Выбрать главу

Міналі гады. Акімаў не лічыў іх. Жыў як у сне. І быў той сон глыбокі, як смерць.

У шпіталі было некалькі машын, дабітых, зношаных, яны больш стаялі ў гаражы, чым ездзілі. Шафёры, два вольнанаёммыя хлопцы, важдаліся з імі з раніцы да вечара, але не маглі даць рады. Запчастак не было, а неяк аднавіць і прыстасаваць тое ламачча мог бы хіба што франтавы шафёр, які, здаралася, ездзіў і не на гэтакіх карчах.

Акімаў сядзеў на сваёй лавачцы і час ад часу пазіраў у цёмную глыбіню гаража. Знаёмы пах бензіну і масла казытаў у носе, абуджаў успаміны. Ён доўга гнаў іх ад сябе, але да гаража цягнула, як магнітам, і праз нейкі час Акімаў неўпрыкметку пачаў думаць пра гэтыя машыны, як пра свае. Не, думаў ён, я не важдаўся б з гэтым металаломам, я паспрабаваў бы з трох машын сабраць адну, але яна б хадзіла. Базавым пакінуць «Захара» — ЗІС-5, рама ў яго, здаецца, цэлая, не цячэ радыятар і не грыміць задні мост. 3 дзвюх астатніх зняць бензапомпу, карданны вал, тармазныя калодкі, перабраць каробку перадач… Рухавік трэба растачыць, інакш нічога не будзе. Выразаць новыя пракладкі, праз гэтыя гоніць масла…

Аднойчы ён не вытрымаў: абапіраючыся на мыліцы. паклыпаў у цёмную прахалоду бокса. Хлопцы курылі, адзін сядзеў на запасным коле, другі ляжаў на прамасленай ватоўцы.

— Вось што,— сказаў Акімаў,— канчайце прыдурвацца. Слухаць маю каманду!

— Гуляй, нябога,— ляніва адгукнуўся той, што ляжаў на ватоўцы,— У нас сваіх камандзіраў хапае.

Акімаў падняў мыліцу, выгляд у яго быў такі, што хлопец падхапіўся на ногі.

— Цяпер у вас адзін камандзір… я! — цяжка дыхаючы, сказаў Акімаў,— Пытанні ёсць? Няма. Ну, а тэльфер? Пад’ёмнік які-небудзь ёсць? Дзякуй богу… Значыць, так: пачнём «распранаць» гэты ЗІС. Даставайце рухавік, каробку, здыміце задні мост. Рысоры таксама дрэнь. Адным словам, пакінуць раму, кабіну і кузаў — усё гэта больш-менш прыстойнае, астатняе выкінуць.

Хлопцы, пацепваючы плячыма і незадаволена чмыхаючы, пасунуліся да машыны: рашучы, упэўнены тон інваліда выклікаў павагу. Ды і абрыдла ім бадзяцца па гаражы, кожны дзень слухаць крыўдныя, з’едлівыя кпіны начальніка шпіталя. А тут адразу было зразумела: чалавек ведае, што гаворыць.

Яны разбіралі машыну, а Акімаў сядзеў на зэдліку, курыў, маўчаў. Калі хлопцы знялі задні мост, ён папрасіў ключы. Знаёмы халадок жалеза апёк рукі, соладка заныла сэрца. Заржаўленыя гайкі быццам прыкіпелі, але ён ведаў, што яны пойдуць, пойдуць, куды падзенуцца, і жыццё набудзе нейкі сэнс. У канцы цёмнага доўгага тунеля, па якім ён бяздумна брыў, пакуль што ледзь прыкметна, але паказалася святло…

Два тыдні Акімаў не выходзіў з гаража. Хлопцы прыносілі яму туды паесці, там ён і спаў, паслаўшы старэнькі шынель на варштат. Яго рукі, белыя і мяккія, як у жанчыны, бо дужа доўга не трымалі нічога, акрамя нажа, відэльца і шклянкі, рукі, якія ён ненавідзеў ціхай і лютай нянавісцю, зноў сталі чорныя і парэпаныя, іх упрыгожылі сінякі і драпіны, пад абламанымі пазногцямі запяклася кроў. Але рукі набывалі ранейшую сілу і спрыт, яны зноў станавіліся рукамі мужчыны, механіка, для якога лыжка — не самая галоўная, а дакладней — не адзіная прылада ў жыцці.

Калі ЗІС-5, пафарбаваны вясёлай зялёнай фарбай, перабраны да апошняй гайкі, укамплектаваны дэталямі, знятымі з іншых машын, адрамантаванымі або зробленымі Акімавым на такарным станку, бадзёра чмыхнуў рухавіком і выкаціўся з гаража, Акімаў заплакаў. Ён плакаў доўга і соладка і не саромеўся сваіх слёз, хоць не плакаў нават у дзяцінстве, нават тады, калі шпітальны ўрач прынёс яму на прымерку два нязграбныя пратэзы. Нылі рукі, нылі куксы, намуляныя гэтымі пратэзамі, сэрца ныла, але неяк па-новаму, не так, як раней,— у ім нараджалася надзея.

Вечарам ён выпісаўся са шпіталя, закінуў за плечы рукзак з небагатым сваім пажыткам, узяў пад пахі мыліцы і выйшаў на ганак. Адрамантаваны ЗІС ужо чакаў яго. Хлопцы памаглі залезці ў кабіну, адвезлі на станцыю, узялі білет, пасадзілі ў вагон, на адзінаццатыя суткі скалечаны капітан прыехаў у Мінск да маці. Маці — не жонка, не каханка. Маці прыме… Але нават не гэта галоўнае. Ён і раней не сумняваўся, што маці прыме. Сам у сабе сумняваўся. Што здолее неяк прыстасавацца да жыцця, нешта рабіць, стаць такім, як усе.

Цяпер ён у гэтым не сумняваўся.

Крыху адпачыўшы дома, Акімаў уладкаваўся на аўтабазу загадчыкам рамонтных майстэрняў. Дырэктар, сам былы франтавік, загадаў, каб кожную раніцу па яго прыязджала дзяжурная лятучка, яна ж вечарам адвозіла Мікалая Сцяпанавіча дадому.

Машыны на базе былі старыя, дабітыя, амаль як тыя, шпітальныя, і Акімаў са сваімі слесарамі праяўляў цуды вынаходлівасці, каб яны кожны дзень неяк выходзілі на лінію і працавалі. Хлопцы палюбілі яго. Інвалід, мог жа сядзець дома на сваю пенсію ды паплёўваць у столь, дык жа не: поркаецца ў рухавіках, адклаўшы мыліцы, лезе пад машыну, каб памагчы слесару зняць задні мост ці памяняць рысоры, шкандыбае па суседніх базах, каб купіць, абмяняць, выцыганіць бабіну, бензапомпу ці пракладкі, якіх днём з агнём не знайсці, хоць і цана ім грош у базарны дзень. Яны і не здагадваліся, што для Акімава ўсё гэта: пракладкі, трамблёры, ступіцы, тармазныя барабаны — і было жыццём.