Выбрать главу

Не абараніў…

Іх звяла адзінота, туга па жывым чалавечым цяпле. Той нямецкі хлапчук з фаустпатронам, ён не толькі скалечыў цела Акімава, ён скалечыў яго душу. Дужа доўга малады, у самым росквіце сіл, мужчына быў без жанчыны: у каханне не верыў, а шкадавання баяўся. Часам ён думаў, што ў той зімовы вечар на месцы Веры магла апынуцца іншая жанчына і ён пазваў бы яе. Можа, ужо назаўтра іх шляхі разышліся б назаўсёды, але тады — пазваў бы. Трэба было, відаць, перажыць тое, што перажыла Вера, каб наталіць не толькі голад яго плоці, але і душэўны голад. Ён нават сам сабе не мог сказаць, калі пакахаў яе,— толькі ўжо раніцай, прачнуўшыся і ўбачыўшы хударлявае знясіленае дзяўчо ў сваёй пасцелі, зразумеў, што гэта — назаўсёды, што душа яго не загінула, жыве і зусім нямнога ёй трэба, каб выпрастацца на ўвесь рост.

Не абараніў…

Адзначалі дзень нараджэння Веранікі — пятнаццаць год. Вечарам чакалі гасцей: некалькі прыяцеляў-шафёраў з жонкамі, жанчын з домакіраўніцтва, дзе працавала Вера.

У апошні момант ёй здалося, што стол выглядае беднавата, што трэба дакупіць кілбасы, шпротаў, сыру…

I хоць Акімаў угаворваў яе, што нагатавана на добрую роту салдат, Вера схапіла сумку, пабегла цераз дарогу ў магазін… і трапіла пад самазвал.

Яна пражыла яшчэ чацвёра сутак; чатыры дні і чатыры начы Акімаў не адыходзіў ад яе ложка. Урачы ведалі, што выратаваць жанчыну не ўдасца, і дазволілі яму сядзець каля яе ў маленькай асобнай палаце, куды яе паклалі пасля аперацыі. Яна ляжала, уся забінтаваная, як кокан шаўкапрада, адно вочы пранізліва гарэлі на снежнай белі бінтоў. Апрытомнела Вера толькі ў самы апошні момант. Відаць, неяк падсвядома яна адчула, што гэты момант апошні. Вера не здзівілася, убачыўшы Акімава, які схіліўся над яе ложкам, толькі хрыпла ўздыхнула і прашаптала:

— Міколка, родненькі, калі ж ты гэтак пасівеў?

А ён і не ведаў, што пасівеў, ён не мыўся, і не галіўся гэтыя чатыры страшныя дні, і не глядзеўся ў люстэрка; ён схіліўся над ёю і глытаў, глытаў слёзы, а яны цяклі і цяклі по яго шчоках, па сівым шчэцці, але ён не адчуваў гэтага.

— Не плач,— сказала Вера,— не плач, родненькі мой. Мне ўжо не баліць, нічога не баліць. Беражы Ніку, Хрыстом богам прашу — не пі. Загінеш, і Ніка загіне. а мне ж так хочацца, каб вы жылі…

Гэта былі яе апошнія словы.

Пасля смерці Веры дома не знайшлося ніводнай яе фотакарткі. Толькі тая, што была ў пашпарце, маленькая, цьмяная, Вера там была зусім непадобная на сябе, асабліва калі фотакартку адрэтушавалі і павялічылі: чужая, незнаёмая жанчына. Акімаў доўга не мог сабе дараваць, што так і не схадзіў з Верай сфатаграфавацца, усё ёй часу не было.

Пакуль жыла маці, усё, здавалася, ішло сваім парадкам: дачка дагледжана, у кватэры чыста, абед згатаваны… Акімаў не піў. Не піў і не жыў. Усё выгарала ў ім, усё дазвання, нават попелу не засталося. Ён ездзіў на сваю аўтабазу, нешта там рабіў, вяртаўся дамоў, еў, спаў… Дзень за днём. I месяц за месяцам, не чалавек — машына, якой суджана рухацца, пакуль не сядуць акумулятары. Дачка жыла недзе побач, не толькі ў другім пакоі, але і ў другім вымярэнні. Ён бачыў, што жывецца ёй нармальна, што ў яе ёсць усё, што маюць другія дзеці, хіба акрамя матчынай ласкі, але даць ёй новую маці ён не мог, ды і Вераніка была ўжо досыць вялікая, каб не прыняць яе. Ён зноў адчуў сябе калекам, глядзеў на адзінокіх жанчын, якія спрабавалі пазнаёміцца, зблізіцца з ім, з варожай падазронасцю, міжвольна параўноўваў іх з Верай і адчуваў, што такой яму ўжо не знайсці.

Вераніка пабойвалася яго, хмурага, маўклівага, злоснага. Часам, праз дзвярную шыбіну ў яго пакой, яна бачыла, як бацька плача, паклаўшы галаву на белы абрус, а бабуля гаворыць яму нешта добрае, ласкавае і гладзіць сухой, як птушыная лапка, рукой па ўскудлачаных валасах,— і тады ёй таксама хацелася плакаць, немаведама чаму, і яна зашывалася ў цёмны куток і, здаралася, засыпала там, наплакаўшыся да знямогі, але назаўтра зноў свяціла сонейка, і тата глядзеў на яе сумнымі вінаватымі вачыма, а бабулька завіхалася ля пліты на кухні… Звычайныя клопаты, звычайнае чалавечае жыццё.

Настасся Адамаўна памерла ціха, непрыкметна, як і жыла: заснула і не прачнулася. I адразу ўсё рухнула. Гэта быў апошні ўдар. якога Акімаў ужо не вытрымаў. Ён запіў. Спачатку дома, па вечарах, закрыўшыся на ключ у сваім пакоі, а потым і на рабоце.

На аўтабазе доўга шкадавалі яго, прасілі, угаворвалі. Усе разумелі: выгані — так і загрыміць, не ўтрымаецца. Пра заслугі ягоныя памяталі, пра тое, як у самы цяжкі час не даваў машынам стаяць, чорт ведае з чаго ляпіў, выпускаў на лінію… Але ўсё гэта не ратавала: варта было запіць начальніку майстэрні, як запілі рамонтнікі, з-за іх недагляду адбылося некалькі аварый з чалавечымі ахвярамі, і ўрэшце Акімаву прапанавалі звольніцца па ўласным жаданні.