Выбрать главу

3

Аднае пенсіі на гарэлку не хапала. А яшчэ ж была Ніка, яна ўжо вучылася ў восьмым класе, яе трэба было апранаць, сачыць за тым, каб у дзяўчынкі былі грошы на ўсё неабходнае. I Акімаў пачаў паціху халтурыць. Яго гараж неўзабаве ператварыўся ў сапраўдны аўтаклуб. Туды з’язджаліся аўтааматары з усяго горада. Аднаму трэба было адрэгуляваць клапаны, другому — запальванне, трэцяму выправіць пабітае крыло… Грошы пацяклі ракой. Мікалай Сцяпанавіч, не лічачы, даваў іх дачцэ: рабі што хочаш, вялікая ўжо.

Гатаваць Вераніка ленавалася, ды Акімаў і не патрабаваў ад яе гэтага, яму хапала кавалка хлеба, кілбасы або бляшанкі кансерваў, а яна абедала ў школьнай сталоўцы, а вячэрала ў суседнім кафэ. На зайздрасць прыяцелькам, якіх бацькі трымалі, што называецца, у яжовых рукавіцах, Вераніка была сама сабе гаспадыня. Сама купляла дарагія і модныя сукенкі, спадніцы, курткі і туфелькі, прыносіла ў школу поўную сумку цукерак, першая сярод дзяўчынак пачала ўжываць касметыку.

У школе яе лёс трывогі не выклікаў: дзяўчынка рослая, самастойная, добра апранутая, вучыцца без двоек, заняткі не прапускае, ходзіць у гімнастычную секцыю,— што яшчэ трэба? Канечне, расце без маці, і бацька як быццам злоўжывае гарэлкай, але ж на дачцэ гэтага не адбіваецца. Ёсць куды горшыя сем’і. Не так ён, відаць, і п’е, гэты Акімаў, калі Вераніку не трэба бясплатна карміць у школьнай сталоўцы. Ну, а што яна трошкі распешчаная ды разбэшчаная, што ранавата пачала злоўжываць памадай, лакам і ценямі, дык усе яны цяпер такія — акселераты…

3 чацвёртага класа Вераніка займалася гімнастыкай. Паспяхова выступала на раённых і гарадскіх спаборніцтвах, нейкі час нават была кандыдатам у зборную школьнікаў рэспублікі. Яна любіла спорт, марыла стаць чэмпіёнкай, паездзіць па свеце. Лондан, Парыж, Мехіка — казачнае шыкоўнае жыццё! Каб так пажыць, варта было не шкадаваць сябе, і Вераніка магла прапусціць урок, экскурсію, культпаход у тэатр або музей, але толькі не трэніроўку. Добрыя адносіны склаліся ў яе з трэнерам, мілай і чулай жанчынай, якая ведала, што Вераніка жыве без маці і як магла падтрымлівала яе. Але потым, калі Вераніка ўжо перайшла ў дзевяты клас, у секцыю прыйшоў новы трэнер, Арнольд Уладзіслававіч Левус, малады, з дробным і вострым, як у тхара, тварам і пукатымі вачыма. Ужо на першых занятках ён залічыў Ніку ў «бесперспектыўныя»: у жаночай гімнастыцы Вольгай Корбут пачалася эра маленькіх, тоненькіх, як сцяблінкі, дзяўчынак, а Ніка ў свае шаснаццаць год была высокай і дужай, з доўгімі мускулістымі нагамі, па-жаночы шырокімі клубамі і налітымі грудзямі. Ёй не хапала лёгкасці, зграбнасці і спрыту яе маленькіх хударлявых сябровак, ад практыкаванняў, што яна выконвала, за вярсту патыхала потам і працай, а для гімнастыкі, якую называюць не толькі спортам, але і мастацтвам, гэта пагібель. Левус раіў ёй заняцца веласіпедам, штурханнем ядра або кіданнем дыска — тымі відамі спорту, што патрабуюць сілы і вынослівасці, але Ніка баялася, што тады яе зусім разнясе. Ды і шкада было кідаць гімнастыку, дзе яна ўжо многа чаго ўмела. Дзяўчынцы здавалася, што патрэбна нейкая дробязь і яе рухі набудуць плаўнасць і імклівасць, але гэтай дробязі ёй і не хапала, і Ніка адчувала, што адной толькі працай, адным стараннем яе не набудзеш.

Левус бязлітасна выганяў з секцыі ўсіх «бесперспектыўных», яму патрэбны былі будучыя чэмпіёнкі, больш нічога, справу сваю ён ведаў, і ўжо праз нейкі час пра яго выхаванак загаварылі: яны пачалі займаць першыя месцы на ўсіх мясцовых спаборніцтвах. Ніку ў каманду ён не ўключаў, але і не выганяў, і яна доўга не магла зразумець чаму. Наадварот, ён займаўся з ёю, можа, нават болей, чым з іншымі, пакідаў пасля трэніровак, каб адпрацаваць той ці іншы рух. Яго доўгія рукі бессаромна абмацвалі яе; спачатку Ніка ўздрыгвала ад грубых дотыкаў, а потым прывыкла — што ж яму рабіць, калі яна такая няўклюдная! Не падтрымаць — зваліцца, сарвецца з брусоў або бервяна, ці далёка да траўмы, а яму потым за цябе адказваць… Неўпрыкметку Ніка прывыкла да яго вільготных ад поту далоняў, і калі Левус моцна сціскаў яе грудзі або няўлоўнымі рухамі лашчыў яе, адчувала, што ёй гэта нават прыемна.

Неяк пасля трэніроўкі, калі яны затрымаліся пазней звычайнага — Ніцы ўпарта не даваўся саскок з паваротам на трыста шэсцьдзесят градусаў, Арнольд Уладзіслававіч прапанаваў ёй паехаць пакатацца — «зняць напружанне». Яна ахвотна згадзілася. У яго былі «Жыгулі», праз некалькі мінут порсткая жоўценькая машына вынесла іх за горад.