Выбрать главу

3 лёгкай рукі бухгалтарскіх дзяўчат і прыліпла да Веркі брыдкая мянушка: «дзяшоўка». Чысценькія, ружовашчокія, модна апранутыя, яны ненавідзелі вечна мурзатую запраўшчыцу, якая была запанібрата з усёй шафярнёй, лютай, можна нават сказаць, класавай нянавісцю. Верка плаціла ім тым жа.

Неяк вечарам Акімаў і Верка затрымаліся ў майстэрні пазней звычайнага. Хлопцы, пасядзеўшы, неўпрыкметку разышліся. За акном шалела завіруха, а ў пакойчыку Акімава было цёпла і нават утульна. Верка драмала, прываліўшыся спінай да батарэі паравога ацяплення, Мікалай Сцяпанавіч сядзеў за сталом, прыводзіў у парадак свае паперы. Нарэшце ён скончыў, пазяхнуў, зірнуў на гадзіннік.

— Ого! Без чвэрці дзесяць! Засядзеліся мы з табой, Верка.

Яна расплюшчыла вочы.

— Няўжо без чвэрці? От халера, на цягнік спазнілася. Цяпер да гадзіны ночы загараць…

— Куды гэта ты едзеш?— здзівіўся Акімаў.

— Ды ў Ждановічы.— Верка паглядзела ў замураванае лёдам акно.— Я там пакойчык здымаю.

— Што ж ты — кожны дзень ездзіш на работу і з работы?

— А што рабіць? У Мінску кватэры не па маёй кішэні. Ды я ўжо прывыкла. Летам і наогул добра, а вось зімой… Асабліва як на цягнік спознішся…

— Хоць ад вакзала блізка?

— Кіламетры два. Тае бяды… Абы сцежку не замяло. А то дужа ж цяжка ісці… Брыдзеш, брыдзеш…

— I не баішся? — Ён уявіў сабе голае поле ў завіруху, цераз поле ледзяную, выкаўзаную нагамі і прыцярушаную снегам сцежку, і яму зрабілася холадна.

— А каго мне баяцца? — Яна шмыгнула кірпатым носам.— Каму я патрэбна?..

Акімаў пацёр шчаку.

— Гісторыя… Што ж рабіць?

— А чорт яго ведае,— квола ўсміхнулася Верка.— Ехаць апошнім цягніком, а заўтра ў шэсць гадзін раніцы зноў перціся на вакзал — няма сэнсу. Будзеш потым увесь дзень як сонная муха соўгацца. Тым больш — такая мяцеліца… Відаць, перасплю ў дзяжурцы. Я, як спазнюся або закруціць, як сёння, там заўсёды начую. У мяне і накрыцца ёсць чым, і пад галаву пакласці… Толькі вы, Мікалай Сцяпанавіч, начальству не кажыце, забароняць. Прапала я тады.

Верцы было цёпла і ўтульна каля батарэі, у якой нешта гучна пашчоўквала; яна расшпіліла сваю нязменную ватоўку і скінула хустку. Голая лямпачка пад столлю асвятляла яе твар, і Акімаў раптам убачыў, што Верка — яшчэ зусім дзяўчо, маленькае, нязграбнае, з тонкай дзіцячай шыйкай, на якой хутка-хутка торгалася сіняя жылка. Ёя не мог вачэй адарваць ад гэтай кволай, бездапаможнай жылкі, а кроў тугімі штуршкамі біла яму ў скроні.

— Навошта табе тая дзяжурка? — хрыпла сказаў ён.— Паехалі да мяне, у мяне асобны пакой.

Яна не здзівілася, не збянтэжылася. Зірнула на яго спадылба, зашпіліла ватоўку, насунула на галаву хустку, адказала, быццам даўно чакала такой прапановы:

— Паехалі, калі хочаш.

…Абамлелы ад нечаканасці, ён прагна курыў, седзячы на краі ложка, і баяўся азірнуцца назад, дзе пад коўдрай, скруціўшыся абаранчыкам, шмыгала носам Верка.

— Чаму ты мне нічога не сказала, дурнічка? — нарэшце збянтэжана буркнуў ён.

— А што я табе магла сказаць? — уздыхнула Верка.— Што я не дзяшоўка, як пра мяне плявузгаюць на базе? Што мне не трыццаць пяць, а дваццаць адзін? Надта ж многа прыйшлося б расказваць. Як нас у сорак чацвёртым, напрадвесні, карнікі расстрэльвалі: бацьку, маму, мяне, траіх меншых. Як я ноччу з ямы выпаўзла… пясок разграбаю рукамі, разграбаю, а ён мокры… ад крыві мокры… На мяне і цяпер часам навальваецца: карнікі, аўтаматы, аўчаркі рвуцца з павадкоў, пашчы чырвоныя, ашчэраныя… Бягу ў лес без памяці, павалюся пад якую хваіну, ляжу, плачу, калачуся ад жаху… Адляжуся — зноў можна жыць.— Яна асцярожна кранула Акімава за руку.— Ты… ты пра мяне не думай. Я сама гэтага хацела… Я зараз апрануся і пайду. Яшчэ некалькі гадзін у дзяжурцы пакімару…

— Ляжы,— сказаў ён.— Нікуды ты не пойдзеш, ляжы.

Назаўтра перад работай Акімаў сабраў сваіх слесараў і сказаў:

— Хлопцы, мы з Верай пажаніліся. Зразумелі? Мы — муж і жонка. Памятайце самі і скажыце іншым: калі яе хто-небудзь абразіць або пакрыўдзіць, будзе мець справу са мной. I ўсё, і больш ніякіх размоў на гэту тэму.