Выбрать главу

Я не паленаваўся, зьезьдзіў ды паглядзеў…

Цэнтраў Еўропы, як і ўсяго астатняга: моваў, гербаў, сьцягоў… — у Беларусі, аказалася, два. Адзін на дне возера Шо, а другі ў сярэдзіне трохкутніка Чэрвень-Асіповічы-Клічаў, два кіламетры на паўднёвы захад ад вёскі Чыжахі на Бярэзіне. Паколькі на дне возера хоць у цэнтры Еўропы, хоць на ўскрайку адна вада, я паехаў у Чыжахі. Рака там, як у Еўропе, а ўсё астатняе…

Там дзед сядзеў на беразе ў тых Чыжахах, рыбу вудзіў, я пытаюся: «Дзед, ты ведаеш, дзе сядзіш?..» — і ён мне: «Дзе хачу, там і сяджу, а ты пайшоў на…»

Я пайшоў не адразу. Стаў распытваць чалавека з самага цэнтру Еўропы, што ён пра Еўропу думае? І зноў чую: «А пайшла яна на!..» Я тады пра Расею, але і Расея пайшла на….

— А Беларусь?

— Якая Беларусь?..

— Як якая?.. Твая… мая…

— Ня ведаю, якая твая… Мая во… — ён кіўнуў у бок вёскі. — Астатняя на!..

— На?..

— А куды яшчэ?.. — Чалавек у цэнтры Еўропы плюнуў на чарвяка. — Туды ўсе — адтуль нікога.

Я падумаў: прападаюць не ў Бермудскім трухкутніку. Прападаюць тут, у трохкутніку беларускім. У самым цэнтры Еўропы…

Вера пыталася: «Вам чым ганарыцца перад сьветам ня сорамна?.. Тым, што больш за ўсіх бульбы ясьцё? Тым, што ваш сімвал — балотная птушка бацян?..

Ведаеш, чаму ў нас зубры некалі зьніклі і мы іх потым з чужых земляў завозілі? Не паляўнічыя іх зьнішчылі, не… Бацяны вашыя іх заклявалі!»

Бацька ў Веры рускі быў, маці — беларуска. Таму ў яе калі зубры — дык нашыя, а як бацяны — дык вашыя.

Хведар Міхайлавіч Дастаеўскі, не пісьменьнік, а той выкладчык гісторыі, які зацягнуў мяне на Дзяды да Усходніх могілак, Веры пабойваўся. Асабліва пасьля таго, як уварвалася яна ў інстытут на лекцыю: «Аж зьнемагаю, так цалавацца хачу!..» І пакуль Хведар Міхайлавіч бездапаможна абураўся: «Вы што сабе дазваляеце?..», — Вера прабегла між сталамі і зубамі ўпілася мне ў губы, да крыві пракусіла… На гістфаку пасьля гэта так і называлася: пацалунак Веры.

Хутчэй, здавалася б, на такое Наста здольная, схільная да эфектаў, але ўварвалася на лекцыю, каб пацалавацца, Вера.

Наста пасьля трэцяга курсу перакінулася з гісторыі на журналістыку. Хведар Міхайлавіч ёй параіў гэта зрабіць, калі яна надрукавалася ў студэнцкай газеце. «Гэты занятак, — сказаў, — вам больш па фігуры». І дапамог перавесьціся… А вось што прапанаваць Веры, каб па фігуры было, ён ня ведаў.

— Нейкая не тутэйшая яна, — касіўся ў бок Веры Хведар Міхайлавіч. — І ты ня слухай яе!.. Мы зямлю гэтую і ў рускіх, і ў палякаў, і ў шведаў адбівалі…» — а Вера пыталася: «Чаму ж тады толькі балота адбілі?.. Каб цяпер на балоце таптацца?..»

Гэта яна пра плошчу Бангалор у Менску, дзе раней балота было, і дзе ў звычайныя дні сабакі выгульваліся, а ў дні змаганьняў — мы.

«Мы за што тут змагаемся?!.» — рытарычна ўсклікнуў неяк, выступаючы на той менскай плошчы з індыйскай назвай, Хведар Міхайлавіч, і Вера крыкнула ў адказ, пакуль ён паўзу трымаў: »За вызваленьне Індыі ад Брытанскай імперыі!» Выкладчык гісторыі забыўся, што далей хацеў сказаць, разгубіўся: «Дык яна ж вольная…»

— А вы як распазналі, — дапытвае шведскі сьледчы, — што чалавек, у якога вы стрэлілі, ня швед, не паляк ці рускі, а беларус?

Ён намагаецца не толькі дакараскацца да прычыны забойства, але разабрацца яшчэ і ў тым, што ж такое беларус, бо для яго ўсе мы, хто з былога СССР, а значыць, з Расіі, — рускія.

Тлумачыць яму нешта пра тое, як беларусы ходзяць, азіраюцца? Ці як стаяць, быццам бацяны на балоце?.. Ці як зуброў сваіх заклёўваюць?..

— Па пакеце.

— Але ж гэткі пакет мог і ў рускага быць. Хіба не?

— Мог.

— І што тады? Забілі б рускага?

— Забіў бы рускага.

— А шведа?

— Што шведа?

— Шведа забілі б?

— Забіў бы. Чым вы, шведы, лепшыя за рускіх? Прыпёрліся да нас у Ваўкавыск…

— Куды?..

Што яму тлумачыць?.. Чалавеку, які толькі сёньня дазнаўся, што ёсьць такая нацыя — беларусы. І што як толькі адзін з гэтых беларусаў, пра якіх дасюль ён нічога ня ведаў, сутракаецца з другім беларусам, так адразу кідаюцца яны адзін аднаго забіваць, — такая цікавая ў іх нацыянальная завядзёнка. Незразумела толькі, як пры завядзёнцы такой жывых беларусаў амаль столькі ж, колькі шведаў?.. Таму сьледчы пытае:

— Беларусаў, вы кажаце, дзесяць мільёнаў?

— Амаль.

— І амаль у кожнай вайне нацыя зьнішчалася ад траціны да паловы?

— Прыблізна.

— І дзьве вайны былі ў мінулым стагоддзі з пярэрваю ўсяго ў дваццаць гадоў, так?

—Так.

— І яшчэ, падобныя на войны, пасьля войнаў рэпрэсіі былі?