ЗЬНІЧКА ПАМЯЦІ
Зялёны конік дзяцінства майго
Жыцьцерадасна празьвінеў.
Я хацеў-бы вярнуць тыя гады,
Каб стацца зноў хлопчыкам
Старанным і кемлівым —
З грыфельнай дошкай
I пяцёркай у сшытку,
З першым завучаным вершам
I з першымі захапленьнямі
Хараством прыроды.
Разьвейся, туман, над мінуўшчынай!
Жывая памяць, захавай мілыя вобразы:
З кошыкам — на досьвітку — у грыбы,
З пугай і кніжкай — ля кароў,
Басанож па расе і колкім іржышчы.
Салодкі яблык суседняга саду!
Гарачыя аладкі гасьцінных цётак.
Канькі і росьпісам радасьць на лёдзе.
Гульня ў сьнежкі і мокрыя рукавіцы.
Матчыны клопаты.
Вясёлае кола сяброў...
Зялёны конік дзяцінства майго
Жыцьцерадасна празьвінеў,
Празьвінеў і зьнік.
* * *
Малітвай — родная гаворка.
I родны вобраз уваччу.
Сярод чужых мне цяжка, горка.
Я разумею... Я хачу
Сагрэць уцеху на ўспаміне —
Знайсьці сябе, любоў сваю
Ў даўно пакінутай краіне,
Якую сёньня я пяю.
Яе ніколі не забыцца...
Дай Божа, сэрцам зьберагчы
Жывую памяць гэтак, быццам
Хаваю хатнія ключы.
ЖУЖАЛЬ
Жужаль-жук жыцьцё нагамі вяжа
На пажоўклай жаласнай траве.
Можа гэта дзён апошніх пража,
Ды якую хтосьці разарве.
Здарыцца, капытам конь расьцісьне,
Чалавек растопча жужалька...
Да зямлі прытуліцца трылісьнік
З мокрай плямай зьмятага жука.
I ніхто ня ўбачыць і ня скажа:
— Ну, навошта? Хай і жук жыве,
I сваё жыцьцё нагамі вяжа
На пажоўклай жаласнай траве.
* * *
Я шукаў цябе
Больш за сорак год,
Больш за сорак.
Шмат было нягод.
Пасярод прыгод
Стрэліў корак.
Ад шампанскага —
Сьмех іскрысты ў столь,
Сьмех іскрысты.
Я знайшоў цябе.
Сонца сушыць золь...
Мая прыстань.
* * *
Ты ўвасабленьне Беларусі,
Мая знаходка долі ў далечы.
З табой да мэты дабяруся,
Высакародны вобраз маючы.
Маё раптоўнае натхненьне
Малюе бацькаўшчыну родную.
Я маю творчае імкненьне
I мову прадзедаў прыродную.
Хачу я жыць з табой у згодзе,
Гарэць супольнымі жаданьнямі,
Ды разам — з песьняй — праз стагодзьдзе
Прыйсьці ў наш край жывымі зданямі.
* * *
Зьявіся, любая, прымройся
На сьветлы дзень, як цудадзіў, —
Такой, як бачыць давялося,
Калі з табою я хадзіў
У гай сасновы, у гушчары,
На бераг Сьвіслачы-ракі.
Каханьня казачныя чары
Табе вязалі касьнікі.
Мы абяцалі. Мы чакалі.
А ўсё гусьцей плыла імгла...
Каго шукалі — ашукалі,
Між намі прорва пралягла.
I — чвэрць стагодзьдзя. Мне здалося,
Я памяць зноў разьверадзіў...
Зьявіся, любая, прымройся
На сьветлы дзень, як цудадзіў.
* * *
Ня ценем, а зіхценьнем
Багатая зямля.
Я сонечным праменьнем
Пісаў тваё імя.
Ня толькі фігуральна
Ў паэзіі маёй,
Але і натуральна
На бірцы на сухой.
Праз кругленькае шкельца
Я сонца прапусьціў,
Як мастака-умельца,
I ўсьмешкай заплаціў.
I сонечным праменьнем
Тваё ўпісаў імя.
I сапраўды, зіхценьнем
Багатая зямля.
* * *
Каханьне пазнаем не ў пацалунку,
Не адпачынкам у лясной глушы.
Яно, як нітка тонкая ў карунку,
Спляценьнем цесным вяжацца ў душы.
На цёплай пагулянцы, на забаве
I на штодзённай працы знак даем.
Мы не на пышных словах, а на справе
Сваіх сяброў і любых пазнаем.
* * *
Былі галодныя часы.
Трывога трывала заўзята.
Кавалак конскай каўбасы
Прыносіў нам радасьць і сьвята.
Мы танцавалі. Шум і сьмех.
Віліся пачуцьцяў каралі.
I быў у нас адзіны грэх:
Ня тых, каго трэба, кахалі.
У ЧАРОЎНЫМ СЬВЯТЛЕ
Я праз цябе бачу сьвет
У чароўным сьвятле.
Гіне цяпер пустацьвет,
Сьпее плод на стале.
Тут ня ігруша, — ігра,
Сьпеў Эрота ў цішы.
Дыхай вульканам, гара,
Маё гора глушы.
Гора мінулых гадоў —
Як гарачы агонь.
Грукат чужых гарадоў
Сівізной мне на скронь.
Любая, дзейсны вулькан!
Хмару полымем змый,
Я разумею твой стан,
Створым казку і мы.
Ведзьма няхай нам усьлед
Не ляціць на мятле...
Я праз цябе бачу сьвет
У чароўным сьвятле.
СІНЬ
У мілай гаспадыні
Свой густ — не для старых.
На лямпе каптур сіні
I ўсюды сіні штрых.
Дармо, як у тапельца
Мой пасінелы твар!
Ты неба на відэльцы
Нясеш, мой кулінар.
Як смачна! Чараўніча!
А з чым цябе раўнаць,
Калі пачнеш аблічча
Блакітам ахінаць?
Нябёсны колер твару,
Такога не знайсьці!
Даўней i Рэнуару
Ня сьнілася ў жыцьці.
I песьняру ніколі
На думку ня прыйшло
Ісьці ад чорнай долі
Ў блакітнае сьвятло.
А я згадаў такое.
Усё з твае рукі —
I сінь цьвіце ў пакоі,
I ў вазе васількі.