Выбрать главу
Наташа

У Мальма магазін ёсьць «Triangeln», што значыць «Трохкутнік», па назьве раёну, дзе месьціцца, і ў гэтым магазіне яшчэ семдзесят два магазіны, што вельмі зручна, але я не праз тое ў Мальма бываць люблю, магазінаў паўсюль хапае, па сто ў адным, а вось такіх высозных гатэляў з фітнэс-цэнтрам на самым версе, куды цябе шкляны, нібы паветраны, ліфт падымае і скуль панарама ўсёй Еўропы адкрываецца, ці, прынамсі, панарама Капенгагену з усёй Даніяй, у Стакгольме, а тым больш у Хельсінкі, няма, і якраз таму я іншым разам у Мальма, як на поўдзень, пад’язджаю, бавячы час у фітнэс-цэнтры, гледзячы зьверху на Еўропу, — прыгожа... Стуль і замак відаць, у якім Гамлет, прынц Дацкі, вар’яцеў. Глядзіш, думаеш...

Еўропа паціху вар’яцее.

Я ў Выбаргу нарадзілася, дзе няма чаго рабіць, таму ў Піцер паехала, каб там ці сьпявачкай, ці артысткай стаць. Стала прастытуткай, ды на тое напляваць, прынамсі, шведам, якія рускіх сюжэтаў літаратурных: нейкі князь у нечым вінаватым сябе палічыўшы, з прастытуткай надумаў ажаніцца, дык тым самым ледзьве не маральны подзьвіг зьдзейсьніў, — не прасякаюць. Ну, была прастытуткай і была. Цяпер не прастытутка. Шведы, немцы, датчане, ды ўсе яны на захадзе адносіны з целам не ўскладняюць. Аніякіх яму ланцугоў з вярыгамі, толькі песьціць яго, толькі лашчыць. Для таго і фітнэс-цэнтры з панарамай Еўропы...

З тым, што ня цела ў чалавеку, — складаней. Але і ў гэта ніхто так балюча, як у нас, ня лезе.

Прастытуткай я не абы-якой была, а прыпісанай да салону, які трымала жонка былога партыйца — таксама не абы-якога. Я ў школу хадзіла — яго ўсё па тэлевізары паказвалі. То ордэн яму чаплялі, то зорку…

Ня ведаю, колькі ў тым салоне ўсіх нас было, але, мяркую, ня менш за сотню. Прычым, мы падзяляліся нібы на касты...

Вулічных там, зразумела, не трымалі. Прастытуткі ніжэйшай касты, «дамы», прадаваліся па інтэрнэце. На сайце салону, зробленым пад рэсьпектабельны часопіс, зьмяшчаліся фотаздымкі «дам». І расказваліся пра іх усялякія казкі...

Найбольш здольных, пашколіўшы ў ніжэйшай касьце, пераводзілі ў вышэйшую — у «ледзі». Навучаныя і сексу, і мовам, і шмат чаму яшчэ, «ледзі» былі значна даражэйшым таварам. Яны пастаўляліся для ўпрыгожваньня прыёмаў, раўтаў, фуршэтаў. Іх бралі, каб яны прысутнічалі пры падпісаньні кантрактаў, у дзелавых паездках. І яны, безыменныя зоркі, мільгалі на тэлеэкранах пад час дзяржаўных, партыйных, камерцыйных тусовак. Глядзіш: стаіць прэм’ер-міністр, ці сьпікер парламенту, а побач — твая сяброўка салонная...

Панарама.

З вышэйшай касты адбіралася яшчэ і элітная. Можна сказаць, сьпецназ, які абслугоўваў былога партыйца, мужа гаспадыні салону. І выконваў ягоныя даручэньні. Праз адно з іх, апошняе, я і апынулася за мяжой.

Партыец быў з ельцынскіх, і калі да ўлады пуцінскія прыйшлі, яго пачалі выпіхваць з бізнэсу. Адзін з пуцінцаў стаў ягоным канкурэнтам у барацьбе за піцерскі порт. Нешта з канкурэнтам трэба было рабіць, але на пуцінскіх нават кілера знайсьці не ўдавалася — так іх усе баяліся. Прыкідваючы варыянты расправы, былы партыец, якому б у Галівудзе сцэнарыстам быць, прыдумаў, сярод іншых, і варыянт з маім удзелам.

У канкурэнта ягонага сын быў. Хлапчук, толькі школу скончыў... У Марыінскім тэатры, куды, панты ганяючы, прыблізна пароўну хадзілі інстытуткі і прастытуткі, дэпутаты і бандыты, я з ім і пазнаёмілася. Сутыкнулася на лесьвіцы:»Ах!..» — і сумачка выпала, і, калі я за ёй нахілілася, цыцка выглянула з дэкальтэ... Хлапчук вачэй ня мог зьвесьці з яе ружовай зрэнкі.

Я праз тэатр і музыку, праз жывапіс яго і павяла. Праз галерэі з музеямі... Ружавела, грубае слова пачуўшы, — я ўся ўмела ружавець... І ўсё бліжэй, не дазваляючы большага, да цыцкі падпускала.