Выбрать главу

Неяк па тэлебачаньні пра нас дыскусію завялі, і адзін прафесар сказаў, я запомніў, што мы б’ёмся, несьвядома адваёўваючы сабе жыцьцёвую прастору, занятую тымі, каму яна за так дасталася. Я зразумеў, што меў на ўвазе прафесар: гэта як некаму выпадае каралём нарадзіцца, а некаму біцца і біцца, каб пры каралеўскай кухні, ці пры канюшні служыць.

З дзяцінства, апроч таго, што біўся і мяне білі, і быў заўсёды галодны, я вось што яшчэ запомніў. З арміі Лёнік, суседаў сын, вярнуўся, і сусед пеўня, каб да стала засекчы, злавіў. Таптаўся з пеўнем на дрывотні, ніяк сякеру ня мог знайсьці, на жонку крычаў, што тая падзела некуды, а Лёнік сказаў, што ня трэба сякеры. Узяў пеўня з бацькавых рук — і чык па шыі рабром далоні, нібы сякеркай. Галава пад калоду адляцела, а Лёнік абыякава, нават лянотна рукі абцёр адну аб адну, пеўня кінуўшы, які пабег па двары без галавы, крывёю з горла ва ўсе бакі пырскаючы...

Я пакляўся сабе, што навучуся гэтак, як Лёнік... Так, каб галава адлятала, па шыі біць, і так абыякава, лянотна рукі абціраць.

Пакляўся і навучыўся. У секцыю каратэ пайшоў, у арміі ў сьпецназ узялі, намахаўся і сякеркамі, і лапаткамі... Чалавеку галаву так проста, як пеўню, без лапаткі ці сякеркі не адбіць, тут неймаверная сіла і хуткасьць удару патрэбныя. Жылісты чалавек. Асабліва мужык, баба не такая.

Зрэшты, што мужык, што баба — шыйныя пазванкі ва ўсіх з касьцей. І ўжо іх я, руку набіваючы, натрушчыў. Балазе было каму і дзе, паўсюль ваявалі.

Калі б у сьпецназе плацілі нармальна, можна было б далей служыць. Але не плацілі.

Адслужыўшы, паспрабаваў у спорце патузацца, ды там пасьля сапраўдных боек пах ня той. Потам пахне, не крывёй. Таму згадзіўся, калі прапанавалі іншую работу.

Новы рускі, які наняў мяне ў ахову, быў ніякі ня новы, стары партыец. З найвышэйшай касты. З тых, хто і распачаў дзяльбу, падзяліўшы краіну так, што ўсё, што было ў ёй на зямлі і пад зямлёй, ім дасталося. А потым яны кляліся, што зусім ня гэтага хацелі — проста так выйшла. Але не інакш, бач, выйшла, а менавіта так. З чым не маглі зьмірыцца тыя, хто да дзялёжкі стаў падбірацца пазьней.

Пад час, калі ў Крамлі піцерскія заверхаводзілі, маскоўскія даўно ўжо ўсё падзялілі. У газетах пісаць пачалі, што нельга дапусьціць перадзелу, бо гэта дэстабілізацыя, інфляцыя і ўсё такое. Адразу ж кожнаму, хто быў хоць з нейкімі мазгамі, зразумела стала, што пачаўся перадзел. У Крамлі сабралі ўсіх, хто раней нахапаў, сказалі: «Мы ня будзем вас чапаць. Пры ўмове, што той, хто нахапаў на метале, укладвае грошы ў металургію, хто на нафце — у нафтаздабычу, хто на зброі — у армію...» — і так па ўсім сьпісе. Так яны быццам бы хітра прыдумалі, як грошы нахапаныя забраць. Ну, ня ўсе, хоць колькі-небудзь — нібыта з клопатам пра краіну.

Знайшлі дурных...

Старых піцерскіх заадно з маскоўскімі прэсавалі, не зважаючы на зямляцтва. Мой партыец таксама на той сходцы быў. Ім сказалі, яны паслухалі, галовамі паківалі: маўляў, згодныя. Але ніхто, зразумела, ні капейчыны не аддаў. Наадварот, зноўку ўсе гэтак грэбсьці заўвіхаліся, нібы сваё не дабралі. Тады і стала самай большай чаргой у Піцеры чарга на могілкі. Як і ў Маскве.

За піцерскі порт было некалькі войнаў, і калі пачалася новая, партыец сказаў мне, што трэба ня толькі бараніцца, але і нападаць. Зубы паказваць, каб ня думалі, што яны ў яго павыпадалі. Карацей, каб я набраў людзей. Групу ліквідацыі.

Я падабраў групу з сямёх. Разам са мной — васьмёра, на дзьве машыны. Чатырох сваіх сьпецназаўскіх узяў, трох сельгаспасёлкаўскіх... На рабоце не прадыхнуць было, не пасьпяваў рукі абціраць.

Партыйца зноў запаважалі, адступацца ад яго, здалося, пачалі — і раптам ледзь ня кончылі. Ды яшчэ праз сваіх.

Жонка ягоная бардэль трымала, салонам яго называючы. Некалькі прастытутак гаспадара абслугоўвалі, у яго на пасылках былі. Такія — не падступіся. Гонар паказвалі. Свой прастытуцкі, але гонар. «Мы не ў бардэлі, мы ў салоне». Я паспрабаваў з адной, з Ляляй, танклявай такой... Яна мне: «Ты паглядзі на сябе, кабан!..»

Сучка.

Якраз у нанятай для яе кватэры на Васільеўскім у партыйца і пальнулі. З дому насупраць, Ляля ў спальні акно не зашторыла. Куля зрэзала ланцужок, на якім шторная ручка вісела, зрэкашэціла. Так што партыец выпадкова ўратаваўся — і даручыў мне разабрацца.

А ў чым разьбірацца?.. Сучка. Перакупілі, працавала на некага. Трэба было астатнім паказаць, што за такое бывае.

Я сказаў гаспадыні, каб у той жа кватэры на Васільеўскім склікала прастытуцкі сход. Увесь іх блядскі сьпецназ сабрала, як яны самі сябе называлі. Паставіў Лялю перад усімі і, калі ўжо яны сьпецназ, — чык па шыі! Шыя ў яе, як у курыцы, была, і Ляля, мусіць, яшчэ ўбачыць пасьпела, як галава ў яе адляцела, і пабегла за ёй, за галавой без галавы, па ўсёй кватэры крывёй пырскаючы...