— Гэта кватэра Чмялёвай? — глуха спытаў Арсен, не адводзячы вачэй ад партрэта.
Ірына пачырванела.
— Адкуль ты…— Усё зразумела і аж сцялася ад нечаканага болю.— Ты…
— Я жыў з ёю,— адказаў ён, і на доўгай шыі яго, пад задранай бародкай, таргануўся востры кадык.— Даўно. Пяць… не, шэсць гадоў назад. Мы нават думалі пажаніцца. Але ў нас нічога не атрымалася…
Аглушаная, Ірына моўчкі глядзела на яго. Арсена быццам падмянілі. Перад ёю, звесіўшы рукі, стаяў панылы разгублены стары з шэрым, у глыбокіх маршчынах тварам, з невідушчымі бельмамі-вачыма і недарэчнай пярэстай бародкай. Яе быццам варам абліло ад агіды, і яна здагадалася чаму. Яна яшчэ нічога не ведала, толькі здагадалася, але праз імгненне яе здагадка перайшла ва ўпэўненасць, Шэсць гадоў назад… Ну, так, шэсць…
Яна выпрасталася, быццам нябачны цяжар зваліла з плячэй, з сэрца, і ўздыхнула лёгка і вольна, на поўныя грудзі.
— Няпраўда, Арсен, што ў вас нічога не атрымалася. У вас атрымалася дачка.— Узяла з пісьмовага стала каляровы фотаздымак Наташы, падала яму.— Паглядзі, якое прыгожае дзіцятка, толькі цяпер я ўбачыла, як яна падобная на цябе. Тваю дачку завуць Наташа, яна жыве ў Алаччынай маці, у вёсцы Навасёлкі. Калі не памыляюся, гэта недзе пад Ракавам.
Яна гаварыла і не зводзіла з яго вачэй. I па тым, як у Арсена задрыжалі пальцы, калі ён узяў здымак, як ён правёў рукой па твары, быццам праціраючы вочы, як ухапіўся за спінку крэсла, Ірына ўсё зразумела.
— Ты нічога не ведаў? Так, на Алачку гэта падобна. Калі ты яе кінуў?
— У чэ… у ліпені шэсцьдзесят дзевятага. Мы прабылі разам амаль два месяцы.
— У ліпені шэсцьдзесят дзевятага… А Наташа нарадзілася ў сакавіку сямідзесятага. Я віншую цябе, Арсен Міхайлавіч. А цяпер — ідзі. Ідзі, мне трэба замкнуць кватэру, нам не варта выходзіць разам.
— Добра,— прамармытаў ён, паклаў фотаздымак у запісную кніжку, узяў свой «дыпламат» і выйшаў, увабраўшы галаву ў плечы і па-старэчы шоргаючы нагамі. Дзверы пругка зашчоўкнуліся за ім.
Ірына прыбрала са стала, падфарбавала перад люстэркам губы.
— Вось і ўсё,— з палёгкай усміхнулася яна свайму адлюстраванню.— Бедная Алачка, як яна мяне ненавідзіць!.. Абдымала, цалавала, лашчылася, як кацяня, а сама, відаць, захлыналася ад злосці і рэўнасці. Ну што ж, з гэтым скончана. Назаўсёды.
3 люстэрка на яе глядзела яшчэ маладжавая і прывабная жанчына. Вочы прыжмураныя, вусны падціснутыя, адно чырвоныя плямы на твары ды на шыі выдаюць, чаго гэта ўсё ёй каштавала. Але гэта пройдзе. Усё пройдзе, няма нічога вечнага на зямлі, апроч пакут. Сказана ж у адной мудрай кнізе, што чалавек нараджаецца на пакуты, як іскра, каб ляцець угору.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ
1
Жалезны гараж Акімава нагрэўся на сонцы так, што ў ім не было чым дыхаць. Сам Акімаў спаў на варштаце, надклаўшы пад галаву скамечаны выхадны пінжак. Калашыны штаноў задраліся, і было відаць пратэзы: тоўстая карычневая скура, бліскучае жалеза шарніраў.
Акімаў хроп, і па шырокім потным твары яго поўзала муха. Час ад часу ён круціў галавой, каб прагнаць назолу, злосна чмыхаў, і тады муха спалохана ўзлятала, але амаль адразу ж вярталася зноў: відаць, яе прывабліваў пах вермуту за рубель сорак сем капеек,— а Акімаў не меў сілы падняць руку і прыбіць яе. Дзве пустыя пляшкі з-пад тага самага вермуту валяліся пад варштатам і сведчылі, што прачнецца ён не хутка.
Акімава чакала тэрміновая работа. У нядзелю пасля абеду ён павінен быў здаць кліенту поўнасцю адрамантаваную і пафарбаваную машыну. Клопату з ёю яшчэ была процьма, а Мікалай Сцяпанавіч прывык даражыць сваім словам і ніколі нікога не падманваў. Тым больш што аванс за работу ўжо быў атрыманы і выдаткаваны да апошняй капейчыны, і ён вельмі спадзяваўся на разлік.
Сярожка Чумакоў ведаў усё гэта і здагадваўся, што нажлукціцца сярод белага дня, пры такой запарцы, Акімава прымусілі нейкія выключныя абставіны. Заставалася толькі шкадаваць, што ён пайшоў у школу і не ведаў якія, Сярожка быў упэўнены: каб ён прыйшоў у гараж з раніцы, гэтага не здарылася б.
Ён стаяў на зэдлічку ў глыбіні гаража і наждачкай-нулёўкай, накручанай на драўляны брусок, здымаў з даху чырвоных «Жыгулёў» (колер «карыда») лішнюю шпаклёўку. Час ад часу ён мачаў свой брусок у слоік з газай, і тады Андрэй Жураўскі, які сядзеў каля адчыненых варот з падручнікам па гісторыі, адрываўся ад кнігі і круціў носам: ну і водар! Як ты там працуеш, у гэткім пекле! Ён усё яшчэ спадзяваўся ўгаварыць Сярожку кінуць работу і разам паехаць на Камсамольскае возера, а пакуль што ляніва гартаў падручнік і пазяхаў ад суму.