Выбрать главу

Цяпер яны ўжо зусім мала гулялі вечарамі: нязвыклая да цяжкай работы, Ірына вельмі стамлялася. А тут яшчэ дажджы пайшлі, нудныя, асеннія, гразюку развезла — нагі не выцягнеш. Адзін за адным пачалі ламацца камбайны, на поле пусцілі капалкі, а за імі падбіраць бульбу куды цяжэй. «Курорт» скончыўся, усе з нецярплівасцю чакалі змены.

Некалькі разоў за гэтыя два тыдні Ірына бегала ў абед на пошту, у Парэчча, званіла дадому. Жураўскі хадзіў разам з ёю, але не званіў. Яна папікала яго: там жа трывожацца, няўжо цяжка пазваніць, хіба цябе не цікавіць, як там сын, жонка… Арсен хмура адмоўчваўся: ніхто пра мяне не думае, нікому я не патрэбен. Валянціна радуецца, што няма, пачатак навучальнага года, работы — не перарабіць; пэўна, днюе і начуе ў сваёй школе. У Андрэя хапае сваіх турбот… абыдзецца. Але яна адчувала, што ён толькі характар паказвае, а сам сумуе па іх: панылы стаў, засяроджаны. Узяўся памагаць цёткам Мальвіне і Рахілі: разам з Алесем у вольны час накасіў добры стажок атавы, папрасіў у брыгадзіра каня і разагнаў бульбу, падрамантаваў пахілены плот…

Ірына шкадавала яго і сябе шкадавала: не кахай жанатага. Шчасце як бліскавіца, мільганула — і няма, а гора — як асенняя ноч…

Ёй раптам так нясцерпна захацелася туды, у Дудары, усхапілася б, і пабегла на аўтавакзал, і ўбілася ў перапоўнены аўтобус, але яна ведала, што няма дарогі нззад, што не уваскрасіць мінулага, як не ўвайсці двойчы у адну і тую ж раку. Амаль год мінуў з таго часу, як яны вярнудіся з бульбы, амаль год яны неяк падтрымлівалі цяпельца, што так абагрэла іх тады, але Ірына адчувала, што яно тухне, што вуголле паціху пакрываецца шэрым попелам, Штучнасць, ненатуральнасць іх адносін: не каханне і не сяброўства — колькі гэта магло цягнуцца? Калі гэта каханне, значыць, трэба разводзіцца і на руінах дзвюх сем’яў ствараць трэцюю, калі сяброўства — дык навошта гэтае глупства, гэтая чужая кватэра, гэтыя пацалункі і абдымкі, з якіх пацяшаецца ўсё выдавецтва? Паглядзі праўдзе ў вочы: сітуацыя безнадзейная, як неаперабельны рак. Ты здолела б кінуць Сярожку, Аленку і Чумакова дзеля Жураўскага? Баюся, што не. Не таму, што не адважылася 6 памяняць спакойнае, наладжанае і сытае жыццё на беспрытульнае цыганскае — якраз гэта мяне і не палохае. I не людская пагарда, не людское асуджэнне. Дзеці… Як падзяліць дзяцей? Чумакоў усё зразумее, зразумее і даруе, такі ён чалавек, але як растлумачыць гэта Сярожку і Аленцы? А Арсен? Я ж ведаю: ён ніколі не кіне сваю жонку. Ён прыкуты да яе нябачнымі ланцугамі, о, як добра я зразумела гэта; ён ненавідзіць свае ланцугі, як іх ненавідзяць усе рабы на свеце, і ўсё жыццё будзе імкнуцца іх парваць, але ратуй божа, каб гэта яму некалі ўдалося. Ён вельмі доўга пражыў у рабстве ўласных пачуццяў; раб, адпушчаны на волю, не ведае, што з ёю, з воляй, рабіць; праходзіць нейкі час, зусім невялікі, і ён пачынае люта сумаваць па сваім ашыйніку, і жалезныя ланцугі ўжо здаюцца яму шаўковымі стужкамі.

Навошта мне ўсё гэта, божухна, навошта? Абнясі нас абаіх гэтай горкай чашай, не дай адпіць з яе, уратуй нашы душы ад тугі па незваротным…

Пачуўся званок. Ірына скаланулася, абудзіўшыся ад сваіх думак. На пальчыках прайшла ў калідор, зірнула ў вочка. Арсен. Нарэшце… Павярнула ў замку ключ.

— Заходзь хутчэй, дзе ты так доўга бадзяешся?

— А куды спяшацца? — легкадумна адказаў ён і крануўся халоднымі губамі яе шчакі.— Ты ж сказала, што твой на дзяжурстве.

— Але, акрамя яго, у мяне есць дзеці,— разцражнённа адказала Ірына, прапускаючы яго ў пакой.

Жураўскі зайшоў, спыніўся каля дзвярэй і ўбачыў за шклом кніжнай паліцы партрэт маладога Блока. Ён пазнаў бы гэты партрэт з соцень такік жа: колькі бясконца доўгіх гадзін праляжаў ён некалі на Алаччынай тахце, углядаючыся ў тонкія рысы твару паэта, у яго ледзь прыжмураныя задумлівыя вочы. Пад левым вокам была глыбокая драпіна, Алачка ўсё збіралася занесці партрэт мастакам, каб партрэт падрэтушыравалі, ды так, відаць, і не выбралася. Вось гэтая белая драпінка, яна перакрэсліла скроню і губляецца за вухам, у густых і кудлатых валасах. Неяк стала пуста і зябка, і халадок папоўз, папоўз па целе, толькі не знізу ўверх, як бывае, калі заходзіш у халодную ваду, а зверху ўніз.