— А Наста дзе?.. Я амаль нелегальна, праз Маскву, у мяне віза толькі расейская. Дык каб Наста, калі што, прыкрыла.
Па што гэта яна да нас бяз візы кінулася?..
— Нікуды не падзелася твая Наста. Прыкрые.
Наста вялікая прыкрывальшчыца.
Я пазнаёміла іх, бо Вера захацела ўзяць інтэрв’ю у каго-небудзь з улады…
Людзей цікавяць ня людзі, а нелюдзі.
Яны сыйшліся, зблізіліся.
Дзіўныя задумы твае, Госпадзі.
— А што тут такога? — зьдзівілася Вера, калі я спытала, як яна магла зблізіцца з чалавекам, які прыслужвае ўладзе. — Што яна робіць кепскага? Кар’еру?.. Дык усе і паўсюль яе рабілі. Пры манархіі, дыктатуры, дэмакратыі. У нас, у вас. Ня трэба пра ўсіх сваіх горш чым пра ўсіх астатніх думаць. Свае — найлепшыя, якімі б яны ні былі. Гэта найпершая ўмова для стварэньня чаго заўгодна чалавечага, пачынаючы з сям’і... Дарэчы, ты мяне з мужам дасюль не пазнаёміла.
— Няма ў мяне мужа.
— Няма дык няма. У мяне таксама няма, хоць і ёсьць.
— Як гэта?..
— А то ты ня ведаеш, як…
Праўда што.
Мы сядзелі ў Менску непадалёку ад купалаўскага тэатру ў кавярні пад парасонамі, на ходніку вуліцы, па якой Наста якраз праязджала, спынілася каля нас, хоць там знак вісеў, што спыняцца нельга, але гэта некаму нельга, а не ёй, яна апусьціла шкло і, не выходзячы з машыны, замовіла каву. Пасьля ўсё ж выйшла, села да нас за столік, падняла, адстаўляючы мезенец, кубачак — і пазногці на ўсіх яе пальцах, у тым ліку на адстаўленым мезенцы, былі бездакорна адлакаваныя.
— Пра што шчабечам? Пра дыктатуру?
Шведская журналістка глядзела на служку беларускай дыктатуры, як зачараваная.
Каханьне пераступае цераз усё. Таму я цераз яго пераступіла.
— Пра мужыкоў. Вера кажа, што ў яе мужыка няма.
— У яе ёсьць, — не згадзілася Наста. — Гэта ў мяне няма, яна адбіла.
— Магу вярнуць.
— Ды што ўжо цяпер... Карыстайся.
Мы гатовыя былі плёхнуць адна ў адну кавай, у мяне ўжо рука пацягнулася… Вера гэта адчула, узяла маю руку ў сваю, прыціснула да стала.
— Я пераказвала ёй тое, што ўчора ад цябе пачула. Што трэба верыць у сваіх. Калі нават свае апошнія, трэба на ўвесь сьвет крычаць, што найпершыя.
Наста паставіла кубачак.
— Мы найпершыя і ёсьць. Мы перанесьлі вайну, вытрымалі Чарнобыль… І цяпер ратуем чалавецтва.
Я ўспомніла жарабя, якое зратавала ад пажару. Каб потым зьнішчыць.
— Ад чаго мы яго ратуем?.. Ад дыктатуры? Сьніду? Тэрарызму?
— Ад пагібелі, якая зусім не ў дыктатуры. І ня ў сьнідзе, не ў тэрарызьме, а ў грамадстве спажываньня, якім і ёсьць сёньня ўвесь Захад. Грамадству спажываньня цалкам адпавядае філасофія хрысьціянства, таму трэба мяняць і грамадства, і веру.
Вера ня ўцяміла:
— Якую веру?
— Хрысьціянскую, на якой грамадства спажываньня і ўзгадавалася. Свой духоўны пік чалавецтва прайшло напярэдадні хрысьціянства, пасьля пачаўся заняпад, што адчулі на Усходзе, дзе стварылі новую сусьветную рэлігію, але і яна не вырашае праблему, бо не зразумета галоўнае: сёньня, каб ісьці наперад, трэба бегчы назад. А нам ня трэба назад, мы і так там. У тым сэнсе, што, хоць у нас ёсьць храмы, але мы ў сутнасьці сваёй ніякія не хрысьціяне, а, як старажытныя грэкі з рымлянамі, паганцы, і грамадства спажываньня ў нас не сфармавалася. Цывілізацыя перагнала нас, як на стадыёне, на круг, але з трыбун здаецца, што мы не апошнія, а першыя, і самае цікавае, што так яно і ёсьць. Стаўшы аўтсайдэрамі, мы сталі лідэрамі. І ня трэба лезьці да нас з правамі чалавека, з усёй бліскучай лухтой, прыдуманай грамадствам спажываньня дзеля апраўданьня свайго існаваньня. Бо гэта — як вешаць на нашу паганскую елку не цукеркі, а фанцікі. Ня нам трэба рухацца да Еўропы, а Еўропе да нас, да той чалавечай сутнасьці, да тых нязьменнасьцяў, якія мы захавалі. Калі, канешне, Еўропа ня хоча, каб яе крывяносныя сасуды пазабівала халестырынам, а хоча, каб у ёй білася жывое сэрца і дух жывы лунаў.
Вера так заслухалася, што адпусьціла маю руку, у мяне зьявілася магчымасьць плёхнуць кавай, але яна была дапітая, а пакуль афіцыянт падносіў новую, Наста паднялася, села ў машыну, угледзелася ў нас абедзьвюх: «Цікава ўсё ж, для чаго вы гэтак падобныя? Для нечага ж падобныя?.. « — і яе кіроўца з гэбісцкай мордай рвануў з месца.
— Яна і ў нас зрабіла б кар’еру, — улюбёна сказала ўсьлед ёй Вера, якая стаяла зараз голая перада мной і спрабавала цалавацца.
Я падумала: чаму не?.. Калі цёплая вада ўжо набраная ў ванну.
Астыне — можна дабраць.