Выбрать главу

Развітваліся доўга, запісалі адрасы, тэлефоны: Жураўскія жылі побач, у суседнім доме, абяцалі хадзіць у госці, разам сустракаць святы. Ірына ведала — не пойдзе, ніколі не пойдзе, хай ходзіць Аляксей, яго справа, вунь яны аж абдымаюцца з Арсенам Міхайлавічам, нажлукціліся абодва, як цуцыкі. Аказваецца, Жураўскі таксама з’ехаў з глузду на акварыумных рыбках, і гэтага ім было дастаткова, каб прагаварыць цэлы вечар, пасябраваць і ўжо сёння дамаўляцца, каб заўтра сустрэцца!

Домоў прыехалі на таксі. Сярожка і Аленка ўжо спалі.

— Цудоўны мужык,— гаварыў Аляксей Пятровіч, распранаючыся,— ну проста цудоўны, скажу я табе, мужык гэты ваш Арсен Міхайлавіч. Чаму ты мне ніколі пра яго не расказвала, пра розных эскімосаў расказвала, а пра яго не. Каб ты ведала, як мы хораша пагаварылі! Даўно я не сустракаў людзей, якія так багата ведаюць, так багата бачылі. Уяўляеш: ён быў на Камчатцы і Чукотцы, падымаўся на дзеючыя вулканы і ледзь не ўтапіўся з рыбакамі ў Ціхім акіяне…

— А як табе яго жонка? — спытала Ірына.

— Жонка? — Аляксей Пятровіч разгублена паляпаў сябе па кішэнях, шукаючы запалкі: Ірына зразумела, што ён не звярнуў на Валянціну Іванаўну ўвагі.— Ну, што табе сказаць… Прыгожая. I спявае хораша. Але як на мой густ, дык ты лепшая. Звары, калі ласка, моцнай кавы.

Шчасліва засмяяўся, цмокнуў Ірыну ў шчаку і пайшоў у ванную, пад халодны душ.

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

1

Ірына нервова паглядзела на гадзіннік: Жураўскі позніўся. Можа, сустрэў Лаўрыновіча і загаварыўся з ім... Не так і цяжка паверыць. Гэта толькі лічыцца, што жанчыны — балбатухі, сярод мужыкоў балбатуноў куды больш. Хлебам не кармі, а дай абмеркаваць вынікі чэмпіянату свету па хакеі ў Мюнхене або шанцы нашых футбалістаў трапіць на Алімпійскія гульні ў Манрэаль. А што жанчына чакае, нервуецца… ну, што ж, не ўпершыню жанчыне чакаць.

Чайнік ужо быў халодны, і яна зноў запаліла газ. На нізенькім часопісным століку талерачка з бутэрбродамі з «Рамонку» — з кілбасой, з вяндлінай і нават — далікатэс! — з асятрынай. А яна ўжо думала, што адзіная рыба, якая засталася на свеце,— гэта марожаны хек, аказваецца, яшчэ і асятры дзе-нідзе водзяцца. Праўда, і кошт адпаведны, але ж для такога выпадку… Што там яшчэ? Два кубкі з Алаччынага кафейнага сервіза — даруй, сяброўка, пастараемся не разбіць! — растваральная кава, цукар у цукарніцы, цыгарэты, попельніца. Што яшчэ? Віно? Кветкі? Як у лепшых публічных дамах Лондана і Парыжа… Толькі гэтага мне і не хапала.

Што гэта са мной, падумала яна, села ў крэсла і прыаснула рукі да скроняў. Божа літасцівы, мне ж не пятнаццаць год, я наперад ведаю ўсё, што мяне чакае, я сама заварыла гэтую кашу — навошта? Усе ў выдавецтве лічаць мяне яго каханкай, нават Алачка, а ў мяне ж ніколі не было ад яе сакрэтаў. Нават яна не паверыла, што паміж намі ніколі нічога не было. Ну, цалаваліся, як цалуюцца добрыя сябры пасля доўгай разлукі,— хіба так цалуюцца мужчына і жанчына, якія кахаюць адно аднаго, якія адно без аднаго жыць не могуць?.. Мы ж увесь час на людзях, як за вітрынай універмага, куды ні паглядзі, усюды людзі, людзі, людзі… Нават у лесе; ліха яго ведае, хіба толькі дзе ў Сібіры, у глухой тайзе знойдзеш мясцінку, дзе можна не баяцца, што з-за суседняй сасны або елкі вытыркне нос няўрымслівы грыбнік: а што гэта вы тут робіце, людзі добрыя? — у нас такіх мясцін няма. Ды і часу мы не мелі для далекіх паездак. Ждановічы, Вяча, Мінскае мора… ілюзія адзіноты. Нават у дождж паўсюдна туляюцца нейкія цікаўныя. Вядома, даўно можна было папрасіць ключы ў той жа Алачкі, ледзь не кожны тыдзень яна ездзіць у вёску да дачкі і з ахвотай пусціла б мяне, але ў мяне чамусьці ніколі не хапала на гэта рашучасці. Раней, да Арсена, я не была такой баязлівай, але ж раней мне і ў галаву не прыходзіла, што гэта так сур’ёзна. Жарт, гульня, прыгода, кампенсацыя за нуднаватае служэнне Чумакову — было пра што думаць! Толькі з Арсенам я зразумела, што каханне не жарт і не гульня, а лёс. Пэўна, таму я і не адважылася раней папрасіць у Алачкі ключы ад яе кватэры — не хацела, каб Арсен думаў пра мяне як пра чарговую палюбоўніцу. Кахання хацела, чысціні, наіўнай, рамантычнай дзяўчынкай сябе адчуваць хацела. Вось чаму нешта агіднае, пошлае бачылася мне ў такіх просьбах — як холадна абдуманае і спланаванае забойства. Відаць, адна справа — забіць у стане афекту, а другая — абдумана, хаця забойства і ёсць забойства, у якім бы стане ты на яго ні пайшоў, гэтаму няма апраўдання. А ўсё ж такі і людскі суд, і закон ацэньваюць іх па-рознаму. Папрасіць на два дні ключы — і гаварыць, і думаць пра каханне. А папрасіць на месяц — якая розніца? Але я і не прасіла! Алачка сама прапанавала мне паліваць час ад часу яе гартэнзіі, я проста з радасцю згадзілася, зразумеўшы, як цудоўна нам з Арсенам будзе ў яе кватэры; відаць, мая радасць і выдала мяне. Але ж і платанічнае каханне — гэта глупства, вогнішча тухне, калі ў яго не падкідаць дровы. Я адчувала, што яно дагарае, маё вогнішча, і хацела раздзьмухаць агонь, вось што мяне сюды прывяло. Напэўна, ён сам павінен быў паклапаціцца пра гэта, мужчыну заўсёды прасцей, але ён і пальцам не варухнуў, каб знайсці нейкае выйсце, відаць, яго ў пэўнай ступені задавальнялі нашы адносіны. Як быццам нешта ёсць і ў той жа час нічога няма. Зручна, нічога не скажаш.