— Добра,— сказаў Сярожка,— я папрашу яе дараваць мне. Я ні ў чым не вінаваты, але папрашу. Я не ведаў пра яе сына, мама, і ніхто ў нас не ведае. Яна больш не будзе на нас крыўдаваць, павер.
Ён выйшаў, набычыўшыся, зусім як Аляксей Пятровіч, калі той быў нечым заклапочаны; Ірына аж падзівілася ў душы іхняму падабенству.
— А вы самі… вы не маглі яму пра гэта расказаць? — ціха спытала Ірына: ад хвалявання ў яе перасеў голас.— Ці, можа, вы і самі не ведаеце?
— Гэта спекуляцыя на пачуццях дзяцей,— рэзка павярнулася яна.— Хворы сын — папрашу прабачэння, здаровы — не папрашу. Вы хоць уяўляеце, да чаго гэта можа прывесці?
— Уяўляю,— гнеўна адказала ірына.— Між іншым, я таксама скончыла педінстытут і сёе-тое разумею ў педагогіцы…
— Разумееце… Так многа, што паспяшаліся ўцячы са школы,— падкалола Валянціна Іванаўна — і адкуль толькі ведала…
— Гэта, прабачце, мая асабістая справа, дзе працаваць. Але перахопліваць і чытаць… чытаць чужыя запіскі, нават калі іх пішуць падлеткі,— сорамна і недастойна педагога. Думаю, што і вы з гэтым згодны, толькі выгляду не падаяце, бо вам трэба ўсімі сродкамі абараняць сваю школу, сваіх настаўнікаў. Але чаму за гонар вашай школы павінны расплачвацца нашы дзеці? Я шчыра спачуваю Маргарыце Паўлаўне, але ж і ёй не варта было гэта рабіць. Даруйце, з вашага дазволу я пайду, мне яшчэ трэба на работу.
Валянціна Іванаўна нічога не адказала, і Ірына выйшла з кабінета. Пастаяла з хвіліну пад дзвярыма 8 «Б», дзе вучыўся сын,— даравала яму настаўніца ці не? Чалавек, які сам зведаў гора, доўга злосці не трымае, відаць, даравала, інакш Сярожка ўжо стаяў бы ў калідоры, а так у класе ціха, за дзвярамі чуваць рэзкі голас Маргарыты Паўлаўны, якая тлумачыць нейкую тэарэму: алгебру ён прагуляў, прастаяў у кабінеце Валянціны Іванаўны, добра, што хоць трапіў на геаметрыю. Можа, і правільна, што клас будзе ведаць, як ёй жывецца, яны ж ужо амаль дарослыя, могуць і паспачуваць, і памагчы, і зразумець. Вядома, сама яна пра гэта ім не скажа, але тая ж Валянціна Іванаўна магла сказаць, магла… Скакаць і спяваць з дзецьмі ў яе і час знаходзіцца, і ахвота, а вось пагаварыць, каб людзьмі раслі, каб чужы боль як свой уласны адчувалі —- ні ахвоты, ні часу…
Больш яны не сустракаліся цэлы год, аж да вечара, які мясцком выдавецтва наладзіў для супрацоўнікаў напярэдадні майскіх святаў у рэстаране «Папараць-кветка»; нават на ўручэнне пасведчанняў аб заканчэнні васьмі класаў Ірына ўгаварыла схадзіць Аляксея Пятровіча, прыкінулася хворай.
Да гэтага вечара ў выдавецтве рыхтаваліся з добры месяц. Выпусцілі жартоўную насценгазету, даўжынёй метраў пяць, з малюнкамі, з фотаздымкамі, падрыхтавалі вясёлы капуснік… Ірына Мікалаеўна была ў цэнтры ўсіх падзей, бібліятэка стала штабам «вясёлых і дапытлівых».
Супрацоўнікі папрыходзілі з жонкамі, з мужамі, было тлумна і весела. Іграў аркестр, доўгія, пастаўленыя літарай «П» сталы аж угіналіся пад цяжарам бутэлек і закусак. Ірына з Аляксеем Пятровічам сядзелі насупраць Жураўскіх, мужчыны адразу ж пазнаёміліся, нечакана для Ірыны, страшэнна зацікавіліся адзін адным і на перапынку нават выйшлі на веранду, каб ніхто не перашкаджаў іх размове, і ёй на правах гаспадыні давялося займаць Валянціну Іванаўну: гутарыць, знаёміць з іншымі супрацоўнікамі і супрацоўніцамі, узяўшы пад ручку, прагульвацца па зале.
Непрыязныя адносіны да Жураўскай у Ірыны на гэтым вечары толькі ўзмацніліся. Бясспрэчна, жанчына яна была прывабная: высокая, па-дзявочы стройная, добра складзеная, з цвёрдым сухаватым тварам і ўмела падмаляванымі шэрымі вачыма, над якімі ўздымаліся паўкружжы тоненька вышчыпаных чорных броваў. Доўгая, аж да кончыкаў лакірак на высокіх абцасах, вячэрняя сукенка з чорнага бліскучага панаксаміту з глыбокім выразам на грудзях падкрэслівала прыгожыя формы, белую, яшчэ не пабітую маршчынкамі скуру, вільготны бляск белых, як зубчыкі часнаку, зубоў. Але ва ўсёй яе паставе, у тым, як яна размаўляла, крышку схіляючы да правага пляча галаву,— коратка, безапеляцыйным тонам, які не дапускаў пярэчанняў; як ішла — быццам сама сабе, крыштальную, фарфоравую несла на падносе; як смяялася — гучна і ненатуральна, каб прыцягнуць да сябе ўвагу,— ва ўсім адчувалася натура жорсткая, мэтанакіраваная і эгаістычная, якая прывыкла камандаваць, кіраваць, быць у цэнтры ўсіх падзей, лічыцца толькі са сваімі думкамі і жаданнямі альбо, у крайнім выпадку, з думкамі і жаданнямі тых, хто на службовай лесвіцы стаяў хоць на адну прыступку вышэй за яе. Яна была прыгожая, але халодная, як лядыш, і Ірыне раптам стала шкада нязграбнага крываносага чорта, які пражыў з гэтым ледышом цэлае жыццё, больш за дваццаць гадоў: божа літасцівы, якое ж гэта было, напэўна, няўтульнае і бязрадаснае жыццё! Нездарма ён ходзіць такі абшарпаны. Вось хто, напэўна, эмансіпіраваны дык эмансіпіраваны! Цікава, на якое ліха ёй патрэбен муж, ды яшчэ такі няўклюдны? Каб мець статус замужняй жанчыны? Для такіх жанчын страшэнна важна — мець статус! Ну і ну…