Відаць, ад жаху Мальвіна страціла розум, бо нічога не помніла: як пахавалі іх, што там далей было. Зося забрала яе да сябе, і яна жыла, як у сне, і жыла, і не жыла, нешта рабіла, а больш сядзела ў кутку з заплюшчанымі вачыма і ціхенька пяяла адну і тую ж песню:
А пад гаем, гаем,
Гаем зеляненькім,
Там арала дзяўчыніца
Канём вараненькім.
Арала, арала
У тры баразёнкі,
Засеяла, запахала
Траякія зёлкі…
У ліпені сорак першага цётка Рахіля атрымала ад Лявона пісьмо. Ён пісаў, што Роза засталася ў яго бацькоў, прасіў яе не турбавацца: старыя палюбілі нявестку, неяк прыгледзяць. Беларусь ужо захапілі немцы, і страх за дачку сціскаў яе сэрца. Праз тры гады, ужо аплакаўшы і лётчыка-зяця, і пехацінца-мужа, і старэйшага сына, таксама лётчыка, яна паехала шукаць вёсачку Дудары, і адна толькі думка валодала ёю: а раптам дачка ацалела?.. У Дударах яе надзея памерла. Яна знайшла Мальвіну, выклапатала ёй пенсію за сына, адвезла ў бальніцу. Пакуль яе лячылі, цётка Рахіля выпісала ў сельсавеце лесу і пабудавала хату на старым, парослым дзядоўнікам і палыном пажарышчы, каб да скону быць каля дарагой магілы. Больш не было ў яе магіл, дзе можна паплакаць, аблегчыць душу,— на ўсіх трох лістах, што Рахіля атрымала, значылася: «прапаў без вестак»: хто тады ведаў, дзе магілы лётчыкаў, якія згаралі ў небе, уразаліся са сваімі падбітымі самалётамі глыбока ў зямлю, хто іх хаваў, а муж яе склаў галаву недзе пад Масквой, калі не да жывых было, не тое што да загінуўшых.
У Хабараўску Рахіля прадала вялікі дом, грошы ў яе былі. Хапіла і на хату, і на нязвыклы для гэтых мясцін помнік. Гадоў пяць яна шукала бела-ружовы мармур, але знайшла. I людзей знайшла, якія паставілі яго, і агароджу зрабілі, пасадзіла кветкі. Даўно вярнулася з бальніцы Мальвіна, хадзіла на ферму, а Рахіля — у бухгалтэрыю, яна была рахункаводам, так яны ўдзвюх і датоптвалі свой век. Трымалі карову, падсвінка, дзесятак курэй, садзілі гарод, быў пры хаце і сад. Днём працавалі, а ўвечары ішлі на могілкі. Летам даглядалі кветкі, зімой змяталі з магільнай пліты снег. Жылі… Цяпер вось на пенсіі, але ў калгас яшчэ ходзяць. Як не хадзіць, зусім жа няма людзей…
…Астыла бульба на стале ў глінянай місцы, ужо не курылася духмянай парай, некранутае стаяла ў тоўстых белых кубках малако,— Ірына, Арсен, Алесь Захарэвіч і Наташа Смялкоўская слухалі гаротную споведзь жанчыны, і кавалак не лез ім у горла. I Мальвіна, седзячы на ўслончыку каля печы, слухала Рахілю, і ківала сівой галавой у хустачцы, і моўчкі варушыла губамі. Яна не плакала, і цётка Рахіля не плакала, толькі ўздыхала цяжка і коўтала, коўтала нешта, што не давала ёй дыхаць, і пракаўтнуць не магла. Ужо добра сцямнела, але запальваць святло не хацелася; так яны і сядзелі ў прыцемках, пакуль мужчыны не пайшлі да сябе.
Капаць бульбу яшчэ не пачыналі, і брыгадзір не ведаў, што рабіць з такой процьмай народу — вечнае наша бязладдзе, імкненне як найхутчэй адрапартаваць, а там хоць трава не расці. Паслаў выбіраць гуркі, памідоры — абы з вачэй далоў. I гуркі, і памідоры буйна зараслі пустазеллем, але і жоўтых пераспелых гуркоў і чырвоных памідораў было многа, куды болей, чым на дагледжаных дачных градах, відаць, ім лацвей было ў траве. Дзень стаяў сонечны, ясны, любата, а не работа. Праўда, Ірына к вечару разагнуцца не магла, так балела паясніца, але стома не прыгнятала, тым больш што побач увесь час быў Жураўскі,— мужчыны падносілі пустыя скрынкі і адносілі да дарогі поўныя, і на ўсё поле скавытаў транзістарны прыёмнік Пятра Гудкоўскага — ах, як добра, як хораша было Ірыне, як яна радавалася, што не адмовілася ад гэтай паездкі.
У абед Жураўскі на выгане знайшоў шампіньёны. Палікаў усю каманду, і за якія паўгадзіны набралі два кашы белых крэпенькіх грыбоў, пачысцілі, натушылі з бульбай і смятанай; з поля прынеслі гуркоў, памідораў — курорт. А вечарам Арсен з Ірынай пайшлі на прырэчную лугавіну.
…Ірына ўспомніла асклізлую кладку — два бярвенцы, перакінутыя цераз раку. Месяц яшчэ не ўзышоў, было цёмна, над рэчкай слаўся туман. Недзе пад нагамі глуха шумела вада: перад вайной тут быў млын, немцы спалілі яго, узарвалі запруду, засталіся толькі абгарэлыя па́лі, яны тырчалі з вады, як зубы ў нейкага страшыдлы; па́лі абраслі доўгімі бародамі водарасцей, зялёных, нябачных цяпер; днём Ірына бачыла, як яны сцелюцца па вадзе, як між імі сноўдаюць маленькія рыбкі. Пасярэдзіне ракі ёй раптам стала млосна, яна загайдалася, Жураўскі схапіў яе за руку і хуценька вывеў на бераг. Рука ў яго была дужая, цёплая, і Ірына супакоілася.