожку не стала — дзеці заўсёды рамантызуюць любімых настаўнікаў, навошта ж разбураць іх веру.
Вучыўся Сярожка добра, быў ціхі і сарамяжлівы, асаблівых турбот Ірына з ім не мела. Але аднойчы, калі хлопец быў ужо ў восьмым класе, яе тэрмінова выклікалі ў школу.