Аксана не прыйшла. Не таму, што пабаялася ўбачыць скалечанага чалавека, якога кахала, за якога збіралася замуж, каб разам жыць, гадаваць дзяцей… Левус сказаў ёй, што Акімаў загінуў. Ён быў пануры і разгублены, ён шчыра шкадаваў свайго нядаўняга саперніка і нядаўняга сябра. Яны разам паехалі за Эльбу на могілкі і адшукалі свежую магілу з драўлянай пірамідкай і зорачкай, і Аксана прачытала прозвішча Акімава, напісанае на бляшанцы белай фарбай, і яшчэ адзінаццаць прозвішчаў, і паклала букет бэзу на жоўты грудок, і ўволю наплакалася там. Што ж ты зробіш, значыцца, не лёс… I калі праз нейкі час Уладзіслаў Францавіч прапанаваў ёй руку і сэрца, згадзілася без ваганняў. Ніхто не чакаў Аксану ў спаленай фашыстамі разам з жыхарамі вёсцы на Чарнігаўшчыне, адкуль яна была родам, а жыццё неяк уладкоўваць трэба. Левус кахаў яе, і хоць быў ён маленькі, несамавіты,— ніякага параўнання з прыгажуном капітанам,— Аксану гэта не бянтэжыла. Як не бянтэжыла і тое, што Уладзік ведаў пра яе адносіны з Акімавым. Ён кахаў, а калі кахаеш, дык шмат на што заплюшчваеш вочы. Тым больш што лейтэнант быў бесхарактарны і мяккі, як воск, і Аксана ведала, што вылепіць з яго такога можа, які ёй патрэбен.
Восенню сорак пятага, перад дэмабілізацыяй, яны пажаніліся, затым паехалі ў Мінск, на радзіму Уладзіслава Францавіча.
2
Акімаў таксама быў з Мінска. Там, у Лодачным завулку, над Свіслаччу, у старой драўлянай хаце жылі яго маці, бацька і старэйшая сястра Таццяна. Пасля таго як Мінск вызвалілі ад немцаў, Акімаў напісаў сваім з-пад Львова, дзе тады ваяваў, і неўзабаве атрымаў адказ. Маці і сястра яго былі жывыя, а вось бацька, Сцяпан Міронавіч, памёр зімой сорак чацвёртага ад тыфу, не дачакаўся вызвалення. «I хата наша стаіць,— пісала яму Таццяна,— і старыя яблыні, і падручнікі твае цэлыя… А касцюм твой і куртку скураную мы прадалі на Камароўцы, ты ўжо даруй нам, брацік, не было за што тату лекаў купіць…» Ён і раз, і другі перачытаў лісток са школьнага сшытка, дробненька спісаны сястрой, уявіў, як ім жылося ў галодным і халодным горадзе, захопленым ворагам, і адно галавой пахітаў: знайшла пра што гаварыць — пра куртку, пра касцюм… Былі б жывыя, усё нажывём.
Пасля аперацыі, уведаўшы аб тым, якая страшная бяда яго напаткала, Акімаў угаварыў свайго суседа па палаце, танкіста, скалечанага гэтак жа, як ён сам, напісаць у Мінск, нібыта ён загінуў смерцю героя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі 8 мая 1945 года — адзін дзень не дажыў да перамогі: дадому Мікалай Сцяпанавіч вырашыў не вяртацца. Нікога яму не хацелася бачыць — ні сястру, ні былых сяброў. Ды і жыць болей не хацелася. Адно па маці сэрца шчымела…
Праз нейкі час Акімава разам з іншымі цяжкапараненымі перавезлі ў шпіталь інвалідаў Айчыннай вайны ў Ташкент. Там ён далечваўся пасля аперацыі. У тым шпіталі было многа гэткіх жа, як ён, знявечаных вайной людзей: бязногіх, бязрукіх, сляпых… Былі і такія, што гарзлі ў танках, былі прыкутыя да ложкаў… Некаторыя не мелі блізкіх, хто мог бы іх дагледзець, ад некаторых адмовіліся жонкі, а такія, як Акімаў, самі ад усіх адракліся, замкнуліся ў сваім горы, каб нікому не быць у цяжар. Нікому… Радзіме ў цяжар яны не былі, яны аддалі ёй усё, што маглі, і мелі права на яе клопат.
Пасля снедання тыя, хто мог хадзіць, ішлі ў горад. Швэндаліся па базарах, ігралі на трафейных акардэонах, гулялі ў карты, гандлявалі казённай бялізнай і коўдрамі. Вечарамі пілі гарэлку, спявалі, успаміналі мінулае, плакалі, часам біліся. Нізавошта, ад нудзьбы і беспрасветнасці жыцця.
Пры шпіталі стварылі майстэрні, запрасілі спецыялістаў, яны павінны былі навучыць знявечаных людзей нешта рабіць: шыць боты, вопратку, працаваць на станках… Толькі работа, няхай сабе самая нескладаная, магла памагчы большасці з іх знайсці сваё месца ў жыцці. Але якраз для большасці жыццё скончылася. Майстэрні пуставалі: рэдка-рэдка туды хто-небудзь заглядваў ад цікаўнасці.
Акімаў у горад не хадзіў, саромеўся. Ды і цяжкія яму былі б такія паходы. Большую частку дня сядзеў у шпітальным двары на лавачцы пад высокім платанам, успамінаў прыгожую Аксану, блакітны і зялёны дзень, калі чорт яго падбіў паехаць на бліскучым «ролс-ройсе» купацца на Эльбу. Успамінаў горад свой, школу, аўтатэхнікум, разбітыя гразкія франтавыя дарогі, на якіх буксавалі, тапіліся, нявечыліся яго машыны,— мінулае. Толькі мінулае, сучаснае не цікавіла, а будучыні не было. Кармілі ў шпіталі па тым часе нядрэнна, рухаўся Акімаў мала, растаўсцеў, азыз, заплыў нездаровым тлушчам. Хто б мог назнаць у ім маладога, няўрымслівага і вясёлага хлопца, поўнага жыцця і надзей, якім ён быў пад самы канец вайны.