Выбрать главу

К таму часу, як ён вярнуўся дадому, Таццяна выйшла замуж за нейкага маёра і з’ехала з ім аж на Камчатку. Маці, як і перад вайной, працавала штампоўшчыцай на заводзе імя Кірава. Толькі ўбачыўшы яе, сівую, заўчасна састарэлую і нямоглую, Акімаў зразумеў, як гэта было жорстка і бесчалавечна — пасылаць ёй са шпіталя тое пісьмо, дзе гаварылася аб яго смерці, раней ён пра гэта не думаў. А ён жа ледзь не забіў яе тым пісьмом, як жа яна, бедная, усё гэта перажыла?.. I перажыла, і даравала, і радавалася ціхай і светлай радасцю, што ён падмануў яе, падмануў, і гладзіла яго па галаве, як малога, сухой шурпатай рукой, і плакала, і не верыла ў сваё шчасце…

Якія жорсткія, бязлітасныя мы бываем да тых, хто любіць нас больш за жыццё, любіць прыгожых і брыдкіх, добрых і злосных, здаровых і знявечаных, удалых і нягеглых, разумных і дурных,— да сваіх маці: як позна, як непапраўна позна мы пачынаем гэта разумець… Сцісне сэрца болем і жалем, а нічога ўжо не вярнуць і нічога не паправіць, хіба што раз у год, на радаўніцу, выплакацца над сухім грудком зямлі са святой верай у тое, што яна пачуе цябе і даруе табе, як даравала ўсё сваё гаротнае жыццё…

У Акімава быў асобны пакойчык, цесны і вузкі, як школьны пенал, з рыпучым жалезным ложкам, старэнькім пісьмовым столікам і палічкай з кнігамі па аўтасправе і тэхнікумаўскімі падручнікамі. Невялікае акенца глядзела на Свіслач. Яе левы, нізкі бераг зарос старымі пахілымі вербамі і густым вербалозам, на правым, высокім стаялі гмахі завода імя Кірава. Часам у нядзелю Акімаў браў посцілку і валяўся пад кустом на траве, гартаў свае кнігі і ўсміхаўся сам сабе, бо ведаў машыны лепш за тых, хто пра іх пісаў. Зрэдку ён думаў пра Аксану і Уладзіка Левуса. Думаў спакойна, як пра нешта далёкае і выпадковае — даўно адбалела і зарубцавалася, хоць крыўда недзе на донцы душы яшчэ жыла. Не на іх крыўда, што яны,— на лёс: гэта ж трэба, каб так не пашанцавала?! А яны… Яны, напэўна, жывуць недзе ў Мінску, можа, на Даўгінаўскім тракце, Уладзік жа расказваў, што перад вайной ён з бацькамі жыў на Даўгінаўскім тракце, у раёне Камсамольскага возера, якраз у сорак першым тое возера і зрабілі… Ён, пэўна, ужо скончыў свой інстытут, стаў вялікім начальнікам, Аксана таксама недзе працуе… А магчыма, сядзіць дома, глядзіць дзяцей. Вядома, у іх ужо ёсць дзеці, колькі часу прайшло… Ну што ж, горад вялікі, ад Лодачнага завулка да Даўгінаўскага тракта далёка, дасць бога усё жыццё пражывём і не сутыкнёмся нават выпадкова. Ну, а калі дзе і сустрэнемся, дык якое гэта мае значэнне! У кожнага сваё жыццё, свой клопат, а чужыя слёзы ў чужыя рэкі цякуць…

Звычайна Акімаў позна затрымліваўся на рабоце — што яму было рабіць дома? Прыязджалі з далёкіх рэйсаў шафёры, збіраліся ў яго катушку ў майстэрні. Прыносілі пляшку, кілбасы, сала… Сядзелі, гаманілі. Пра запчасткі, якіх вечна не хапала, пра дарожныя здарэнні… Успаміналі вайну — амаль усім давялося сербануць ваеннага ліха. Акімаў пра сябе не расказваў, слухаў іншых, але твар яго камянеў, а вочы, як слязьмі, наліваліся такой тугой, што хлопцы ўздыхалі і мянялі гаворку, нібы адчувалі сябе вінаватымі, што засталіся жывыя і здаровыя, а ён калека. Адна толькі Верка, якую ўсе між сабой называлі не інакш як Верка-дзяшоўка — не было на базе шафёра або слесара, нават самага няўклюднага і смаркатага, хто, падпіўшы, не выхваляўся, што спаў з ёю,— не хавала, не адводзіла ад Акімава вачэй. Верка глядзела яму ў твар, трымаючы аберуч шклянку з гарэлкай, маўклівая, засяроджаная, як лісіца на паляванні, і не знаходзіў Акімаў ні цікаўнасці, ні спачування, ні шкадобы ў хмурым паглядзе цьмяных прыжмураных вочак. Быццам яна сама перажыла нешта такое, што немагчыма было нават параўнаць з ягонай бядой, што яго пакуты побач з яе горам — дзіцячая забаўка.

Верка працавала запраўшчыцай. Ніхто на аўтабазе не ведаў, як яе прозвішча, колькі ёй гадоў, замужам яна ці не, ці мае дзяцей,— хіба што аддзел кадраў. Астатніх гэта не цікавіла. Латаныя мужчынскія штаны у масленых плямах, падперазаныя дзягай прамаслены ватнік, стаптаныя кірзавыя боты, нізка на лоб насунутая хустка… Спадылба недаверліва глядзяць мутныя вочкі, нос кірпаты, у залацістых кропельках рабаціння, рукі чорныя, парэпаныя, з абкусанымі пазногцямі… Гарэлку яна піла, як ваду, не п’янеючы, адно з твару бляднела, а лаялася — толькі паспрабуй зачапіць! — так, што нават брыгадзір слесараў-рамонтнікаў Корзун, які ў вайну служыў боцманам на Паўночным флоце і ўмеў пры выпадку ўспомніць не толькі бога з багародзіцай і анёлаў з архангеламі, але і кожную галінку на генеалагічным дрэве субяседніка, пачціва здымаў перад ёю шапку, а дзяўчаты з бухгалтэрыі, пачуўшы яе голас, шчыльна зачынялі вокны летам і форткі зімой.