Выбрать главу

На скрыжаваннях дзяўчаты-рэгуліроўшчыцы, памлелыя ад спёкі, ляніва махалі чырвонымі сцяжкамі. Акімаў тармазіў, распытваў, як хутчэй выехаць за горад, зваў з сабой купацца. Дзяўчаты ўсміхаліся: служба, не паложана, хіба што вечарам, калі зменяць… Але яго вечары і ночы былі занятыя Аксанай Касцюк, прыгожай чарнабровай і чарнавокай кухаркай з палявога шпіталя, дзе Акімаў адлежваўся пасля кантузіі. У Аксану быў закаханы яго сябар і зямляк Уладзік Левус, камандзір узвода хімабароны; Левус іх і пазнаёміў, калі прыехаў яго адведаць.

Вядома, не дужа прыгожа і сумленна — адбіваць дзяўчыну ў блізкага сябра, але Акімаў пра гэта і не падумаў, так уразіла яго прыгажосць Аксаны. Тым больш што і сама Аксана пра гэта, відаць, не думала: выправадзіўшы свайго кавалера, яна павяла Міколу ў цесны закутак пры кухні, дзе жыла… Уладзік ледзь не застрэліў іх абаіх, калі неяк ноччу прыехаў у шпіталь і ўбачыў Акімава ў тым закутку: яны з Аксанай цалаваліся, нават не накінуўшы на дзверы зашчапку.

— Страляй,— сказала Аксана, засланіўшы сабою Акімава.— Сам ведаеш: сэрцу не загадаеш. А мне без яго не жыць, вось і ўся гаворка.

Уладзік разгублена паправіў акуляры і схаваў свой пісталет: задужа інтэлігентны ён быў, каб страляць. Акімаў падумаў, што сам, напэўна, стрэліў бы, не стрымаўся…

Левус знік уначы, моцна бразнуўшы дзвярыма, а яны засталіся. I як жа Аксана абдымала, цалавала, лашчыла Акімава… Быццам сапраўды смерці ў вочы зазірнула і ўсё не верыла, што засталася жывая.

Ніколі і нікога яшчэ ў сваім нядоўгім жыцці не кахаў Акімаў так, як сваю хахлушачку. Ды і калі яму было паспець каго пакахаць? Адразу пасля аўтамеханічнага тэхнікума ён трапіў на фронт, а вайна, што б там ні казалі і ні пісалі, не самы лепшы час для кахання. Хіба можна было назваць гэтым высокім словам тое, што часам адбывалася паміж Акімавым і жанчынамі, якія дзялілі з ім ложак, капу сена ў хляве або зашморганае сядзенне ў кабіне яго машыны? Адны рабілі гэта ад шкадобы — такі маладзенькі, а ці ўдасца яму, беднаму, дажыць хоць да заўтрашняга вечара; другія — ад тугі і адзіноты, з голаду… Яны з’яўляліся і знікалі, губляліся на доўгіх і пакручастых дарогах вайны, а яму хацелася кахання светлага і прыгожага — на ўсё жыццё.

Ён быў надзіва ўдачлівы, гвардыі капітан Мікалай Сцяпанавіч Акімаў, сябры нездарма называлі яго шчасліўчыкам. Праваяваў усю вайну, пачаўшы радавым і закончыўшы камандзірам аўтабата, і ні разу яго нават не драпнула, а ў якім толькі пекле ён ні пабыў са сваімі машынамі. Нагружаныя боезапасам, харчамі, бочкамі з гаручым, яны прабіваліся на перадавыя пазіцыі пад Масквой і Сталінградам, пад Курскам і Арлом, на Вісле і Одэры… Дзве палутаркі і тры ЗІСы, у якіх ён круціў баранку, страціў Акімаў за вайну, чатыры машыны згарэлі пад варожымі бомбамі, а пятая патанула ў Дняпры, калі немцы разбамбілі пераправу. I заўсёды ён паспяваў выскачыць, адбегчы, а ў апошні раз — выплысці. Толькі ў сакавіку сорак пятага яго кантузіла: цяжкі снарад узарваўся так блізка, што выкінула з кабіны і моцна выцяла аб мёрзлую зямлю,— якраз тады ў шпіталі ён і ўбачыў Аксану і закахаўся ў яе,— але праз нейкі месяц Акімаў ужо зноў сядзеў за рулём, здабываў запчасткі, гаручае, сачыў за пагрузкай, удакладняў з шафёрамі маршруты.

Шчасліўчык… Дваццаць два гады, добры тузін ордэнаў і медалёў на кіцелі, і Аксана, і немцы так і не адлілі кулю або снарад, каб назаўсёды выкрасліць цябе з жыцця, і ніякіх хваляванняў пра будучыню, пра заўтрашні дзень: у палявой сумцы дыплом аўтамеханіка, цудоўная, усюды патрэбная прафесія — што яшчэ чалавеку трэба? Яны з Аксанай ужо даўно дамовіліся: дачакаемся Перамогі, дэмабілізуемся, распішамся і паедзем у Мінск. I зажывём, як усе добрыя людзі.

…Акімаў круціў баранку «ролс-ройса», ледзь кратаючы нагой акселератар, і бестурботна насвістваў нейкую песеньку. Вузкая вуліца, на якую ён неўзабаве звярнуў, вяла проста ў поле. На гарызонце сінеў у смузе прырэчны лес, недзе там лёгка выбраць на беразе ўтульную палянку, і салдаты за яго спінай загаманілі, заварушыліся, самыя нецярплівыя пачалі скідаць гімнасцёркі. Акімаў таксама расшпіліў верхнія гузікі на кіцелі, каб распаранае цела абвеяў свежы ветрык…

…Трынаццацігадовы хлапчук, галодны і брудны, у падранай на локцях куртачцы, вызірнуў з руін і зручней перахапіў фаустпатрон. Ён яшчэ здалёк убачыў вялізную чорную машыну з варожымі генераламі — хлопчык ведаў, што салдаты не ездзяць у такіх шыкоўных машынах, і цяпер кусаў тонкія шэрыя вусны, каб неяк суняць страх і хваляванне. Хлапчука проста калаціла ад страху, у яго зуб на зуб не трапляў, і ён падсвядома разумеў, што гэта дрэнна, што гэта можа пашкодзіць яму, але нічога не мог з сабою зрабіць. Ён быў адзін на ўсім белым свеце, ён — і гэтая машына, якая павольна набліжалася да таго месца, дзе ён стаяў. Яго бацька злажыў галаву недзе на Усходнім фронце яшчэ ў ліпені сорак трэцяга, маці, бабуля і сястрычкі Марта і Ірма загінулі ў канцы лютага пры налёце амерыканскай і англійскай авіяцыі. Цяжкая бомба трапіла якраз у іхні дом, і ад яго засталіся толькі высокі цагляны падмурак, запоўнены галавешкамі, ды чорны комін. Хлопчык уратаваўся выпадкова — маці якраз паслала яго ў склеп па бульбу. Склеп быў у двары, глыбокі, зроблены з бетону, там адседжвалася ўся сям’я, калі абвяшчалі паветраную трывогу, але ў той дзень трывогі не абвясцілі… Ён набраў вядзерца бульбы і ўжо падымаўся наверх, як раптам зараўло, загрымела, быццам настаў канец свету. Відаць, яго кантузіла выбуховай хваляй, адкінула назад, у склеп, бо ачуняў ён толькі ноччу. Іхні дом ужо дагараў, але вакол як згледзець вокам яшчэ бушавала мора агню, у якім плавіліся жалеза і цэгла.