Выбрать главу

— А вы зыходзіце з якой логікі і маралі?

Зірнуўшы на гадзіньнік, адвакат пачаў складваць паперы ў тэчку.

— З жывёльнай… Якая і ёсьць чалавечая, калі лішняга не выдумляць.

Я не зразумеў:

— Як гэта?

— А так… Неяк у мяне кліент быў, які ката забіў. Кот жыць яму не даваў. І я давёў на судзе, што, калі хтосьці, хто заўгодна жыць табе не дае, з ім трэба распраўляцца. А як інакш?.. Між іншым, — адвакат, зьбіраючы паперы, затрымаўся на адной, — ведаеце, чаму вам у палітычным прытулку адмовілі?

Я ня ведаў.

— Ня ведаю. Пра прычыны ў такіх выпадках ня кажуць.

— Ня кажуць, але ж яны ёсьць. І адна з іх — ананімка, у якой пішуць, што вы забілі ката.

Рука, якой пацягнуўся я да паперы, сама, нібы дакрануўшыся да аголенага проваду пад токам, торгнулася назад і здранцьвела.

— Якога ката?

— Тут не напісана, якога? Можа, такога, якога варта было забіць. Але ў іміграцыйнай службе Швецыі поўна феменістак, якія да таго ж пагалоўна ў таварыстве аховы жывёлінаў, таму ад іх цяжка чакаць прыязных адносінаў да мужыка, які забівае катоў.

Пра тое, што некалі, калі быў падлеткам, я забіў ката, расказаў я аднойчы ў парыве адкрытасьці адной жанчыне. У Ваўкавыску на Шведавай гары… Была ліпеньская ноч, мы любіліся, і жанчына, соладка адстагнаўшы ў нябёсы і сьцішыўшыся, раптам сказала, што, пакуль мы любіліся, дзьве зоркі сачылі за намі, як вочы ката. І я ўспомніў, як тыя вочы пырснулі, выляцелі з кацінай галавы пасьля некалькіх удараў аб бетонны слуп, і пачаў расказваць, расказваць… як сам я ня ведаў, не ўсьведамляў, што са мной, што я такое раблю… як наплывала, накрывала, засьціла розум нянавісьць… расказваў, расказваў і, як і тады, не разумеў: што са мной?.. нашто расказваю, для чаго?.. — дык вось жа, аказалася, для таго, каб нехта напісаў у шведскую іміграцыйную службу, у якой поўна феменістак, якія пагалоўна ў таварыстве аховы жывёлін, што я катазабойца, кат і забойца… але ж хіба магла?.. ды як яна магла?.. не, не магла тая жанчына такое напісаць.

— Хіба ў Швецыі давяраюць ананімкам?

— А дзе не давяраюць? Паўсюль любяць плёткі, ня любячы плеткароў. Хоць нідзе, дзе ёсьць закон, ананімка, канешне, не дакумент. Была б дакументам, можна было б лічыць, што мы ўжо выйгралі суд. Бо мелі б доказ, што вы даўно псіхічна хворы. То катоў забіваеце, то людзей… І ўсё бяз дай прычыны, без матывацыi, што прызнае нават сьледчы. — Адвакат склаў паперы, двума пальцамі ўзяў тэчку за ражок, паківаў ёю, як маятнікам. — А вось я, паміж намі, не прызнаў бы, што без матывацыі… І, калі вам цікава, магу сказаць, чаму.

Голас ягоны ў апошніх словах зьмяніўся… Нібы адгаварыўшы ўсё, за што яму заплацілі, самае істотнае пад самы канец ён вырашыў сказаць за так.

— Чаму?

— Бо матывацыя ёсьць. Там, дома, вы ненавідзіце тых, хто над вамі. Але зусім не таму, што яны, як спрабуеце вы давесьці сьледчаму, душаць свабоду і дэмакратыю, а таму, што ў іх улада, грошы — усё тое, чаго б хацелі вы. І вы ня здольны нічога зьмяніць, нічога зрабіць, бо тыя, хто над вамі, моцныя, а вы слабы. Таму вы зьбеглі ад іх, і ўсю сваю злосьць і нянавісьць скінулі на таго, хто з іхняга ж статку, але ўсё ж слабейшы, не важак з ікламі, на якога ў вас і рука не паднялася б, здранцвела б, як зараз… Вось пад што падвярнуўся ваш зямляк з пакетам, як некалі кот. І называецца гэта, калі хочаце ведаць, пераразьмеркаваньнем агрэсіі.

Адвакат вырашыў, што разабраўся ўва мне, і я не зьбіраўся яму пярэчыць. Калі чалавек робіць тое, за што яму плоцяць, дык бяз розьніцы, што ён пры гэтым думае. Ён глядзеў на мяне так, нібы нутро маё выкруціў навыварат, мне самому адкрыўшы там нешта патаемнае, а мяне зьдзіўляла адно: як ён здагадаўся, што ў мяне рука здрацьвела?..

Асатняе ўсё я ведаў.

Прыблізна тое самае казала мне на Шведавай гары ў Ваўкавыску тая жанчына, якой прызнаўся я ў парыве адкрытасьці, што забіў ката. Яна дапытвала й дапытвала: хто перад тым мяне зьняважыў, пакрыўдзіў, каму я хацеў — і ня мог адпомсьціць? Я выдумляў нейкія крыўды на суседзяў, настаўнікаў, хоць ніхто мяне не крыўдзіў. Проста мне хацелася, каб жанчына, якую я кахаў і якая лічыла сябе разумніцай, ня мела сумневу ў тым, што я кахаю яе і што яна разумніца.

Аднойчы, калі ў чарговы раз нас пасадзілі за ўдзел у чарговым мітынгу, яна спытала: «Ты ведаеш, дзеля чаго ўсё гэта? Не для свабоды і дэмакратыі, а для цябе — дзеля чаго? Што ты за ўсё гэта мець хочаш? Ну, калі адсядзім, адбегаем сваё пад дубінкамі? Грошы? Славу? Уладу?.. » Я адказаў, што, мусіць, нічога, бо пра гэта нават ня думаю. Яна сказала: «Я таксама, але ж ня ўсе прыдуркі, нехта ж думае».