Чырвонымі «Жыгулі» можна было назваць толькі ўмоўна: увесь левы бок, капот і частка даху былі ў шэрых плямах шпаклёўкі. Шэрага было столькі, што на даху плямамі ўжо глядзелася чырвонае.
Сяргей працаваў у плаўках і в’етнамках на босую нагу. Пот заліваў яго твар, доўгія бялявыя валасы пацямнелі і збіліся ў кудлатую шапку. Дужае трэніраванае цела вільготна паблісквала, пад тонкай скурай, ужо кранутай першым вясновым загарам, у такт яго рухам перакочваліся тугія шары мускулаў. Андрэй раз-пораз скоса паглядаў на сябра і з зайздрасцю ўздыхаў: Апалон! Зімой ён сам скінуў каля дзесяці кілаграмаў лішняй вагі — і адзін толькі бог ведаў, якіх пакут гэта яму каштавала. А ў Сярожкі — ні грама тлушчу. Косці, мышцы, сухажыллі… Ведама, спартсмен. Ды яшчэ гараж… Папрацуй тут з тыдзень, усю лішнюю вагу згоніш…
— Дзе гэту тачку так знявечыла? — пацікавіўся Андрэй і закрыў падручнік.
Сяргей выцер анучкай рукі, выйшаў да адчыненых варот і шумна, глыбока задыхаў, выганяючы з лёгкіх атрутны пах газы і нітрашпаклёўкі.
— На Ракаўскай шашы, каля павароту на Тарасава. Гаспадар — лапух, рэзка тармазнуў на мокрым асфальце: сабака на дарогу выбег. А хуткасць — за сотню. Вось і загрымеў у кювет. А ты ж памятаеш, якія там кюветы… Метраў пад дваццаць! Як сам жывы застаўся…
— Сапраўды лапух! — усміхнуўся Андрэй.— Сабаку пашкадаваў… А помніш, у майго бацкі быў аналагічны выпадак? Толькі ўмяціна на бамперы засталася…
— Арсен Міхайлавіч яго не ўбачыў, інакш таксама тармазнуў бы. Ты не ведаеш, што гэта такое, калі табе пад колы кідаецца жывая істота. Тут не розум дзейнічае, а інстынкт. Страшнае адчуванне: зараз ты заб’еш… Ты не думаеш, што можаш сам загінуць, што могуць загінуць людзі, якіх ты вязеш, што ўшчэнт паб’ецца машына. Думаць пра гэта няма часу — імгненні… Нага цісне на тормаз — і з гэтым нічога не зробіш… Іншая справа: сіла, з якой ты ціснеш. Тут галоўнае — вопыт і разлік. Каб не заблакіраваць колы, бо тады машынай ужо немагчыма кіраваць. А гэты шафярок… Ён тыдзень назад атрымаў правы, які ў яго вопыт… А пёр, як аўтагоншчык на дыстанцыі.
— Я не верыў, што вы зробіце што-небудзь людскае з гэтай гары металалому, чэснае слова.
— Ды я і сам спачатку не верыў. Папацець давялося — будзь здароў. Асабліва дах. Адрыхтаваць скамечаны, сплюснуты дах, каб на ім нават блікаў не засталося,— гэта, брат, умее толькі Мікалай Сцяпанавіч. Я ўжо колькі часу за ім назіраю — нічога не магу зразумець. Ну, расцягнем дамкратамі — гэта проста, а вось умяціны… Здаецца, пастукай знізу рыхтовачным малатком, пагрэй газазваркай, і выправіцца. Чорта лысага! Трэба знайсці нейкую кропку, пункцік… часам зусім у іншым месцы, на рабры… Б’е або грэе там, а раўнуецца тут. Я ў яго колькі пытаў: як вы яе знаходзіце? Кажа: не ведаю.
— Маніць,— усміхнуўся Андрэй.— Усе яны, такія майстры, скрытныя, у кожнага свае сакрэты. Абцугамі не выцягнеш…
— Не маніць. Ад мяне ў яго сакрэтаў няма. Я ж бачу, як ён шукае. Ён праўда не ведае. Глядзіць, глядзіць, пальцамі гладзіць, нешта сабе пад нос мармыча… А потым раз — і гатова. Быццам у яго не пальцы, а рэнтгенаўскі апарат.
— Ты з гэтай тачкай зусім псрастаў вучыцца. Хутка экзамены, а ты…
— Неяк здам,— адмахнуўся Сяргей.— Лідка падкажа, Генка Мароз, а дзе і настаўнікі… Няма ім сэнсу двойкі ставіць. Выпхнуць. А тут… Не ведаю, што з Мікалаем Сцяпанавічам здарылася, ён жа звычайна пры такой рабоце ў рот не бярэ.
Андрэй паглядзеў у глыб гаража, дзе хроп на варштаце Акімаў.
— Харошы мужык, а прападае ні за грош. Дзікунства нейкае!
— Ніку шкада,— з горыччу сказаў Сяргей.— Яна ж таму і школу кінула, і працаваць пайшла, каб ад яго не залежаць. Паскуднае ў яе жыццё… Нам з табою і не снілася, што яна зведала.
— Ты ж не вінаваты. Нахапаеш троек, сярэдні бал — цю-цю… Паспрабуй куды-небудзь прабіцца…
— Там, куды я збіраюся прабівацца, на сярэдні бал не глядзяць. Глядзяць на рукі.— Сяргей выставіў вялікія дужыя рукі з абламанымі пазногцямі, у драпінах, у плямах ад шпаклёўкі і газы; на левай на вялікім пальцы пад пазногцем запяклася кроў: відаць, пацэліў малатком. Андрэй паглядзеў на іх, потым на свае, белыя, пульхныя, і перасмыкнуў плячыма.— Не ўсміхайся. Праз пяць год ты закончыш інстытут і пойдзеш праціраць джынсы ў якую-небудзь нудную кантору. А я куплю сабе вось такога «жыгулёнка». Шостую мадэль, суперлюкс. Тады мы і паглядзім, што больш важыць: твой залаты медаль ці мае рукі.