Выбрать главу

П’яненькі брыгадзір з чырвоным носікам-журавінкай, як качка, куляючыся з боку на бок, развёў шэфаў па хатах. Ірыну і карэктарку Наташу Смялкоўскую ўзялі на пастой дзве старыя кабеты, што жылі на самым краі вёскі; іх суседзі, жвавая, бойкая на язык даярка Аўгіння і яе маўклівы пануры Цімох, які даглядаў калгасных коней, далі прытулак Жураўскаму і Алесю Захарэвічу.

Першы дзень так і пратапталіся: уладкоўваліся, хадзілі адзін да аднаго ў госці. Потым сабраліся ў сталоўцы, пазносілі ўсе свае прыпасы, разам паабедалі, моладзь села гуляць у карты і ў даміно, а Ірына з Жураўскім пайшлі знаёміцца з наваколлем. Глядзець асабліва не было чаго — збажыну з палёў ужо ўбралі, і яны былі голыя, сумныя, з вялізнымі сціртамі саломы на ускрайках, сям-там заараныя пад зябліва; па пожні, яшчэ не кранутай плугам, хадзілі каровы; тры буслы, як пастухі, бядзяліся між імі, высока падымаючы чырвоныя ногі, і раз-пораз коратка клекаталі.

Яны паназіралі за бусламі, а потым пайшлі на могілкі — прыгожы мармуровы помнік ціха свяціўся ў густой зеляніне дрэў і кустоўя, у ім была нейкая згадка, таямніца, яна непакоіла Ірыну. Жураўскі нешта гаварыў пра людскую пыху і безгустоўшчыну — хіба можна ставіць такі помнік сярод сіроцкіх крыжоў? — але Ірына не слухала яго. Яны прайшлі па сцежцы паміж закінутых магілак — ад некаторых засталіся толькі грудкі пяску, парослага травой забыцця, і падняліся на гару, і ўбачылі вялікую жалезную агароджу, адкрытыя веснічкі і дзвюх старых, якія сядзелі на лавачцы там, унутры агароджы. Ірына пазнала сваіх гаспадынь, цётку Мальвіну і цётку Рахілю. Вечаровае сонца асвятляла іх твары, дробныя, маршчыністыя, аднолькавыя чорныя хусцінкі на іх галовах, цёплыя шарсцяныя кофты і доўгія спадніцы. Кабеты сядзелі, склаўшы на каленях чорныя парэпаныя рукі, і думалі нейкія свае думы, і, відаць, звыкла ім было тут сядзець і глядзець, як сонечныя промні лашчаць белы мармур і ён ружавее, цяплее, быццам адагрэты чалавечым дыханнем. На помніку золатам было ў слупок напісана:

Тут пахаваны:

Апанас Мікітавіч Ткачук, 48 гадоў.

Роза Восіпаўна Ткачук, 19 гадоў.

Ларыса Ткачук, 4 месяцы.

Загінулі ад рук фашысцкіх катаў

28 кастрычніка 1941 г.

За агароджай ляжала горка пустазелля, відаць, старыя прапалолі кветкі. За кветкамі не было відаць зямлі, толькі вузенькая сцежачка да лавачкі. Ружы, вяргіні, гладыёлусы, шорсткая лістота півоняў… Божа мой, падумала Ірына, гэта ж колькі трэба папацягаць сюды вады, каб усё гэта жыло, расло, квітнела… Бедныя цёткі, гэта магіла, відаць, адзінае, што ў іх засталося, яна нейкім чынам і злучыла, знітавала дзве іхнія жыткі.

Ірына прыклала палец да вуснаў і пацягнула Жураўскага за рукаў. Ціхенька, каб не патрывожыць жанчын, яны спусціліся з узгорка і пайшлі ў вёску.

А вечарам цётка Мальвіна частавала іх сопкай бульбай з халодным малаком, а цётка Рахіля, седзячы каля стала і падпёршы галаву рукою, расказвала, час ад часу спыняючыся, каб перавесці дыханне, гісторыю гэтага помніка.

…Перад самай вайной адзіны сын Мальвіны і Панаса Лявон Ткачук прывёз у Дудары, да бацькоў, жонку Розу, з выгляду зусім яшчэ дзяўчо, дробненькую, з вялікім жыватом: Роза ўжо чакала дзіця. Матка і бацька не маглі даўмецца, чым узяла іх прыгожага белагаловага асілка-сына гэтая чарнявая пігаліца. Хіба чорнымі як смоль валасамі — цяжкая тоўстая каса адцягвала Розе галаву, і маладзіца выкладвала яе высокай каронай. Ці то вейкамі, доўгімі і пяшчотнымі, як крылы матылька? Ці вялізнымі вачыма, чорнымі і глыбокімі? 3 ціхай тугой глядзелі тыя вочы на свет, быццам прадчувалі горкую долю сваю. Хто яго ведае, толькі кахаў сваю жонку Лявон без памяці. Возьме на рукі, як дзіця, і носіць, а яна пакладзе яму галоўку на плячо, прыціснецца і смяецца — быццам срэбраны званочак звініць.