Выбрать главу

— Так.

— Тады скажыце мне, толькі падумайце: гэта нармальна?

— А што тут ненармальнага?..

Шведскі сьледчы глядзіць на мяне бездапаможна: «Ну, не ведаю… Я толькі хачу вас папярэдзіць, што вы зноў можаце апынуцца там. Вас туды могуць выдаць, калі адвакат не даб’ецца псіхіятрычнай эксьпертызы».

Нарэшце яны, адвакат і сьледчы, выйшаўшы з пункта А і з пункта Б, сыйшліся. Не важна, што адзін з іх спыніўся ў пункце «выслаць», а другі — у пункце «выдаць». Пункт адзін і той жа… Але і ў тым, што мяне не вышлюць і не выдадуць, бо прызнаюць псіхічна хворым, сьледчы, як і адвакат, не сумняваецца. Хоць ніхто з эксьпертаў не сябар ягоны і ён ні з кім і ні пра што не дамаўляўся…

Яму шкада мяне.

Чаму яны ўсе мяне шкадуюць?.. Сьледчыя, міністры, адвакаты, хай нават яны жулікі?.. Феміністкі з іміграцыйнай службы і феміністкі з таварыства аховы жывёлін?.. Таму, што я жыў там, дзе я жыў, і лічыў сваё жыцьцё нармальным?

Дык яно і было нармальным. Яшчэ трэба разабрацца, дзе яно ненармальнае. Там, дзе турма — турма, з карцэрам і парашай, ці там, дзе турма — нумар у гатэлі. З тэлевізарам, халадзільнікам і падагрэтай падлогай. Ды яшчэ з прабачэньнямі, што тэлефона няма і кампутар да інтэрнету не падключаны, бо, пакуль вядзецца сьледства, сувязь забароненая. А пасьля, калі асудзяць, калі ласка. Хочаш — сядзі ў інтэрнэце, хочаш — з інструктарам на лыжах катайся. Хай сабе нават ты двойчы забойца.

Дома ў камеру на дзесяць чалавек нас па трыццаць набівалі. Не прадыхнуць… Па тры разы на дзень прытомнасьць страчваеш. І не ўсьведамляеш, прытомны ты ці не, калі чуеш: «Там, дзе канчаюцца замкі, там канчаецца Еўропа. Пад Смаленскам… І калі мы ўзновім, адбудуем нашыя замкі, мы дойдзем да Еўропы, вернемся ў яе».

Вера казала: «Мы тады некуды вернемся, калі дойдзем да такіх, як у Еўропе, турмаў. Але дай нам такія турмы — нікога на волі не застанецца. Для нас такія турмы — замкі.

Мы рабы, нас цягне ў рабства. Там камфортна, зацішна. А свабода — вецер. Ген свабоды нам не прывіць, у рабоў ён не прыжываецца. Таму мы і шчасьлівыя ў рабстве».

Шведскі сьледчы кажа: «Дарма вы пра ўсіх сваіх горш чым пра ўсіх астатніх думаеце. Свае — найлепшыя, якімі б яны ні былі. Гэта найпершая ўмова для стварэньня чаго заўгодна чалавечага, пачынаючы з сям’і».

Сям’і ня выйшла…

Вера лічыла мяне сваім, але не найлепшым. І народ лічыла сваім, але не найлепшым. І апазіцыю… Недалэнгамі яна лічыла і мяне, і апазіцыю, і народ.

Так ня можа быць. Ці можа? Каб усе — недалэнгі…

— У мяне жонка журналістка, даволі вядомая, — кажа сьледчы. — Яна ў вас ня раз бывала. Дык у першым рэпартажы напісала, што вы лепшыя за нас.

Выходзіць, сьледчы прыкідваўся, быццам ні пра Беларусь, ні пра беларусаў нічога ня ведае…

— А ў другім?

— Што ў другім?..

— А ў другім рэпартажы пра што яна напісала?

— Пра вашую мужнасьць. Пра тое, як мужна вы перанесьлі вайну, вытрымалі Чарнобыль… І як зараз гэтак жа мужна, сьцяўшы рот, перажываеце дыктатуру.

— Мы мужна перажываем дыктатуру?

— Я ў вас ня быў. Яна так напісала.

Што ж, мужна дык мужна…

Дыктатуру дык дыктатуру…

— А ў трэцім рэпартажы?..

— О!.. — Сьледчы, што дзіўнавата для шведа, у захапленьні ад жонкі. Я таксама рады, што яна ў яго ёсьць, бо гэта праз яе, мусібыць, ён такі гаваркі. А я ўсё гадаў, чаму ён неабавязковыя для сьледства размовы со мной водзіць?..

Ва ўсім ёсьць прычына.

Сэрца без прычыны не спыняецца.

— Гэта не рэпартаж быў, фантастыка! Ёй прэмію за яго далі… Жонка мая… яе, дарэчы, Верай завуць…

— Як?..

Перад тым, як назваць імя жонкі, сьледчы, мне здалося, надта ўжо ўважліва зазірнуў мне ў вочы, нібы чакаючы, як я адрэагую…

— Так, Вера, — кіўнуў сьледчы і ня стаў тлумачыць, чаму ягоную шведскую жонку, як і маю беларускую, завуць Верай. — Яна перакананая, што небясьпека для чалавецтва — ня сьпід і не тэрарызм, а грамадства спажываньня, якім і ёсьць сёньня ўвесь Захад. Яна лічыць, што грамадству спажываньня цалкам адпавядае філасофія хрысьціянства, таму трэба мяняць і грамадства, і веру.

Я ня ўцяміў:

— Якую веру?

— Хрысьціянскую, на якой грамадства спажываньня і ўзгадавалася. Свой духоўны пік чалавецтва прайшло напярэдадні хрысьціянства, пасьля пачаўся заняпад, што адчулі на Усходзе, дзе стварылі новую сусьветную рэлігію, але і яна не вырашае праблему, бо не зразумета галоўнае: сёньня, каб ісьці наперад, трэба бегчы назад. А вам ня трэба назад, вы і так там. У тым сэнсе, што, хоць у вас ёсьць храмы, але вы ў сутнасьці сваёй ніякія не хрысьціяне, а, як старажытныя грэкі з рымлянамі, паганцы, і грамадства спажываньня ў вас не сфармавалася. Цывілізацыя перагнала вас, як на стадыёне, на круг, але з трыбунаў здаецца, што вы не апошнія, а наперадзе, і Вера даводзіць, што так не здаецца, а так яно і ёсьць. Што, стаўшы аўтсайдэрамі, вы сталі лідэрамі. І ня трэба лезьці да вас з правамі чалавека, з усёй бліскучай лухтой, прыдуманай грамадствам спажываньня дзеля апраўданьня свайго існаваньня. Бо гэта — як вешаць на вашу паганскую елку не цукеркі, а фанцікі. Рэпартаж так і называўся: «Цукеркі і фанцікі». І з яго вынікала, што ня вам трэба рухацца да Еўропы, а Еўропе да вас, да той чалавечай сутнасьці, да тых нязьменнасьцяў, якія вы захавалі. Калі, канешне, Еўропа ня хоча, каб яе крывяносныя сасуды пазабівала халестырынам, а хоча, каб у ёй білася жывое сэрца і дух жывы лунаў.