Выбрать главу

Абедзве рабілі выгляд, што даўно забыліся на тую даўнюю сутычку з-за Маргарыты Паўлаўны. Каб госця не сумавала, Ірына загаварыла пра школу. Валянціна Іванаўна з радасцю падхапіла. Гэта была адзіная тэма, якая цікавіла яе. Увесь доўгі перапынак, пакуль мужчыны размаўлялі, а моладзь танцавала, Жураўская расказвала пра сваю школу, пра тое, як цяжка і складана цяпер у школе працаваць, як яе любяць дзеці і бацькі і паважае начальства і як дрэнна, што ў настаўнікі ўсё меней ідуць мужчыны, з жанчынамі немагчыма працаваць, толькі і глядзяць як бы ўцячы да сваіх пялёнак і каструляў… Фемінізацыя, акселерацыя, сацыяльная няспеласць, небяспечны ўзрост, ранняя цікаўнасць да сексу, разбэшчанасць сучаснай моладзі, шкодны ўплыў замежных фільмаў і тэлебачання…— словы сыпаліся з яе, як гарох з дзіравага мяшка, яны складаліся ў жалезныя фармуліроўкі, за якімі адчувалася самаўпэўненае ўсёведанне, а не пакутлівы роздум над тым, што ж на самой справе адбываецца з дзецьмі, якіх яна вучыць, з настаўніцамі, якія пакідаюць школу і ўцякаюць на заводы і будоўлі, з мужчынамі, якія не хочуць туды ісці. Ірына ўмела слухаць, але нават яна стамілася ад гэтага славеснага патопу, увесь сэнс якога заключаўся ў самавыхваленні. «Я… мне… мяне… мною… пра мяне…» — кожны яе сказ так і стракацеў гэтым асабовым займеннікам ва ўсіх склонах, хаця па тым энтузіязме, з якім Валянціна Іванаўма гаварыла, па фанатычным бляску вачэй адчувалася, што яна сапраўды апантана, самааддана любіць сваю нялёгкую работу і бачыць у ёй галоўны сэнс свайго жыцця. Ірыне аж прыкра стала ад гэтай апантанасці, яна раптам адчула сябе здрадніцай, што некалі кінула школу, шукальніцай лёгкага хлеба, абывацелькай — і з палёгкай уздыхнула, калі ўсіх зноў паклікалі да стала і падышлі Аляксей Пятровіч з Арсенам Міхайлавічам.

«А яна ж таксама цецярук ці як там… цяцерка. Цяцерка на такавішчы. Не, глупства, цяцеркі не такуюць, значыць, цецярук,— думала Ірына, скоса назіраючы, як па-гаспадарску — не чакаць жа, пакуль да гэтага датумкаюць мужчыны,— Валянціна Іванаўна паклала сабе на талерку заліўной рыбы, вяндліны, яшчэ нейкіх закусак, наліла ў бакал халоднай мінеральнай вады і пачала з апетытам есці.— Два цецерукі, пэўна, чорт не адну пару лапцей стаптаў, пакуль падабраў такіх мужа і жонку. Толькі ў яе свая песня, а ў яго — свая, абое спяваюць і не чуюць адзін аднаго. А можа, чуюць, што я пра іх ведаю?.. Чужыя далёкія людзі, як зоркі на небе, што мне да іх? Вось закончыцца вечар, і мы будзем сустракацца гады ў рады: добры дзень… як справы?.. як здароўе?.. ну, да новай… I з ім гэтак жа, хоць мы і бачымся амаль кожны дзень. Нічога я пра іх не ведаю і ведаць не хачу, проста не падабаецца яна мне, а Жураўскага чамусьці шкада. Сучасная дзелавая жанчына, хіба яна адна такая?.. Колькі я іх бачыла, сучасных дзелавых жанчын: спачатку справы, потым усё іншае, калі, вядома, на іншае застануцца час і сілы… а іх звычайна не застаецца,— чаму яны так не падабаюцца мне? Можа, я зайздрошчу ім, іхняй энергіі, іхняй грамадскай значнасці, пачуццю ўласнай годнасці, што аж перапаўняе іх, ненатоленай празе камандаваць, вырашаць пытанні, лёсы, выносіць прысуды, фармуляваць канцэпцыі… Я ж сапраўды побач з ёю — звычайная мяшчаначка: дом, сям’я, цікавая кніжка, часам кіно, тэатр, а найбольш тэлевізар, працую «ад» і «да» і не бачу ніякай патрэбы фетышызаваць сваю працу, уносіць у яе залішні энтузіязм, фанатычную апантанасць. Так, звычайная мяшчанка, але не хацела б я працаваць з такім дырэктарам, ой не хацела б! Бедныя настаўнікі, якімі яна камандуе, колькі ж яна крыві з іх высмактала… I Жураўскі бедны, і бедны іх сын Андрэй. Ён, напэўна, вырас без маткі, у яе ж дзве з паловай тысячы вучняў, дзве з паловай тысячы дзяцей, дзе ж ты за імі выбераш часу на аднаго…»

Вечар удаўся на славу: размаўлялі, спявалі, танцавалі. Валянціна Іванаўна выйшда да аркестра і праспявала некалькі беларускіх народных песень, усе доўга ёй апладзіравалі. Ірына назірала за Жураўскім, ён сядзеў бокам да яе і глядзеў на жонку, задзёршы сваю бародку; выраз твару ў яго памякчэў, стаў нейкі задуменны, летуценны. Арсен Міхайлавіч шчыра любаваўся жонкай, асветленай пражэктарамі, сапраўды падобнай на оперную спявачку, і ў яго бязгучна рухаліся чырвоныя вусны. I Ірына раптам убачыла тое, чаго не бачыла раней, у што не верыла, калі ёй гаварылі: Жураўскі не проста непрыгожы, ён абаяльна непрыгожы. Той драўляны чорт у музеі — ён жа таксама быў абаяльны, нездарма з яго ніхто не смяяўся, з другіх рагаталі, а ім любаваліся. «Вечар маленькіх адкрыццяў»,— паблажліва падумала яна, яшчэ не ведаючы, не ўяўляючы, чым абернецца для яе гэта адкрыццё праз нейкі час.