Выбрать главу

— У цябе пісталет?..

Мне б сказаць ёй, што гэта цацка італьянская, у Швейцарыі ў горадзе Зермаце купленая, а я сказаў, крутога з сябе строячы, сіняга нейкага, што так, пісталет, і яшчэ спытаў, як яна ўяўляе ў сёньняшнім жыцьці мужыка без пісталета?..

Наташа пацягнулася — спакусьліва гэтак, як ні шведка, ні немка не пацягнецца.

— Ты ў Мальма калі едзеш?.. Я ў Стакгольме на тыдзень застаюся, адпачынак. Сёньня занятая, а заўтра вольная... — І мы дамовіліся заўтра, калі ўжо я разбагацею, спаткацца а шостай вечару ў Мальма каля гатэлю «Хілтан».

Наташа прыгожая была. І падобная — нутром, сэрцавінай да мяне падобная, чым і вабіла, я нават прапанаваў ёй разам быць. А яна адказала, што мы ня можам быць разам, бо яна прастытутка. Знайшла прычыну...

З Арвідам мы разьвіталіся сябрамі.

— Выбіраеш, як толькі ўваходзіш у рэстаран, самую страхотную сярод усіх афіцыянтку, да якой цьвярозы і не падыйшоў бы, — распавядаў мне бацькаву навуку Арвід, — і як толькі яна пачынае табе падабацца, значыць, усё, фініш. Ты п’яны, як цэп.

— А калі, — я пытаўся, — няма страхотных?..

Тут Арвіда закліньвала: пра такую неспадзяванку бацька яму не казаў.

— Глядзі, што маю... — паказаў мне Арвід скураную папку з залацістымі, як у мяне на кейсе, замочкамі, у якой была бліскучая, мелаваная паперына з грыфам «Прэзідэнт Рэспублікі Ічкерыя», і ў пропускі ў тэксьце на паперыне было ўпісана, што ён, Арвід, ахвяраў на барацьбу за незалежнасьць Чачні 100000 (сто тысячаў) еўра, пра што сьведчыў подпіс прэзідэнта. Я ня стаў пытацца, дзе ён узяў сто тысячаў, каля я іх не прайграў, а спытаў, колькі гэтая паперына яму каштавала?.. Арвід адказаў, што паўсотні. І сумеўся: «Хіба ня варта?.. Калі ў рамку ўзяць, на сьцяну павесіць...» Я адказаў, што варта. Нашчадкі ганарыцца будуць.

Сыходзячы з парому, я выглядваў няголенага чарняўца, каб паціснуць яму руку і сказаць, што ён зусім ня школьнік, але ў натоўпе не знайшоў.

Пад вечар я ўжо быў у Мальма. Там раён, дзе адны магазіны ды офісы, да якога ад вакзалу хвілінаў дзесяць хады, трохкутнікам называецца — мая «нявеста» ў ім жыла. Пераканаўшыся, што па найвышэйшым класе яе прыстроіў, я, апроч налічаных адсоткаў за несвоечасовы разьлік, яшчэ і за фешэнебельнасьць накінуў. За дарогу, само сабой, палічыў, за білеты. І пра тую трыццатку, якую ў казіно прайграў, не забыўся. Бо не паехаў бы — не прайграў бы.

Я чакаў, што з разьлікам праблемы будуць, бо ў некага грошы забраць — заўсёды праблема, а «нявеста» так перапудзілася, на парозе мяне ўбачыўшы, што і ўпірацца ня стала: заплаціла столькі, колькі я сказаў. Нават трохі болей, з верхам разьлічылася — на каву з пірожным. Абы ў яе дома я каву ня піў, а хутчэй пайшоў, каб муж не застаў, які хоць і швед, але раўнівы, як грузін. Здараюцца і сярод шведаў такія. Рэдка, але здараюцца.

Можна было ехаць назад. Калі б не дамоўленасьць пра спатканьне з Наташай. Заўтра а шостай вечару каля гатэлю «Хілтан».

Багаты ўжо, я ня стаў шукаць таннага гатэлю, а ў «Хілтане» і пасяліўся. Выбраў нумар на самым высокім паверсе, адкуль, як сказаў незвычайна гаваркі для шведа парцье, што мяне пасяляў, відаць уся Еўропа. Ці, калі ня ўся Еўропа, дык уся Данія. Ці, калі ня ўся Данія, дык увесь Капенгаген. Праўда, пры сонцы.

Ліфт, які ўзносіў мяне пад нябёсы, быў цалкам шкляны. Падлога толькі не шкляная. Ды ўсё адно здавалася, што няма апоры пад нагамі, і я недзе ў пустаце, недзе нідзе... Дух, здань... Стала раптам страшна, захацелася спусьціцца — і на вакзал. Але цягнула і ўсмоктвала пустата. Я быў багаты, а Наташа была прыгожая. І падобная. Напляваць, што прастытутка.

Назаўтра, ад няма чаго рабіць да самага вечару, я зайшоў, каб час заняць, у магазін «Triangeln», што значыць «Трохкутнік», дзе мне ўсунулі рэкламны прасьпект, у якім было напісана, што магазін «Triangeln» — гэта не адзін магазін, а семдзесят два магазіны ў адным, і я хадзіў з аднаго ў другі, а пасьля, ніба тых 72-х мне не хапіла, туляўся яшчэ па нейкіх буціках, купіў туфлі, касьцюм, плашч, кашулю, гульштук, бо, калі ты багаты, дык і выглядаць трэба па-багатаму, залатым пылам іскрыцца, і я ўсё новае на сябе апрануў, нічога старога ня выкінуўшы, склаўшы ўсё старое, якое яшчэ насіць ды насіць, у зялёны пакет з намаляваным на ім чырвоным трактарам і надпісам Belarus, які прадаўшчыца яшчэ і бліскучымі стужкамі перавязала, і так я ва ўсім новым з усім старым, бліскучымі стужкамі перавязаным, з кейсам сваім іду сабе ў ціхім шведскім горадзе Мальма па вуліцы Södra Förstagatan, што значыць вуліца 1-я Паўднёвая, да гатэлю «Хілтан», каля якога праз паўгадзіны ў мяне спатканьне з прыгожай жанчынай, потым вечар у рэстаране, ноч у нумары з панарамай усёй Еўропы, дый наогул жыцьцё наперадзе, а тут падыходзіць той бадзяжнік і пальцамі пстрыкае, просячы прыпаліць, сам дастае запальнічку, на пісталет падобную, гэткую ж, як у мяне, раптам страляючы мне роўненька пасярэдзіне лобу над пераносьсем, якраз туды, дзе індусы круглыя знакі свае, кропкі сьвету ставяць, і я аказваюся нібы ў цалкам шкляным, ці нават у паветраным ліфце без апоры пад нагамі, дух, здань, недзе ў пустаце, недзе нідзе, — во ё-маё, Наташа...