Выбрать главу

Пасьля рэферэндуму мяне разам са сьцягам разадралі на шматкі і раздалі на сувеніры.

Тады я ў другі раз памерла. Але ўваскрэсла, бо надта любіла жыць. Калі любіш жыць, навошта быць мёртвым?

Лунае, нескароны, На векавых вятрах Наш, ад крыві чырвоны, Ад болю белы, сьцяг.

Я ўваскрэсла, а Сьвятаслаў ня змог. Ён не трываў таго, што крывянела і балела… Адварочваўся, каб не заўважаць.

Ён слабы, але зразумела я гэта не адразу.

Калі на Дзядах каля Усходніх могілак міліцыянты цягнулі яго, скручанага, у «варанок», а ён балюча зыркаў з-пад вывернутага локця, спалоханы, бездапаможны, я магла гэтага не заўважыць. Ці зрабіць выгляд, што не заўважыла, як гэта зрабіла Наста. Але мне здалося, што ён паклікаў мяне. Я кінулася адбіваць яго — і адбіла свой лёс.

Наш лёс залежыць ад таго, хто нас пакліча.

Сьвятаслаў казаў: «Нас паклікала Айчына!» Балбатня… Пакліч: «Айчына!..» І яшчэ раз пакліч, і хоць сто разоў — хто адгукнецца?.. Ніхто.

Яго Айчына паклікала, а ён яе кінуў.

Калі каля Купалаўскага тэатру ў кавярні пад парасонамі ён сказаў, што нарэшце прыдумаў, як нам жыць разам, у сваім доме, сям’ёй, з дзецьмі, што нам трэба зьязджаць адсюль, бо, калі ўсім можна, дык чаму нам нельга? — я адказала, што нікуды з ім не паеду, бо ён гэткі ж пацук, як і ўсе астатнія, што пазьбягалі, а я не хачу ні ў доме з пацуком жыць, ні дзяцей мець ад пацука. Паднялася і пайшла ад яго, не ведаючы, куды, а ён глянуў мне ўсьлед — і не паклікаў.

Ён жорсткі.

У яго ў Ваўкавыску сабака быў — напалову воўк. Ён і карміў яго, як воўка, раз ці два на тыдзень. Каб люцеў з голаду…

Наста неяк расказала, як з тым сабакам і братам стрыечным ён на рыбалку яе ўзяў. Даўно, да мяне. Налавіўшы з вечару плотак, раніцай ён, калі Наста яшчэ спала, зноў рушыў з братам на раку, загадаўшы свайму напаўвоўку сьцерагчы налоўленую рыбу. Прачнуўшыся, Наста надумала сьняданак згатаваць. Пацягнулася да рыбы, а воўк зубамі клац — і далонь наскрозь. Не зарычэўшы перад тым, ня гаўкнуўшы, не папярэдзіўшы, каб не чапала. Клац — і наскрозь. І трымае, не адпускае. Яна гадзіны паўтары сядзела над той рыбай з рукою ў зьвярынай пашчы, пакуль браты вярнуліся. Сьвятаслаў не накінуўся на свайго зьвера, каб пакараць яго, не… Падышоў, пагладзіў па галаве. Ня Насту пагладзіў, а воўка. Сказаў: «Малайчына… — і паказаў на рыбу, якую, выканаўшы загад ягоны, звартаваў зьвер: — Еш, заслужыў». Толькі тады воўк разьняў іклы і вызваліў руку. Пашчасьціла, што не зачапіў сухажыльлі…

Брат ня вытрываў, накінуўся на брата: «Ды як ты так можаш, ды ты!..» — і Сьвятаслаў крыкнуў напаўвоўку: «Фас!» Той зьбіў стрыечніка з ног, ледзьве не загрыз…

Ён жорсткі, бо слабы. Жорсткі ад слабасьці.

Я сказала яму пра гэта на Шведавай гары, калі ён прызнаўся, што ў маленстве забіў ката. Ні за што, без прычыны. Схапіў за лапы — і аб слуп галавой.

Звычайна ён не прызнаваўся нават у відавочным. Вызьверыўся, калі я папракнула яго, што ён скарыстоўвае каханьне Насты, мае праз яе нейкія адносіны з уладай… І раптам адкрыўся ў тым, пра што ніхто ня ведаў, у чым прызнаюцца ці людзям зусім выпадковым, ці найблізкім. Не, найблізкім якраз не, ім дастаецца найболей маны, а прызнаюцца толькі ці выпадковым, як начны спадарожнік у вагоне, ці самім сабе.

Я была пакліканай, а пакліканыя ня могуць быць выпадковымі. Так я ва ўсякім разе думала… Тады выходзіла, што ён адкрыўся мне, як самому сабе. Я стала яго суцяшаць, шукаць апраўданьні. Казаць, што дзяцінства ня ведае жалю. Мне, калі была малой, матылькі здаваліся лятучымі кветкамі — і я адрывала ім крыльцы, як пялёсткі.

І тут ён сказаў:

— Ты і мне крылы адарвала!

Рэзка сказаў. Як воўк ікламі клацнуў. І нешта ўва мне — наскрозь! Ускалыхнуліся ўсё крыўды... На бацькоў, якія падкінулі мяне ў гэты сьвет, не спытаўшы, ці хачу я ў ім быць — і не змаглі, ня сталі мяне ў гэтым сьвеце абараніць… Ускалыхнулася, белая ад болю, крыўда на Цмока, а з ёй — крыўды на ўсіх цмокаў, цмочкаў, цмоцікаў… І я ўсё, як сабе самой, расказала таму чалавеку, які некалі мяне паклікаў — не насіць жа ў сабе да скону. Распавяла, як мяне падпільноўвалі, падміналі, рабілі на мне сваё, сьцягвалі ў яміну і завальвалі камянямі, каб ня выбралася. Каб усе костачкі мае раструшчыліся, каб і сьледу не засталося. А ён паслухаў і спытаў: «Дзеля чаго ты гэта расказала?.. Я тут пры чым?..»

І адсунуўся ад мяне.

Яму стала гідка.

Я адкрылася яму, як сабе самой, а яму стала гідка.

Хіба ня ён некалі паклікаў мяне?..

Амаль дваццаць гадоў!.. Шэсьці, мітынгі, пікеты… Ні сям’і, ні дзяцей, ні хаты… Я кватэру мела, ад бацькоў засталася, дык там то штаб, то друкарня, то сходка за сходкай — і мяне выселілі, на вуліцу выкінулі. Ва ўлады пытацца бяз толку, бо яна і выкінула, таму спыталася ў тых, хто на змаганьне з ёй клікаў: «Дзе мне жыць?» — а ў адказ пачула: «Кожны нечым ахвяруе». Жыву ў нанятай сьлепавушцы за вакзалам…