Выбрать главу

У Алачкі быў нейкі навамодны чайнік — са свістком. Закіпеўшы, ён гучным свістам паведамляў пра гэта гаспадыні. Вельмі зручна, падумала Ірына і павярнула ручку газу, трэба будзе і мне гэткі ж купіць.

Яна наліла сабе кубачак кавы, села ў глыбокае ўтульнае крэсла… і апынулася ў аўтобусе, які ў канцы жніўня мінулага года вёз іх у Дудары.

Ірына ледзь не спазнілася — залезла ў аўтобус, калі шафёр ужо нецярпліва сігналіў. Жураўскі трымаў ёй месца наперадзе і весела крыкнуў: «Сюды, Ірына Мікалаеўна!» Яна паставіла сумку ў праходзе і плюхнулася побач з ім.

— А я ўжо думаў, што вы не прыйдзеце.— Жураўскі пагладзіў сваю бародку.— I так нешта сумна стала…

— Няўжо? — усміхнулася яна.

— Праўда, праўда. Не ведаю, што гэта такое, але даўно ўжо я не адчуваў сябе такім шчаслівым.

— I я таксама,— ціха адказала яна і адчула, што чырванее.— Можа, вы пусціце мяне да акна?

— Калі ласка.

Яны памяняліся месцамі, а аўтобус ужо бег па вуліцах, прабіраўся праз бясконцыя святлафоры да Слуцкай шашы.

3 другіх выдавецтваў ехала найобольш моладзь. Ірына з Жураўскім ды яшчэ Пятро Гудкоўскі былі намнога старэйшыя за ўсіх. Моладзь дурэла, рагатала, расказвала анекдоты. А потым, як выехалі за горад, Алесь Захарэвіч, прыгожы чарнявы хлопец з рэдакцыі літаратуры на замежных мовах, дастаў з чахла гітару і заспяваў з’едлівую песню Высоцкага пра тую самую бульбу, на якую яны ехалі:

Товарищи ученые, доценты с кандидатами,

Замучились вы с иксами, запутались в нулях,

Сидите там и разлагаете молекулы на атомы,

Забыв, что разлагается картофель на полях.

Жураўскі яшчэ не чуў гэтай песні, яна ўразіла яго сваім гумарам і дасціпнасцю, і ён прагна лавіў кожнае слова. Калгаснікі заклікалі вучоных ратаваць бульбу. Годзе рэзаць сабак, час узброіцца рыдлёўкамі і паказаць сапраўдны патрыятызм…

Товарищи ученые, кончайте поножовщину,

Бросайте ваши опыты, едрит и ангидрит,

Садитесь-ка в автобусы и валяйте к нам в Тамбовщину,

А гамма-излученне денек повременит.

Гэта была песня пра іх. Яны таксама кінулі сваю работу, як кінулі яе дзесяткі тысяч гараджан: рабочыя, інжынеры, будаўнікі, студэнты: «денек повременит!» А што, і праўда «повременит», хоць колькі металу, вугалю, квадратных метраў жылля, кніжак не атрымае дзяржава. Але нічога, без гэтага можна жыць, а вось прыхопіць бульбу маразамі — і загіне, а гэта ж другі хлеб і для чалавека, і для жывёлы… Тым больш што песня абяцала поўную ўзаемавыручку і дапамогу:

Товарищи ученые, не сумлевайтесь, милые,

Коль что у вас не ладится, ну, там, не тот аффект,

Мы мигом к вам эаявимся с лопатами и вилами,

Денечек покумекаем и выправим дефект.

Пацешная, а дакладней, горкая і злосная была песенька, усе адразу вывучылі яе, і спявалі хорам усю дарогу, і рагаталі так, што ў аўтобусе дрыжалі шыбы, а стары сіваваты шафёр адно галавой круціў: спявайце, спявайце, вось пойдуць дажджы, развязе гразь, пахаладае, як вы тады заспяваеце, «едрит и ангидрит»…

Жураўскі рабіў выгляд, што пазірае ў акно, а сам прагна глядзеў на яе, і Ірыне было ніякавата пад яго па-дзіцячы шчырым, поўным захаплення позіркам. Так, ён захапляўся ёю і не хаваў гэтага. Яна ведала, што сёння і сапраўды прыгожая як ніколі: вельмі пасавалі ёй блакітны спартыўны касцюм з шырокімі белымі палосамі і чырвоная касынка, вузельчыкам завязаная ззаду. Трошкі ўжо забытае адчуванне бязмежнай улады над мужчынам прыемна ўзбуджала. Было такое адчуванне, быццам стаіш на высокаЙ гары і цябе з усіх бакоў абвявае свежы вецер: і прыемна, і да прастуды недалёка.

Дудары, Дударыкі, брыгада калгаса «Старасельскі»... Маленечкая вёсачка, тры дзесяткі старых гарбатых хат у шнур каля чыстай, як сляза, Пцічы, берагі якой густа параслі вербалозам. Некаторыя хаты ўжо забітыя дошкамі, з выдранымі вокнамі, гнілымі паваленымі платамі, з пахілымі, быццам ім хрыбты паламалі, дахамі, з панадворкамі, дзе раскашуюць лебяда і крапіва. Нечакана шыкоўны клуб у прыгожым недагледжаным парку; парк захаваўся яшчэ з панскіх часоў, некалі тут быў маёнтак, ад якога цяпер і друзу не засталося. Блакітны фінскі домік на краі прасторнага, як вокам ахапіць, выгану; там для шэфаў абсталявалі сталоўку. Старыя занядбаныя могілкі на ўзлессі, на высокім пясчаным грудку, засмечаныя, неабгароджаныя, з шэрымі, зарослымі мохам магільнымі плітамі, з чорнымі пахілымі крыжамі, трухлявымі пірамідкамі і такім нечаканым, такім чужым усяму гэтаму беласнежным мармуровым помнікам, што аж сэрца заходзіцца ад болю. Парэзаная трактарамі і цяжкімі машынамі дарога, непралазная ў дажджы, і вузенькія сцежачкі абапал…