Мікалай Сцяпанавіч ведаў пра розныя льготы для інвалідаў вайны, але сам імі ніколі не карыстаўся. Неяк Вераніка папрасіла купіць залаты ланцужок (якая «разумная» галава ўключыла залатыя ланцужкі ў спіс дэфіцытных тавараў для інвалідаў, сказаць цяжка, але ёй, гэтай галаве, смела можна было прысудзіць першынства ў рэспубліканскім спаборніцтве бюракратаў, калі б такія спаборніцтвы праводзіліся), дык ён паслаў яе так далёка, што яна больш да яго не чаплялася. А тут, стары дурань, згадзіўся. Скрынка «чарніла» спакусіла — ніколі яшчэ не даводзілася Мікалаю Сцяпанавічу зарабляць грошы так лёгка: паехаў — прыехаў — і маеш.
— А як жа хоць завуць маю жонку? — паклаў ён на варштат рыхтовачны малаток і дастаў з кішэні пакамечаны пачак «Прымы».— А то папытаюць, а я і не ведаю. Во будзе смеху…
— Аксана Фёдараўна,— адказаў Левус.— Заўтра ў дзесяць мы з ёю заедзем па вас. Дамоўлена?
— Са скрынкай,— удакладніў Акімаў і падміргнуў.— Сам ведаеш: час, які мы маем, гэта грошы, якіх мы не маем.
Ён мог яшчэ ўчора пра ўсё здагадацца, варта было толькі трошкі паварушыць мазгаўнёй. Але яго галава была занятая знявечанай машынай: адрыхтаваць яе аказалася куды больш складана, чым яму падалося напачатку. А здагадацца ж было так проста… Арнольд Уладзіслававіч Левус. Уладзіслаў Левус… Уладзік Левус, лейтэнант узвода хімабароны. I Аксана… Ён не ведаў, як звалі Аксану па бацьку, ды гэта і непатрэбна было. Хапіла б таго, што Акімаў добра ведаў Уладзіка Левуса і Аксану Касцюк. Заставалася толькі ўспомніць, што Уладзік — мінчанін, а ён павінен быў гэта ўспомніць: яны ж так часта ўспаміналі разам родны горад! Акімаў павінен быў усё гэта ўспомніць, параўнаць і рашуча адмовіцца ад просьбы Арнольда Уладзіслававіча. I цяпер ён не валяўся б удрызг п’яны на варштаце ў выхадным касцюме, а працаваў: разам з Сярожкам шпакляваў бы, шліфаваў чужую машыну, рыхтаваў яе да афарбоўкі, каб у нядзелю, як і абяцаў, здаць гатовую гаспадару. Але ён, дурань, нічога не ўспомніў, не замкнуў ланцужок з імёнаў і прозвішчаў і ўліп, як муха ў патаку.
А навошта, навошта?.. Каму гэта трэба…
Яны прыехалі роўна ў дзесяць, як і дамаўдяліея. Пакуль Арнольд Уладзіслававіч даставаў з багажніка і адносіў у гараж скрынку вермуту, Акімаў глядзеў на жанчыну, якая сядзела на заднім сядзенні жоўценькага, як кураня, Левусавага «жыгуля». Ён адразу ж, хоць прайшло з таго часу, як апошні раз бачыў, трыццаць год, пазнаў яе. Пазнаў не вачыма, сэрцам: ніякія вочы не ўгледзелі б у выпеставанай кабеціне, шыкоўна апранутай і прычасанай, абчаплянай залатымі ланцужкамі, пярсцёнкамі і бранзалетамі, як навагодняя ёлка цацкамі, тоненькую чарнявую дзяўчыну ў белым халаце, цяжкіх кірзавых ботах і зухаватым берэціку. Нічога не засталося ў ёй ад тае дзяўчыны, кухаркі палявога шпіталя, дзе Акімаў лячыўся пасля кантузіі, хіба што прыпудраная карычневая радзімка над пераноссем,— доўга снілася некалі Мікалаю Сцяпанавічу гэтая пяшчотная радзімка… Ён пазнаў яе, і Аксана Фёдараўна пазнала: Акімаў зразумеў гэта па тым, як сцяўся і акамянеў яе твар, а вочы пацямнелі і звузіліся. Яна вылезла з машыны, ускінула галаву.
— Ты?
— Я,— адказаў ён і неяк дурнавата ўсміхнуўся, не ведаючы, куды падзець свае чорныя парэпаныя рукі, якія нават бензінам ужо немагчыма было адмыць.
— Мне сказалі, што ты загінуў.
— Як бачыш, жыву.
— Так…— прамовіла яна.— Вось дык сустрэча…
— Бывае,— быццам прабачэння просячы, хоць і не ведаў, за што, сказаў ён.— Ну як ты жывеш?
— Добра. А ты?
— I я…
Гаварыць больш не было пра што.
На яго шчасце, з гаража выйшаў Арнольд Уладзіслававіч. Энергічна пацёр руку аб руку.
— Ну што, па конях? — паглядзеў на іх, і вузкі твар яго яшчэ больш выцягнуўся.— Вы… знаёмыя?
— Знаёмыя… Некалі на адным сонцы анучы сушылі,— уздыхнуў Акімаў, узяў свой кіёк і палез у машыну.— Паехалі, у мяне няма часу.
— А можа… не трэба? — няпэўна сказала Аксана Фёдараўна.— Ліха з ёю, з той дублёнкай…
— Чаго там… паехалі,— азваўся Акімаў.— Жартачкі: скрынка вермуту… Трэба адрабляць.
Праз гадзіну Левус прывёз яго назад у гараж. Забыўшыся пераапрануцца, Акімаў замяшаў шпаклёўкі, узяў шпатэль. Мазнуў разы два ці тры па крыле машыны, загладжваючы ледзь прыкметныя пасля рыхтоўкі хвалі, кінуў шпатэль. Адкаркаваў пляшку «барматухі» — яшчэ і так называлі пойла, што прывёз Левус,— і паныла пабрыў па мінным полі ўспамінаў…