Выбрать главу

Сляпы выпадак зруйнаваў яго жыццё, яго лёс 9 мая 1945 года, якраз у той самы першы дзень доўгачаканага міру, калі для ўсяго астатняга чалавецтва яно, жыццё, толькі-толькі пачыналася.

Ясным сонечным ранкам гвардыі капітан Мікалай Сцяпанавіч Акімаў паехаў праз увесь Дрэздэн, недалёка ад якога закончыў вайну яго аўтабат, купацца на Эльбу — славутую нямецкую раку.

Аўтабат атабарыўся за горадам, у вялікім двухпавярховым доме-палацы, які стаяў у глыбіні старога парку. Дом быў пусты, яго гаспадары, відаць, збеглі да амерыканцаў ці да англічан. Яны так спяшаліся, бедныя, што ўсё засталося некранутае: шыкоўная мэбля, карціны на сценах у багатых залатых рамах, дываны на падлозе, тоўстыя кнігі ў зашклёных шафах… На чорным раялі з паднятым вечкам ляжалі разгорнутыя ноты; на вялізнай кухні, на паліцах, як салдаты на парадзе, стаяў разнастайны посуд… А можа, гаспадары яшчэ спадзяваліся вярнуцца?..

У двары быў гараж на тры боксы. Два былі пустыя, у трэцім хлопцы знайшлі новенькі «ролс-ройс». У баку машыны не было ні кроплі бензіну, вось чаму яе пакінулі.

«Ролс-ройс» выкацілі на сонца, і ўвесь аўтабат на чале са сваім камандзірам стоўпіўся вакол яго: большасць шафёраў і механікаў не бачылі такога цуду нават на малюнках.

Машына і сапраўды была прыгожая. Вялікая, як трамвай, яна зіхацела нікелем і чорным лакам, быццам толькі што сышла з канвеера. Магутны рухавік, пяць пярэдніх і адна задняя перадачы, шыкоўныя сядзенні, абабітыя чырвонай скурай, попельніцы ў дзверцах, радыёпрыёмнік, белыя каўчукавыя колы… Побач са старэнькімі ЗІСамі і «студабекерамі» аўтабата, якія зведалі і нашу бездараж, і асколкі нямецкіх бомб ды снарадаў, гэты легкавік здаваўся нечым казачным, несапраўдным, неверагодным. Вось на ім і ехаў Акімаў са сваімі хлопцамі на раку.

Салдат у «ролс-ройс» набілася, што пчол у вулей. Яны весела рагаталі, згадвалі розныя смешныя гісторыі,— маладыя, здаровыя, шчаслівыя — апошняе папаўненне, якое капітан Акімаў прыняў у красавіку, і яму было радасна думаць, што ўжо на гэтых падпісваць пахавальныя лісты не давядзецца.

Усё!

Кропка!

Вайна скончылася!

Мы перамаглі!

Нягледзячы на перагрузку, матор гудзеў роўна і мякка, цешыў вуха Акімава, які прывык да скрыгату і рову сваіх рухавікоў. Машына слухалася руля, як дзіця, якое вядзеш за руку. Праз апушчанае шкло ў твар біў вецер, пахла пажарышчам і квітнеючым бэзам — сям-там на ўскраіне Альштадта — старога горада — ён захаваўся, не выгараў.

Дрэздэн ушчэнт зруйнавалі «лятучыя крэпасці» незадоўга да канца вайны. Зруйнавалі толькі таму, што ведалі — горад адыходзіць у нашу акупацыйную зону. 3 ваеннага боку ў «дывановай» бамбардзіроўцы, калі амерыканскія і англійскія лётчыкі метадычна засыпалі бомбамі квартал за кварталам, знішчаючы старажытныя палацы, шэдэўры гатычнай архітэктуры — кірхі і масты цераз Эльбу, славутыя на ўвесь свет музеі і гістарычныя помнікі, жылыя дамы, пад руінамі якіх загінулі дзесяткі тысяч жанчын, дзяцей, старых, ніякага сэнсу не мелася. Гэта быў акт вандалізму, такі ж жорсткі і бессэнсоўны, як атамная бамбардзіроўка Хірасімы і Нагасакі: больш-менш значна паўплываць на ход падзей ён ужо не мог. Позна ўступіўшы ў вайну, саюзнікі спяшаліся паказаць нам сваю сілу, і ўсе гэта разумелі.

Вуліцы, па якіх Акімаў прабіраўся ў лясную цішыню і прахалоду, да чыстай, шырокай і магутнай ракі, былі пераараны бомбамі. Іх загрувашчвалі друз і цэгла разбураных дамоў, клубкі пераблытанага дроту, асколкі шкла, уздыбленыя і пакарэжаныя трамвайныя рэйкі, пакручаныя і абгарэлыя ліхтарныя слупы. Відовішча было звыклае, не жахала, не палохала — колькі такіх гарадоў засталося на нашай зямлі, колькі іх пабачыў Акімаў за чатыры гады вайны — прывык. Немцы, цывільныя і ваеннапалонныя, ужо разбіралі завалы, пракладвалі пакуль што вузкія тунелі праездаў.

Акімаў любіў хуткую язду, але сёння вёў машыну асцярожна, беражна. Ён разумеў, што праз дзень-два «ролс-ройс» забяруць: такая раскоша па чыну хіба што генералу, ды ўжо ніяк не сціпламу камбату,— і думаў пра гэта спакойна, з усмешкай, але разбіць або нават падрапаць аб вострыя камяні такую прыгажосць было шкада. Ён свае ЗІСы і «студабекеры» шкадаваў, як малых дзяцей, бялявы і сінявокі капітан, кожны знявечаны санарадам або мінай рухавік, пасечаны асколкамі кузаў, абгарэлую кабіну, што ўжо гаварыць пра нябачны дасюль дзівосна прыгожы легкавік… I Акімаў засяроджана круціў баранку, абмінаючы завалы, і не адгукаўся на жарты. Выбіраў дарогу раўнейшую, шырэйшую і кожны раз, калі іх падкідала на яме або церла днішчам аб друз, крывіўся, быццам у яго балелі зубы.