Выбрать главу

Размовы, вядома, былі: на чужы рот замок не навесіш. Акімава шкадавалі: звязаўся з Поскуддзю, алкагалічкай, атруціць яна яму жыццё. Ці мала вакол адзінокіх жанчын, сур’ёзных, самастойных… Але калі нехта паспрабаваў спачувальна загаварыць з ім пра гэта, ён моўчкі схапіў манціроўку, і твар у яго быў такі, што ўсе перапалохаліся — заб’е! Больш у гаражы спачувальнікаў не знайшлося.

А між тым Вера аказалася добрай жонкай: клапатлівай, увішнай, спагадлівай. Акімаў неяк вельмі хутка, нават сам гэтага не прыкмеціў, адтаяў каля яе, адагрэўся душой. Тое, чаго ён больш за ўсё баяўся, што прымушала яго трымацца як мага далей ад жанчын,— неабходнасць кожны дзень важдацца з пратэзамі на вачах у чужога чалавека, саромецца, што ў цябе замест ног абрубкі,— нічога не значыла. Нават ад маці сваёй ён хаваўся, а вось ад Веры — не. Звычайная справа. Як гавораць: пакахала жабрака, палюбі і яго торбу…

Хто быў сапраўды шчаслівы, дык гэта маці Акімава, Настасся Адамаўна. Старая нацешыцца не магла са сваёй нявесткі. Яна ўжо пайшла на пенсію і не раз з болем думала, што будзе з Міколам, калі не стане яе, і пякучыя думкі гэтыя атручвалі ёй жыццё. Сап’ецца, прападзе ні за грош без жаночай рукі, без чулага і спагадлівага жаночага сэрца… I як жа яна радавалася, што сын знайшоў сабе пару, што скончылася яго адзінота…

Больш Акімаву не хацелася затрымлівацца ў майстэрні на аўтабазе; ледзь дачакаўшыся шасці гадзін вечара, ён спяшаўся дадому. Вера перайшла працаваць дыспетчарам у домакіраўніцтва, каб ніхто не балбатаў пра яе абы-што, не калоў вочы. Яна прыходзіла з работы трошкі раней за яго, памагала маці прыбрацца, згатаваць абед: без яго да стала не сядалі. І яму было добра і ўтульна і смачна есці разам з імі, з маці і жонкай, на кухні, і расказваць пра свае клопаты, і ведаць, што яго разумеюць.

Ні раней, ні пазней Акімаў ужо не сустракаў жанчыны, якой трэба было б так мала, як Веры. Яна заўсёды была задаволеная тым, што мела, нікому не зайздросціла, нічога не патрабавала. 3 першай палучкі, якую Мікалай Сцяпанавіч ёй прынёс, яна купіла Настассі Адамаўне цёплую кофту, а яму — карычневы капялюш з вялізнымі палямі і шыкоўны гальштук з намаляванай малпай. Акімаў рагатаў з яе пакупак, аж пакуль Вера не заплакала ад крыўды; толькі тады ён схамянуўся. «На чорта мне гэты капялюш, дзівачка, ён жа сядзіць на мне як на карове сядло, купіла б лепш сабе якую сукенку».— «Ты ж начальнік,— слаба адбівалася Вера,— а ўсе начальнікі носяць капялюшы. Няможна табе — горш за ўсіх».

Акімаў зусім кінуў піць, каб не ўводзіць Веру ў спакусу. А яна быццам і не піла ніколі з шафёрамі, быццам і смаку гэтай атруты не ведала. «Я раней на ўсё забыцца хацела,— неяк сказала яна.— Усё думала: вось бы заснуць аднойчы і не прачнуцца! А цяпер… Цяпер мне жыць хочацца, дзіцятка табе нарадзіць, выгадаваць — навошта ж мне піць?..»

Нарадзілася дачка. Назвалі яе Веранікай — адразу і па маці, і бацьку, каб была з доўгім векам ды добрай доляй.

Так яны і жылі: Мікалай Сцяпанавіч з Верай і Веранікай і маці. Настасся Адамаўна хадзіла ў магазіны, на базар, вяла хатнюю гаспадарку, глядзела Вераніку. Вера любіла і паважала свякруху, у доме ніколі не было спрэчак, гвалту. Жылі ціха і непрыкметна: звычайная працоўная сям’я. Радаваліся абновам, у выхадныя хадзілі ў кіно, на святы запрашалі гасцей, а то самі хадзілі ў госці… На пачатку сямідзесятых гадоў іх хатку ў Лодачным завулку знеслі, Акімавы атрымалі прасторную кватэру ў новым мікрараёне. Як інваліду вайны Мікалаю Сцяпанавічу далі «Запарожца» з ручным кіраваннем і дазволілі паставіць каля дома металічны гараж. Гэта было вельмі зручна. Больш ён не прасіў на базе машыну, каб прыехаць на работу або вярнуцца дадому, ездзіў на сваёй. Хоць Акімаў хадзіў цяпер і без мыліц, з кійком, але далёкія адлегласці былі не для яго. Паспяваў так натупацца за дзень у сваёй майстэрні, на базе, што ледзь не кожны тыдзень даводзілася рамантаваць пратэзы — жалеза не вытрымлівала. Вера працавала ў сваёй дыспетчарскай, дачка хадзіла ў садзік, а потым у школу, маці ціха сноўдалася па кватэры — жылі…

Пасля родаў Вера расцвіла. Змянілася непазнавальна, нават стала нібы вышэйшая ростам. Рухі зрабіліся плаўныя, нетаропкія, голас цвёрды, упэўнены. Акімаў наглядзецца на яе не мог. «Якое шчасце, што я яе сустрэў»,— думаў ён, употай назіраючы за жонкай, калі яна купала дзіця, страчыла нешта на ручной машынцы або проста сядзела ў крэсле, падпёршы падбародак вострым кулачком, і слухала музыку — свайго любімага Уцёсава, і ў яго ад пяшчоты абмірала сэрца. Усё хацелася яе ад некага або ад нечага абараніць, засланіць, невядома, ад каго і ад чаго, але абавязкова засланіць, такой бездапаможнай, кволай перад гэтым светам яна яму здавалася.