«Ражном дык Ражном…»
Не, на разборкі такіх не пасылаюць. Нечым ён на таго піцерскага хлапчука, які павесіўся, быў падобны. Толькі падстарэлы... Дык я і падумаў: можа, яго скарыстаць?.. Не адразу падумаў, а тады, калі ён сказаў, што рабіць зьбіраецца.
Ён нарадзіўся ў Ваўкавыску, потым у Менску жыў, дзе ганялі яго за барацьбу, у каталажку садзілі. З работы пратурылі... Шукаючы, дзе прытуліцца і на кавалак хлеба зарабіць, ён вярнуўся ў Ваўкавыск. Бацькі памерлі, хату адразу па іх сьмерці ён за капейкі прадаў, прытуліўся ў брата стрыечнага. Уладкаваўся на пошту, дзе брат паштарыў — і абодвух іх выгналі, хоць на ўсю пошту толькі і паштароў было, што ён ды брат. Звольнілі іх праз тое, што яны ў пікет сталі: ён брата, які прытуліў яго і дапамог яму работу знайсьці, у пікет зацягнуў, каб таго на пару з ім выгналі! І дзеля чаго зацягнуў, каб выгналі?.. Каб вуліцы Суворава ў Ваўкавыску не было, не хацеў ён газеты на вуліцу Суворава насіць.
У мяне таксама ёсьць брат стрыечны, на гісторыю запалы, дык ён неяк расказаў мне, які бяздарны быў паход Суворава праз Альпы, дзе без аніякага толку процьма людзей загінула, памарозілася… Але ж напляваць на тое, бо калі яно было? Так што я зноў ня ўцяміў: «Пры чым Сувораў?..»
Адусюль выгнаны, Бабыб ня ведаў, як далей быць, і нехта яму сказаў, што беларусаў, якія змагаюцца, за мяжой прымаюць. Адразу ўсё ім даюць.
Пазычыўшы грошы ў брата, які прадаў паўхаты і гатовы быў, мусібыць, прадаць апошняе, каб толькі ад яго пазбавіцца, ён купіў тур па Скандынавіі, прыехаў — ніхто і нічога ня даў. Апроч месца ў лагеры для бежанцаў. Але цяпер і таго ня стала: яму адмовілі ў палітычным прытулку і ён падпаў пад дэпартацыю. Таму зьбег з лагеру, надумаўшы ці падпаліць што-небудзь, ці ўзарваць, ці нават каго-небудзь забіць, каб ці сесьці ў турму, ці ў клініку патрапіць для псіхічна хворых. Абы дахаты не вяртацца. А падпаліць што-небудзь ці забіць некага надумаў, бо, калі проста ўкрасьці, ці яшчэ ўтварыць што-небудзь такое, ня цяжкае, дык не пасадзяць, усё адно дэпартуюць.
Зусім выпадкова, рэчы падносячы, ён пабываў у нейкай клініцы для псіхаў, там хораша. Жывуць шведы, на галаву хворыя, так, як беларусам, на галаву здаровым, і ня сьнілася.
Ён ня быў хворым, не. Я ведаў такіх людзей, яны нібы ня самі жывуць на сьвеце. Быццам нехта іх жыць змушае. Такіх пасылаюць на такое, на што іншага не пашлеш. Іншы, не такі, ня пойдзе. З такіх вярбуюць сьмяротнікаў, каб зрабіць з іх жывыя міны.
Вось я і ўзважваў: на пасланца яго скарыстаць, калі сам ён не пасланец, ці на шведа?..
Я дапускаў яшчэ, што ён можа быць пасланцам, але ўжо толькі з-за звычкі нічога магчымага, хай нават самага неверагоднага, не выключаць. Выключыць можна было толькі тое, што ён швед.
Пасланца, калі ён пасланец, можна перакупіць… Я сказаў яму, што, калі ўжо наважыўся ён некага кончыць, дык магу прапанаваць, каго… Ён не зьдзівіўся, а мяне зьдзівіў, коратка кінуўшы, ад акна не павярнуўшыся:
— Толькі не жанчыну.
Я дык хоць бы павярнуўся… І спытаў бы найперш не пра тое, каго? — пра што ён па сутнасьці спытаўся, — а пра тое, за колькі?.. Дый хто заўгодна іншы павярнуўся б і пра тое самае спытаўся…
І чаму толькі не жанчыну? Якая розьніца?.. Шведа ці рускага — розьніца, за рускага ў Швецыі меней дадуць.
Я сказаў, што не жанчыну. Спытаў, што ён за гэта, апроч шведскай псіхушкі ці турмы, хоча? Ён адказаў, што вінен брату за палову хаты...
Надта спадабаўся яму, як некалі хлапчуку піцерскаму, пісталет. Праз тое, што маленькі, на цацачны падобны. «З яго страляць, як гуляць. Сам не паверыш, што…»
Бабыб не дагаварыў: што?..
Кілераў такіх не бывае. Які з яго пасланец?.. Кончаны бабыб. «Ражон, — зьдзівіўся я з самога сябе, — з кім ты зьвязаўся? Мазгі табе адбіла?..»
Я ўзяў яго ззаду за шыю — у яго вочы на лоб узьлезьлі, я умею так за шыю браць, каб на лоб вочы ўзлазілі:
— А двух заб’еш? За двух будзеш мець, як за цэлую хату.
Ён паспрабаў крутнуць галавой, ня змог, але паспрабаваў: «Не».
— Тады ўсё, — разьняў я пальцы і падштурхнуў яго да дзьвярэй. — Вымятайся.
Ён не выходзіў. Стаяў каля дзьвярэй, паціраючы шыю і сьціскаючы павекі, намагаючыся вочы вярнуць у вачніцы. Пасьля сказаў неяк па-дзіцячы, як папрасіў на цукеркі:
— Слухай, дай мне каго-небудзь забіць. Не дасі, дык заб’ю цябе. Ны ведаю як, але заб’ю.
Апроч, як у дзяцей, гэткія жаласьлівыя да саміх сябе інтанацыі яшчэ ў блатных пракідваюцца. «Падла буду, зямлю буду жэрці, брат…» — а ў самога шыла ў рукаве.
Забіць мяне ён ны мог ні пры якім раскладзе, і ўсё ж, многае пабачыўшы і зьведаўшы ў жыцьці, я ведаў і тое, што такое зацятасьць. Перада мной — з вылезлымі на лоб вачыма і дзіцячымі размовамі — стаяў зацяты мужычок. А значыць, калі не ў гэтую хвіліну, дык у наступную — здольны на ўсё. Не скарыстаць такога было б памылкай…