Лявон быў лётчыкам, лейтэнантам, служыў на Далёкім Усходзе, недзе на краі свету. Там ён і знайшоў сабе жонку, і прывёз на тыдзень да бацькоў, пагасціць. На вяселяе бацькі не ездзілі, хоць і запрашалі іх, дужа ж далёка, ды і гаспадарку не было на каго пакінуць. Вось маладыя і пагасцявалі чатыры дні, а на пяты пачалася вайна, і Панас адвёз на кані Лявона ў Пухавічы, да цягніка, каб той мог як найхутчэй дабрацца ў сваю часць, а Роза засталася. Намнога раней часу ў яе пачаліся роды, куды ж яе было везці.
— Не хвалюйся, сынок,— сказала Мальвіна і пацалавала Лявона на дарогу.— Няхай народзіць, трошкі ажыве, акрэпне, а там мы з бацькам яе самі адправім. Ёй у нас будзе добра.
Роды былі цяжкія, Панас з мястэчка фельчарку прывёз, ледзь яны ўдзвюх з Мальвінай далі рады. Дзіцятка нарадзілася слабенькае, неданошанае, у Розы пачалася пасляродавая гарачка — сербанулі Панас і Мальвіна ліха. Нават не заўважылі, як немцы прыйшлі. Праўда, у Дударах іх не бачылі. Жылі людзі як жылі. Адно што калгаса не стала, але на работу хадзілі, і збажыну зжалі, і бульбу выбіраць пачалі…
На пачатку кастрычніка даляцела ў Дудары жудасная вестка: немцы і паліцаі сагналі з усіх навакольных мястэчак яўрэяў і пастралялі ў закінутым гліняным кар’еры. Панас прывёз з Пухавіч лістоўку. Тым, хто хаваў яўрэяў, яна пагражала расстрэлам і канфіскацыяй маёмасці, тым, хто паказваў уладам, дзе хто яшчэ хаваецца, абяцалі ўзнагароду: два фунты солі за галаву, хоць за дарослага, хоць за дзіцёнка,— з соллю ў вёсках было кепска…
У хляве ў Панаса быў глыбокі склеп, там ён і схаваў нявестку з унучкай. Зрабіў палок, каб было дзе спаць, нанасілі старых кажухоў і падушак, запалілі ліхтар. Завалілі века сенам — як і не было. Пацярпі, дачушка, пэўна ж, хутка прагоняць гэтых вылюдкаў. А па вёсцы пусцілі чутку, нібыта Роза забрала дзіцятка і падалася ў Мінск — недзе там жыла яе родная цётка.
Некалькі разоў на дзень Мальвіна, зачыніўшы на зашчапку вароты, спускалася ў склеп, насіла нявестцы паесці, бутэлькі з гарачай вадой: памыцца, абагрэцца… У склепе было сыра і холадна, яна з жахам думала, што будзе зімой: замерзнуць абедзве. У Розы ўваліліся вочы, косы свае яна абрэзала, каб не завяліся вошы; змарнелая, знясіленая, сама яшчэ дзіця, яна гушкала на руках сваю Ларысу — Лявон, ад’язджаючы, сказаў: калі будзе дзяўчынка, назаві Ларысай, а хлопчык Віцем, быў у яго ў эскадрыллі сардэчны сябар Віктар Шумілін, і Мальвіна сплывала слязьмі, гледзячы на іх і думаючы пра іхні лёс.
Дваццаць восьмага кастрычніка гэта было… 3 раніцы Мальвіне наказалі, што ў яе стрыечнай сястры Зосі вялікае гора: дзесяцігадовы сын падарваўся на міне, і яна пабегла за сем вёрст на хутар Расцерабы, дзе жыла Зося, і амаль цэлы дзень пратаўклася там, а душа ў яе разрывалася ад болю, але яна не ведала, адкуль той боль, думала, гэтак Зосю шкада.
…Тыя прыехалі раніцай утрох на матацыкле: два паліцаі з мясцовых — адзін, Грышка Варывончык, некалі вучыўся з іхнім Лявонам, яны нават сябравалі і разам марылі паступіць у лётнае вучылішча, але Грышка не прайшоў медыцынскую камісію, у яго сохла левая нага; другі Антон Казлоўскі — былы калгасны шафёр; у саракавым ён прапіў машыну жыта, і яго засудзілі; відаць, немцы выпусцілі, вось ён і стараўся ім аддзячыць,— і нейкі немчык, дохленькі, дробненькі, паўтара метра з шапкай. Мундзір вісеў на ім, як на пудзіле, тонкія ножкі боўталіся ў шырокіх халявах. Нічога страшнага не было ў тым немчыку, хіба што аўтамат і вялізная аўчарка, шэрая, з белай грудзінай, пры ім. Паліцаі вывалаклі Панаса на падворак і доўга білі — дапытваліся, дзе хавае яўрэйку з яе выблядкам, а немчык курыў убаку, пасцёбваў сябе дубчыкам па боце і з цікавасцю азіраўся.
Скрываўлены Панас маўчаў. Тады немчык пусціў аўчарку. Відаць, яна была натрэніраваная шукаць людзей — ужо праз якую хвіліну суседзі, што збегліся да сядзібы Ткачукоў, пачулі з хлява яе шалёны брэх.
Грышка вывалак Розу на двор, штурхнуў да Піліпа, вырваўшы з рук дзіця, ударыў яго галоўкай аб шула. Нема закрычала Роза і кінулася да паліцая, але немчык павёў аўтаматам, і яна ўпала як падкошаная, а Антон стрэліў у Панаса. Затым яны загадалі суседзям выгнаць з хлява карову, кабанчыка, палавіць курэй і ўсё гэта даставіць у мястэчка, аблілі хату газай, падпалілі і паехалі на сваім матацыкле: Антон за рулём, Грышка ззаду, немчык з аўчаркай у калясцы.
А нехта з вёскі атрымаў ва ўправе чатыры фунты солі — шэрай, скамянелай: новыя ўлады сваё слова трымалі. Вось толькі так і не даведаліся людзі — хто…
Калі Мальвіна вярнулася дамоў, яе хата ўжо пайшла дымам у неба, толькі чорная печ засталася, і ў той печы за засланкай стаялі гарачая капуста і вялікі чыіун з бульбай. А ў двары пад яблыняй ляжалі яе Панас, і Роза, і скрываўленая коўдрачка, у якую было захутана дзіцятка.