Выбрать главу

«Хто мне верне маё жыцьцё?!.»

Яна была ня так, як звычайна, апранутая, размаўляла па-шведску, але гэта была яна — і гэтага не магло быць.

Я кінуўся да дзьвярэй камеры: ахоўніка!.. адваката!.. сьледчага!.. доктара!.. Ражна!.. каго-небудзь…

Мусібыць, я так не хацеў забойцам вяртацца ў Беларусь, гэтак хацеў вар’ятам застацца ў Швецыі, што насамрэч звар’яцеў.

[*]«Jag vill ha sex med dig». «Я хачу заняцца з табой сексам». (шведск.)

Дзьве Веры

Ня ведаю, як яно так атрымлівалася, ніхто мяне гэтаму не вучыў і сама я не вучылася, але з дзяцінства я ўмела жыць і ў сабе, і ў іншых; пасяляцца ў некім, пачуваючыся і сабой, і тым, у кім пасялілася. Рыбаю ў рыбе і вадою ў вадзе. Жывой у жывым і мёртвай у мёртвым. Хоць нічога мёртвага няма, мы проста называем гэтак тое, што, як нам здаецца, нежывое.

Першым, у кім я пасялілася, было жарабя. Вогненна-рудое з белай зоркай на лобе…

Стаяў сухі, сьпякотны ліпень. Гарэла жытняе поле. Пажар слаўся на ветры. Вецер закручваў языкі агню то ў адзін бок, то ў другі, нёс да мяжы і кідаў сабе самому за сьпіну, пераварочваў, з шумам і трэскам уздымаў да неба, скуль агонь падаў і паўставаў сьцяной, у якой жарабятка не знаходзіла выйсьця, паратунку, хоць ён быў: цераз поле да ракі, дзе можна было ўратавацца, пралегла даволі глыбокая канавіна, у якую трактарамі, калі поле аралі, сьцягвалі камяні. Вогненнае жарабятка кідалася ва ўсе бакі — і руды агонь з усіх бакоў кідаўся на жарабятка, якое ўжо задыхалася ад дыму і сьпёкі. Мне не было і шасьці гадоў, я ня ведала, як жарабятку дапамагчы, але я гэтак зратаваць яго хацела, што ўявіла, як сама пераскочыла б зараз праз тую пасму агню, што пераразае шлях да канавіны… і з апошніх сіл, задыхаючыся ад дыму і сьпёкі, тую пасму агню я пераскочыла, прабегла, зьбіваючы капыткі на камянях, па канавіне, кінулася ў ваду, стала прагна піць, піць, піць… і толькі тут адчула, што я ня толькі я, але яшчэ і нешта іншае… тое жарабя, якое ледзь ня згінула ў полымі.

Нешта са мной, дзяўчынкай Верай, на той час, пакуль я была ў жарабяці, мусібыць, сталася, бо знайшлася я ў сабе толькі тады, калі маці, з якой мы жылі на лецішчы, затрэсла мяне, як ляльку: «Вера! Ты дзе, Вера? Што з табой, Вера? Вярніся!..»

Такое было ўпершыню, таму маці спалохалася. Пасьля прывыкла. А бацька кожны раз сур’ёзна распытваў, што я бачыла на тым сьвеце? Які ён наогул — той сьвет?.. У тым, што ён ёсьць, бацька не сумняваўся. Сумняваўся ён у тым, што менавіта той сьвет — той, а гэты — гэты. «Дачушка, — ён пытаўся, — а не наадварот?.. Неяк падобна, што наадварот.»

Іншым разам і мне так здавалася.

Праз год пасьля пажару бегла я, як тое жарабя, што зратавалася ад полымя, па той самай канавіне да рэчкі. Жыта на пажарышчы вырасла густое, высокае, стаяла да неба — нібы і за сябе, і за тое, якое згарэла. Бліжэй да сярэдзіны поля канавіна паглыблялася, там вялізны валун ляжаў — і за тым валуном падпільноўваў мяне лясьнік з мянушкай Цмок. Ня ведаю, чаму ён такую мянушку меў, не выглядаў ён на цмока. Зусім ня страшны быў, усьміхаўся… Некалькі разоў я бачыла яго каля рэчкі, нават віталася з ім, зараз таксама сказала: «Дзень добры!» — а ён ня даў мне міма прабегчы, скочыў за мной, схапіў, паваліў, падмяў… Мне было страшна і балюча, гэтак балюча і страшна, што ад болю і страху я пачала канаць і, каб не сканаць, перасялілася з сябе жывой у сябе мёртвую, бо толькі мёртвай можна было гэты страх, боль гэты вытрываць.

Так я ўпершыню памерла.

Цмок адчуў, што я не жывая, але доўжыў і доўжыў сваё, мармытаў: «Ты яшчэ цёплая… і добра, што ўжо не жывая… ня трэба будзе цябе забіваць, грэх на душу браць…» — і калі ўсё сваё скончыў, сьцягнуў мяне ў яміну і кульнуў зьверху падкапаны валун. Камень лёг шырокім бокам, падвіс на краях яміны, таму не раструшчыў… Цмок паспрабаваў яго зрушыць, але ня змог, а падкопваць нанава пабаяўся, пабег — яму таксама было страшна. Тады я вярнулася з сябе мёртвай у сябе жывую і выбралася з-пад валуна. Праз невялічкую шчыліну паміж зямлёй і навіслым каменем выбрацца магла толькі зусім маленькая дзяўчынка.