Праз некалькі дзён, калі пажары трошкі аціхлі, хлопчык нацягаў у склеп нейкага рыззя і зрабіў там сабе пасцель. Ён жыў, як ваўчаня, варыў на цяпельцы бульбу, запіваў яе слівавым кампотам на сахарыне — слоікі з гэтым кампотам займалі цэлую палічку ў склепе, цягаўся па зруйнаваных вуліцах. Дні за два да таго, як савецкія войскі ўвайшлі ў горад, кульгавы стары, падобны на шэрага пацука, якіх так багата было ў склепе,— іхні колішні квартальны, даў хлопчыку фаустпатрон і паказаў, што трэба рабіць, каб адпомсціць крыважэрным ворагам за бацьку, за маці, за спалены, знішчаны, зруйнаваны фатэрлянд.
Ён доўга чакаў свайго часу. I — дачакаўся.
Гул матора ўсё набліжаўся, набліжаўся. Хлопчык скурчыўся за сцяной, напалам рассечанай бомбай, прыціснуўся локцем да халоднай цагліны, каб не здрыганулася рука, і, калі ў прагале з’явілася машына, павольна націснуў на спускавы кручок.
Страляў ён амаль ва ўпор, прамахнуцца было немагчыма.
Машыну адарвала ад зямлі і падкінула ў неба, белыя каўчукавыя колы шалёна закруціліся ў паветры. Ахопленая полымем, яна перавярнулася і бразнулася на камяні брукаванай дарогі.
Праз гадзіну пасля гэтага ваенны хірург, горка лаючыся ад жалю і бездапаможнасці, ампутаваў капітану Акімаву ступні абедзвюх ног. Пры жаданні можна было лічыць, што яму і на гэты раз пашанцавала: усе салдаты, якія ехалі з ім у «ролс-ройсе», загінулі. Іх пахавалі ў брацкай магіле, і гэта, можа, была апошняя наша брацкая магіла на нямецкай зямлі.
Акімаў трапіў не ў той шпіталь, дзе служыла Аксана,— у наваколлі Дрэздэна іх стаяла больш за дзесятак. Гэта і радавала і засмучала. Найперш была радасць: не ўбачыць знявечанага, няхай лепей лічыць, што загінуў. Потым прыйшла, навалілася туга: да болю захацелася яе ўбачыць. Некалькі дзён ён са страхам і хваляваннем чакаў: вось-вось прыбяжыць. Даведаецца, дзе ён — а не так гэта і складана! — і прыбяжыць, не можа такога быць, каб не прыбегла. Было ж паміж імі нешта такое, чаго ніколі не было ў Акімава з іншымі жанчынамі, што не выкажаш словамі, што яму наканавана насіць у сваім сэрцы доўга-доўга, можа, аж да самага скону. Хаця ўсё зразумела: яшчэ не жонка, не сястра, асабліва спадзявацца няма на што. На якое ліха маладой ды прыгожай калека, хіба здаровых мала? Той жа Левус… Прыйдзе, толькі пальчыкам яна кіўне, усё даруе і не папікне ніколі… Дык жа Акімаў і сам не захацеў бы звязваць яе па руках і нагах сваім калецтвам. Жыві як зможаш і будзь шчаслівая, якое ўжо тут каханне, хіба я не разумею… Якое тут каханне, а шкадавання твайго мне не трэба, як кажуць, бог падасць, неяк абыдзецца. Але ж прыйдзі, адзін толькі раз прыйдзі, моўчкі пасядзі на ложку, правядзі халоднай далонькай па шчацэ, крані чырвонымі пульхнымі вуснамі мае скусаныя ад болю губы… «придите и примите последнее целование»… Дзе, калі, ад каго я чуў гэтыя словы, дзіўныя словы, што выціскаюць слёзы з вачэй: «апошняе цалаванне»… Напэўна, ад Уладзіка Левуса, начытаны хлопец, тры курсы хіміка-тэхналагічнага інстытута скончыў, гэта не мой аўтамеханічны тэхнікум… Вось яна і вернецца да цябе, землячок, і страляць не трэба, і пад трыбунал ісці. Галоўнае ў жыцці — умець чакаць: гэта ж падумаць толькі, у якія брыдкія гульні часам гуляе з чалавекам лёс!
Прыйдзі, бязгучна маліў ён, прыкуты да ложка, прыйдзі, пабудзь пяць хвілін і ідзі. Ідзі навекі, я больш ніколі не стану на тваёй дарозе, ніколі ні словам, ні позіркам не парушу твой спакой, але цяпер — прыйдзі. Бо вельмі ж цяжка мне будзе жыць на свеце, ведаючы, што ты не прыйшла, не раз я пашкадую, што не загінуў разам са сваімі хлопцамі ў тым богам ці д’яблам праклятым «ролс-ройсе».