Выбрать главу

Зароў той, пакінуў жабкам палову хваста і ўцёк зноў у асаку. Запароўся глыбей, сеў і пачаў слёзы махнатым кулаком выціраць.

Па справах і пакуты!

Ноч

Скача ноч над зямлёю на чорным кані. Адрываюцца, падаюць з яе плашча ўніз залатыя зоркі, і пушча ловіць іх пушыстымі рукамі, прымае нячутна і мякка ложыць на зямлю. Унізе агеньчыкі згаслі, дрыжыць свет салаўіным спевам. Мякка перабірае капытамі ў паветры стомлены чорны конь. І твар у ночы чорны, на чорных валасах чорная карона і на юнацкім целе чорныя латы.

Спіце, людзі, вартуе ноч верна ваш сон. Хутка зоймецца світанак, выйдзе на бойку з ноччу зара ружовая, пачне пускаць ночы ў твар сонечныя дзіды. Няроўная бойка, сцячэ цела ночы крывёй уласнаю - шэрым туманом, упадзе яно ў балоты, цёмныя лясы ды на дно глыбокіх азёр.

Але далёка яшчэ да святла: толькі-толькі праспявалі першыя пеўні, вадкая суцень паўсюль, цішыня.

Скача ноч на бязгучным, перабіраючым капытамі чорным кані, і падаюць, адрываюцца з яе плашча залатыя зоры.

Куцька

Ляжыць на двары за дравяніцаю на грудку сена Куцька-шчанюк. Нешта не бярэ яго сон, ці то блохі расскакаліся па голым плямістым пузе, ці то яшчэ нешта, толькі мучыць яго нешта жудаснае, сабачае, тужлівае.

Холадна, працягнуліся ад дома і пуні густыя чорныя сцені, і па-над дахамі выплывае чырвоны месяц, смяецца. І ад гэтага месяца такая ахвота завыць шчанюку, проста жах. І ўсё яму здаецца, што за адрынаю стаіць нехта, шэры і без галавы, і вось-вось накінецца на яго, Куцьку, і пацягне некуды. І на самай справе, пачаў месяц у небе смяяцца і скакаць і ўсё бліжэй-бліжэй да Куцькі. Заціснуўся ён у самы кут, зарыўся ў салому: не так страхліва, калі спіна прыкрыта.

- Ну што, - кажа месяц Куцьку, - сёння маленькага гаспадара за нагу кусануў, костку з кухні сцягнуў? А чыя гэта там, пад сталом, пляма?

Хоча Куцька адказаць, што гэта ён ненарокам зрабіў, што больш не будзе -голасу няма.

- Ну добра, - кажа месяц, - гля-адзі ў мяне. Вось цябе зараз за гэта “нештачка” забярэ.

Дый схаваўся на гэтым за хмарку, канчаткова цёмна стала. І бачыць Куцька, нешта за адрынаю зарухалася, і вось стуль “нештачка” выходзіць, шэрае, як туман, і без галавы.

- А-а-а-а, во-о-ось ён, - і ідзе да яго, растапырыўшы рукі.

Ускочыў Куцька і кінуўся бегчы, але ногі ў яго не рухаюцца - быццам прысталі да зямлі. Заскугліў ён жаласліва, перабірае нагамі. А “нештачка” ўсё бліжэй... А-ай!

Бачыць - нічога няма. Тыя ж сцені ад дома, той жа месяц над дахамі, раўнадушны і спакойны, і сам ён, Куцька, ляжыць на падсцілцы на тым жа самым месцы і яшчэ нагамі рухае. Узрадаваўся. Вось я які храбры, нават “нештачка” спудзілася і ўцякло.

Ззяў месяц, і грызліся блохі.

Вераб'ёва цешча

Ва ўдовінага вераб’я цешча памерла ад злосці. Спачатку ён быў узрадаваўся, што не будзе каму яго поедам есці, а потым адумаўся. Якая б ні была, а ўсё-такі цешча. І вырашыў ён цешчы багатыя памінкі справіць. Сабраліся ў яго на акне за налічнікам іншыя вераб’і, елі смачных чырвоных рабакоў і розных казюль, пілі бярозавы квас і мёд з жалудовай шкарлупы. Упіліся моцна і пачалі біцца і песні спяваць.

А тут котка, лёгкая на ўспамін, села ля налічніка, жоўтымі вачыма блішчыць, не выпускае нікога. Ды з п’яных вачэй і не пабачыў ніхто. Кажа верабей:

- Эх, і надвор’е, месяц ззяе, цёпла... Каб быў госцем - даўно б дадому пайшоў. Высунуўся адзін легкадумны маладзенькі верабейчык - і назад, ледзь жывую душу ўратаваў.

А гаспадар куражыцца: “Ды што, ды я яе”. Да таго расхрабрыўся, што выскачыў з гняздзечка куляю і паляцеў на котку навальніцаю.

- Ах ты, даўбня, каб ты счарнела, як галавешка. Прэч!

Вераб’і ўсе адзін на аднаго падобны...

Котка ад гэтага націску разгубілася, пачала адступаць, а потым пытае:

- Ты, часам, не цешча тутэйшаму вераб’ю?

- Так, - кажа верабей, а сам ужо прахалануў і дрыжыць, як ліст.

- Ох, не зайздрошчу я яму.

Ды ад страху як скочыць у дзядоўнік. Госці пайшлі, а верабей замысліўся.

- Хто зараз за мяне з маім мяккім характарам з суседзямі, з ворагамі, з начальствам лаяцца будзе. Няма ў мяне цешчы, няма абаронцы.

І заплакаў.

І цешча іншы раз карыснай бывае.

Старая казка

Вясною, ледзь пабеглі ручаі і падзьмуў халодны вецер, падчас якога выпускае сваё лісце дуб, прачнулася ў дупле старой ліпы дачка ляснога цара. Пацягнулася соладка і прыпомніла адразу, што зноў усё лета пройдзе ў яе без кахання. Моцна вартуе яе лясны цар, і няма вакол нікога, каму б магла яна цёплае слова сказаць, чорнымі косамі шыю абвіць, пацалаваць у ружовыя вусны. Не зноў жа на аленях усё лета ездзіць. Засумавала, наліліся ў яе слязьмі прыгожыя вочы.