Выбрать главу

У пятніцу вечарам апошнім рэйсам з’ехалася да бацькоў нядаўняя вясковая моладзь. Ажылі старыя хаты, загула, зашумела ціхая вуліца. Бадзяліся п’яныя, чапляліся да дзяўчат, ледзь не дайшло да бойкі.

У клубе ішоў фільм «Ляцяць журавы». Ірына бачыла яго ўжо некалькі разоў. Светлая і шчымлівая гісторыя кахання, якое абарвала вайна, глыбока кранала яе, падабаліся маладыя Баталаў і Самойлава — Вераніка, і яна ўгаварыла Жураўскага (а ўрэшце, яго і ўгаворваць не прыйшлося) схадзіць у кіно.

Сеанс быў прызначаны на восем, але і на пачатку дзевятай вакол клуба не было ні душы. Толькі некалькі падшыванцаў бегалі па парку, гулялі ў казакоў-разбойнікаў. Вокны цёмныя, дзверы замкнёныя. Арсен і Ірына пастаялі на ганку і хацелі ўжо ісці да сталоўкі, дзе весялілася выдавецкая моладзь, калі з’явілася дзяўчына-кінамеханік. Відаць, служба адарвала яе ад стала, бо дзяўчына далікатна закрывала рот далонькай, каб не дыхаць на іх, але Жураўскі ўсё роўна адчуў востры пах «Яблычнага», і нешта балюча сціснула яму сэрца. Што ж гэта робіцца, калі вось такое дзяўчо, учарашняя школьніца, ужо назюзюкалася, куды ідзём і куды прыйдзем?

Убачыўшы, што іх толькі двое, дзяўчына ўзрадавалася. Вось каб было пяць чалавек, тады сеанс можна пускаць, а двое… Білет каштаваў дваццаць капеек, Жураўскі даў ёй два рублі: лічы, што ў цябе не пяць гледачоў, а дзесяць. Дзядзька, узмалілася дзяўчына, я сама вам пяцёрку дам, ідзіце спаць, га?! Ну, што вам гэта кіно, вы ж яго, напэўна, сто разоў бачылі, і па тэліку паказвалі. Каб гэта была «Анжэліка» або «Бадзяга», а то знайшлі што глядзець… Вой, як жа ёй, беднай, не хацелася лезці ў сваю будку! Ірына пасмейвалася, Арсен быў няўмольны. Каб ён быў свой, вясковы, паслала б яго дзяўчына, надта не саромеючыся, але Жураўскі быў чужы, прыезджы, яшчэ напіша скаргу, выганяць з работы, і яна, ледзь не з плачам, адчыніла клуб.

У клубе было надзіва чыста і ўтульна: ведама ж, тыднямі стаіць на замку. Патухла святло — і зноў чужое жыццё стала іхнім жыццём і чужыя пакуты — іхнімі. Спяваў, галасіў, скакаў, граў на гармоніках, курчыўся ад болю і тугі вялізны натоўп на пероне, праводзіў сваіх сыноў, бацькоў, каханых на фронт, і бегла паўз жалезную агароджу Вераніка, сэрцам адчуўшы, што больш ніколі, ніколі, ніколі… і, у журботнай жалобе звесіўшы галіны, кружыліся бярозы ў шырока расплюшчаных вачах маладога хлопца, і прадчуванне канца ўжо засцілала іх смяротнай тугой.

Каля сталоўкі яшчэ зыркала вясёлае полымя вогнішча, у начной цішыні адтуль даляталі пераборы гітары Алеся Захарэвіча. Ён спяваў песню Булата Акуджавы, і яна так адпавядала іхняму настрою, што Жураўскі сціснуў Ірыніну руку, і яны замерлі на высокім ганку клуба. «Ах, война, что ж ты, подлая, сделала…» — жаліўся, прыгаворваў чысты хлапечы голас; Алесю было столькі ж гадоў, колькі таму, хто застаўся ляжаць у бярозавым гаі, хто сам стаў зямлёй: «И лишь земля пребывает вовеки…»

Аж да трэціх пеўняў Арсен і Ірына бадзяліся па ваколіцах аціхлай, соннай вёскі, не сказаўшы адно аднаму і дзесятка слоў, і ім было добра хадзіць і маўчаць: што словы ў параўнанні з бязгучнай гаворкай сэрцаў?! Буйная раса лягла на траву, і зоркі засеялі неба, быццам яго прастрэлілі кулямі з буйнакалібернага кулямёта, і акрайчык месяца чаўночкам плыў у недасягальнай вышыні, заліваючы зямлю халодным трапяткім святлом, і ляніва брахалі сабакі: пэўна, нешта нядобрае снілася ім. I ўдзячнасць за гэта маўчанне, пяшчота і салодкі боль перапаўнялі Ірыну. Яна ведала: мінуць гады, няўмольны лёс можа раскідаць іх па розных кутках, ператварыць каханне ў абыякавасць і нават варожасць, але назаўсёды ў душы, у памяці яе застанецца чароўнасць гэтай ночы, адчуванне прыгажосці і паўнаты жыцця, вера, што шчасце — не прыдумка дзівакоў.