— Добра, добра,— згадзіўся Андрэй,— не будзем спрачацца. Як сабе хочаш. Толькі глядзі не спіся праз пяць год, як Мікалай Сцяпанавіч. Ён жа мог купіць ужо дзесяць «жыгулёнкаў», а ездзіць на «Антылопе-Гну».
— Мне гэта не пагражае,— упэўнена адказаў Сяргей.— Ты ж ведаеш, я нават піва не п’ю. Прынцыпова. Наглядзеўся на Акімава… Не хачу. А «Антылопа»… Навошта ж яму купляць «Жыгулі», калі «Запарожца» даюць бясплатна?! Кожныя сем гадоў новага. Добрая машына, асабліва ў яго руках. Лялечка…
3 пад’езда выйшла Аленка. Убачыла хлопцаў у варотах гаража, падбегла.
— Вось вы дзе! Сярожка, мама званіла, ідзі дадому.
— Хутка прыйду. Урокі зрабіла?
— Ага.
— Ну, тады пагуляй.
— Я хачу з табой.
— Тут брудна, запэцкаешся. Бяжы, я яшчэ трошкі памудрую.
Аленка пайшла да арэляў. Андрэй падняўся.
— Ну і пячэ. Можа, праўда, хопіць, Сярога? Плюнь ты на гэту самадзейнасць, давай з’ездзім на возера.
— Едзь, відаць, сам, дзед. Не магу, ты ж бачыш… Трэба да нядзелі ўсё закончыць. Грошы во як натрэбны.
— Многа?
— Многа.
— Навошта?
— Дваццаць сёмага ў Нікі дзень нараджэння. Разумееш, мы неяк гулялі па горадзе і зайшлі ў ювелірны. Там ляжалі завушніцы з бурштынам. Прыгожыя. У яе аж вочы загарэліся… Праўда, дарагавата, але… Толькі гэта між намі.
— Завушніцы з бурштынам? — У Андрэя ад здзіўлення бровы палезлі на лоб.— Слухай, Сярога, а яна цябе часам не пераблытала з Жоркам-мясніком са свайго магазіна? Гэта яму па кішэні такія падарункі, а не табе!
— Чаму ж? — усміхнуўся Сяргей.— Мая доля за гэту тачку дзве сотні. Яшчэ і застанецца..
— Усё роўна гэта праціўна.— Андрэй абцягнуў на сабе кашулю, паправіў гузікі.— Я падарыў Лідачцы Нячай на дзень нараджэння кніжку. Томік вершаў Верхарна за рубель трыццаць сем капеек. Яна была на сёмым небе ад шчасця. Залатыя завушніцы дораць жонцы або каханцы, а не дзяўчыне. Ты што… спіш з ёю? .
— Заткніся! — пабялеў Сяргей.— Чуеш?
— Мая маці яе ненавідзіць. I твая, здаецца, таксама. Каб ты толькі пачуў, што пра яе гавораць…
— Твая маці… Твая маці ненавідзіць усіх, акрамя круглых выдатнікаў і камсамольскіх актывістаў. Мяне не цікавіць, што гаворыць твая маці пра Ніку. I мая таксама: я ведаю яе лепей. I не ўздумай паўтараць мне іх словы — сапсую ўсю фотакартку.
— 3 тваімі кулакамі і першым разрадам па боксе гэта зусім нескладана, — адказаў Андрэй і пайшоў цераз двор да свайго дома, глыбока пакрыўджаны і абражаны: ніколі яшчэ Сярожка з ім гэтак не гаварыў. А той моўчкі паглядзеў яму ўслед, злосна плюнуў і зноў нырнуў у жалезнае пекла гаража.
Акімаў парушыў цвёрдае правіла ніколі не піць у час работы таму, што нечакана-негадана сустрэўся са сваім юнацтвам. Рэч гэта цяжкая і небяспечная, не кожны вытрывае. Не вытрываў, сарваўся і ён.
Учора раніцай, калі Мікалай Сцяпанавіч поркаўся ў гаражы, да яго прыехаў Арнольд Уладзіслававіч Левус, былы выкладчык фізкультуры і трэнер Веранікі: некалі, яшчэ ў школе, яна займалася гімнастыкай. Да нядаўняга часу Левус быў у іх частым, нават занадта частым госцем, што дало Акімаву падставу лічыць яго не толькі трэнерам, а і хахалем сваёй цялушкі-дачкі. Потым знік — ці пасварыўся з Веранікай, ці так кінуў, ліха іх ведае. Трошкі паплакаўшы і паперажываўшы, Вераніка пачала гуляць з Сярожкам Чумаковым. Вядома, гэта падабалася Мікалаю Сцяпанавічу куды болей, хоць ён даўно даў дачцэ поўную волю і не лез у яе справы: як пасцелеш, так і выспішся. Акімаў не любіў Левуса, а за што — і сам не разумеў: той не зрабіў яму нічога благога. Наадварот, ніколі не прыязджаў без бутэлькі, даставаў сякія-такія запасныя часткі, неабходныя Мікалаю Сцяпанавічу для работы, прывозіў кліентаў. Але ён адчуваў, бачыў, што Арнольд Уладзіслававіч разбэшчвае Вераніку, што нічога людскага ў іх не будзе, і шкадаваў яе: знайшла з кім скруціцца, дурніца безгаловая! Фанабэрысты барбос, фарцоўшчык, дзялок, ды і старэйшы за Ніку гадоў на дзесяць… Парачка: воўк ды ярачка, ведама, што ў іх там за трэніроўкі! Сярожка — іншая справа, добры хлопец, сціплы, сарамяжлівы, і рукі ў яго залатыя… Воля воляй, але ж трэба і нейкі розум мець!
Дык вось, прыехаў Левус, пра якога Мікалай Сцяпанавіч ужо і думаць забыўся, і папрасіў аб сяброўскай паслузе. Набліжаўся дзень нараджэння яго маці, і ўдзячны сын надумаў падарыць ёй дублёнку. А паспрабуй яе купіць, нават калі маеш грошы! Праблема, ды яшчэ якая! Ды аказалася, што вырашыць яе можна. У ЦУМ завезлі партыю фінскіх дублёнак, вельмі прыгожых, але даюць іх толькі інвалідам вайны. Левус і папрасіў, каб Акімаў заўтра падскочыў з імі ў ЦУМ. Там усё дамоўлена, скажа, што жонцы, запішуць нумар яго пасведчання — і ўсе клопаты. За турботы — паўсотні або скрынку «Вермудскага трохкутніка» (так Акімаў і яго сябры называлі малдаўскі вермут).