Выбрать главу

Яна не ішла — бегла: што здарылася? Можа, няшчасце? Ёй і ў галаву не прыходзіла, што Сярожка здольны натварыць нешта такое, за што яе могуць выклікаць у школу.

Натварыў…

Сын, чырвоны, пануры, стаяў у кабінеце Валянціны Іванаўны і камячыў у руках сшытак, дырэктар сядзела за сталом і нешта пісала.

— Прыйшлі?— не адказаўшы на прывітанне, сказала яна.— Папытайцеся ў вашага сыночка, за што настаўніца выгнала яго з класа, чаму яна заявіла мне: або ён, або я?! I ведаеце, я схільна пакінуць яе. Добрыя матэматыкі, а Маргарыта Паўлаўна цудоўны матэматык! — на дарозе не валяюцца, а такіх абібокаў, як ваш сынок, столькі, што мы ад іх адбіцца не можам.

Разгубленая, усхваляваная, Ірына не звярнула ўвагі на зневажальны тон, на абразлівыя словы: амаль восем год хлопец добра вучыўся, займаў першыя месцы на розных спаборніцтвах, алімпіядах… Нават калі ён і вельмі правінаваціўся, дык усё ж непедагагічна так…

— Сярожка, сынок, што здарылася?

Сын перасмыкнуў плячыма.

— Нічога, мама, не хвалюйся. Хадзем у калідор, я табе ўсё раскажу.

— Ты гэта зробіш пры мне,— адрэзала Валянціна Іванаўна.

— Вы ж усё ведаеце…— нясмела запярэчыў Сярожка: відаць, не хацелася хлопцу яшчэ раз адчуць сябе нікчэмнай казяўкай пад яе строгім позіркам.

— Нічога, паслухаю яшчэ раз.

— Як хочаце,— зусім па-даросламу ўздыхнуў ён.— Разумееш, мама, на ўроку мне перадалі запіску. Ад адной дзяўчынкі…

— Вось бачыце! — перапыніла яго Валянціна Іванаўна.— Яму ўжо дзяўчынкі запісачкі пішуць, вашаму герою. А ці не зарана?

— Валянціна Іванаўна…— Сярожка ўскінуў галаву, вушы ў яго гарэлі.— Калі вы мяне яшчэ раз перапыніце, я больш не скажу ні слова.

— Ну, ну,— стукнула Валянціна Іванаўна далонню па стале.— Гонару ў нас хапае. Хоць адбаўляй. Расказвай.

Але Сярожка ўжо не мог гаварыць. Ірына бачыла, што ён вось-вось заплача, і прыгарнула сына да сябе, але ён самалюбіва адштурхнуў яе руку.

— Можа, вы мне раскажыце,— папрасіла Ірына.— Баюся, што ад яго цяпер будзе мала толку.

— Гэта так,— адказала дырэктрыса і пабарабаніла пальцамі.— Набедакурыць яны ўмеюць, а як адказ трымаць, дык язык да зубоў прыліпае. Яму перадалі запіску, настаўніца, вядома, убачыла і забрала яе. Самі разумееце: ідзе ўрок, кожная хвіліна на ўліку, па матэматыцы ў іх экзамен, а тут запісачка… Дык ведаеце, што ён зрабіў? Выхапіў у яе гэту пісульку з рук. Маргарыта Паўлаўна ледзь не ўпала, добра, што паспела схапіцца за парту. I так паводзіць сябе савецкі вучань, камсамолец!

— I што было далей?

— Вам гэтага мала? Калі ласка. Маргарыта Паўлаўна сказала, каб ён папрасіў прабачэння. Але ж ён у вас горды. «За што? Тайна перапіскі ахоўваецца законам!»

— А хіба гэта няпраўда? — не вытрымаў Сярожка.— Каб яна паклала яе на стол… Навошта было разгортваць? Не ёй жа пісалі…

— Бачыце, які законнік! Штурхаць настаўніцу, вырываць у яе з рук… Вось Маргарыта Паўлаўна і выставіла яго за дзверы. Я спадзявалася, што сама пераканаю яго папрасіць прабачэння і мы неяк замнём канфлікт, улічваючы, што здарылася з ім такое ўпершыню. Але ж вы паспрабуйце яго пераканаць…

Ірына сёе-тое ведала пра Маргарыту Паўлаўну: калі яна сама яшчэ працавала ў школе, ёй расказвалі пра таленавітую выкладчыцу матэматыкі, у якой адзіны сын захварэў на поліяміэліт і ляжыць прыкуты да ложка. Калі ў сям’ю прыйшла бяда, нягоднікам аказаўся муж Маргарыты Паўлаўны — кінуў з хворым сынам і некуды з’ехаў. Усе вельмі шкадавалі яе, надламаную горам і несправядлівасцю. Ці ж варта дзівіцца, што характар у яе за гэтыя гады сапсаваўся: як жа ёй цяжка, беднай, кожны дзень важдацца са здаровымі вясёлымі дзецьмі, калі яе ўласны сын, іхні аднагодак, асуджаны на пакуты!

Ірына ўспомніла ўсё гэта і тое, як дрэнна сын гаварыў пра матэматычку: ледзь што, крычыць, лаецца, аж у вушах звініць ад гэтага крыку! Яна нават не здагадвалася, што ён гаворыць пра Маргарыту Паўлаўну, Сярожка ніколі не называў яе імя, а выкладаць у іх яна пачала толькі з трэцяй чвэрці, падмяніла Зінаіду Якаўлеўну, якая пайішіа ў дэкрэтны адпачынак. Успомніла і сказала:

— Сярожка, сынок, а вы хоць ведаеце, якое няшчасце ў Маргарыты Паўлаўны?

— Якое? — здзівіўся сын.

Яна расказала. Валянціна Іванаўна стаяла каля акна павярнуўшыся да іх спінай.

Сярожка не паверыў.

— Гэта праўда, мама? Ты не прыдумала гэта?

— Хіба можна такое прыдумаць,— уздыхнула Ірына.— Вядома, не трэба на ўроку займацца запісачкамі. Але ж і яна чалавек. А вы такія жорсткія і такія бессардэчныя…