Выбрать главу

Чорт пачуў, што нехта ўнізе чмякае ды ліжа А ен жа ведаў, што ў хаце нікога, акрамя кошкі, няма. І вось нейкая там кошка чмякае ды сапе і не дае яму, чорту, чужой рэпы спакойна пад'есці.

Развярнуўся ен ды і піхнуў кошку нагой.

- Апсік! Апсік, гадасць такая!

Ну вось. А мядзведзь гэта табе не кошка. І я табе даваць мядзведзю выспятка ніколі не раю.

Пакрыўдзіўся Мішка. Згроб чорта ў ахапак, сцягнуў з прыпечка і давай яго мяць, давай яго прасаваць, давай яго лапамі валтузіць ды калашмаціць, давай абходжваць, лупцаваць, малаціць ды дубасіць, давай яго за рогі круціць, як сідараву казу, ды дзерці смяротным боем.

Ледзь вырваўся чорт з мядзведжых абдымкаў. Узляцеў на прыпечак. Сяк-так выкараскаўся праз комін. Скаціўся са страхі ды і чкурнуў далей ад хаты. У пушчу, як ашалелы.

А мядзведзь, задаўшы чорту чосу, зноў заснуў як пшаніцу прадаўшы.

Раніцою ўсе ўсталі і падумалі, што гэта мядзведзь рэпу еў. Здзівіліся, што не пабаяўся лезці ў гарачую печ, і ўзрадаваліся, што з'еў зусім мала. Што ж, мядзведзь не першы і не апошні ў свеце адказваў за чужыя грахі.

Пасля ўсе даелі тое, што заставалася ў гаршку. Мядзведзь нават яшчэ паскакаў дзецям. І пайшлі яны з павадыром зноў, ад мястэчка да мястэчка, ад сяла да сяла. Пад сонцам і дажджом.

Тупу-тупу-тупу, Нясе Мішка ступу...

Але з таго часу чортава гарэзаванне як нажом адрэзала. Коні здаровыя, сажы ў капусце няма, на пірагах ніхто не адпачывае. У коміне, праўда, нехта часам вые і з падпечка часта нешта свеціць, але гэта ўжо цярпець можна. Раздумаў Янка кідаць сваю хату.

Толькі на гэтым гісторыя не скончылася, не думайце. Неяк пад восень араў Янка свой клін пад азіміну. Мокры, касы дождж, нізкія чорныя

хмары. Аж бачыць, з-пад хмар, з самага акаёму нехта ідзе да яго па раллі. Прыглядзеўся - ага, стары знаeмы, чорт.

Ідзе ўвесь мокры, як цуцык пад злевай. На кожным капыце па пуду гліны наліпла. Пад носам ад прастуды вісіць вялізная кропля. А насоўкі ж ён не мае. Як часам, калі дома забудзеш. А капытом не дужа высмаркаешся. Ідзе такі няшчасны, такі жаласны і ўбогі, што Янка яго пашкадаваў:

- Ты куды гэта?

- А так, сказаў чорт. - У свет.

Памаўчалі. Пасля чорт пытае:

- А скажы ты мне, ці ўсe яшчэ ў цябе тая кошка?

Янка быў чалавек не дужа мудры ды і не ведаў, пра якую кошку

размова:

- Анягож, кажа. - Ясна, што ў мяне. Ды яшчэ і шасцера кацянят прынесла.

- І ўсе ў матку?

- Ага. Усе пярэстыя, з чатырма лапамі, з адным хвастом.

- З лапамі, з лапамі, сказаў чорт. - Даліся мне тыя лапы.

- Дальбог, аж шасцера!

- Ну, то я, мабыць, ніколі да цябе не прыйду, уздыхнуў чорт. - А трэба было б. Дужа трэба.

- Гэта чаму?

- Ат! Закапаў я ў цябе ў падпеччы казан з золатам. Скарб. І трэба было б выкапаць, але як тваю кошку ўспомню - бр-р-р! - ну яго. Хай прападае.

- Ты, як зусім змерзнеш, прыходзь. Глядзіш, рэпу зварыш, дзяцей пакалышаш.

- Н-не. Кошкі баюся. А рэпы гэтай я цяпер да самай смерці ў вочы бачыць не магу.

Ды і пайшоў сабе полем, пад дождж, ледзь цягнучы пудовыя ногі. Такі гаротны небарака.

А Янка даараў клін i пайшоў дахаты. I толькі там успомніў, што нештачка ў падпечку свяціла, i чорт пра нейкі скарб казаў.

Пачалі капаць ў падпеччы і - на табе - выкапалі вялізны закураны казан з золатам і чырвонцамі. Нібы жар, разлілося святло па хаце.

Так ужо свяціла, так паліла, так пякло, што ўсе аж распранацца

пачалі.

Чорт пасля таго ў моцныя маразы ўсё ж прыходзіў. Толькі прасіў кошку ў камору выкідаць. Капусту Янку варыў і дзяцей калыхаў. З таго часу і пайшла прыказка, што "шчасліваму і чорт дзяцей калыша".

А на той чортаў скарб паставіў Янка сабе i ўсяму наваколлю новыя хаты, свірны, адрыны, новыя стайні. Сады пасадзiў, млын паставіў.

Ва ўсіх сялян па сорак сыноў ды дачок, па сорак коней ды валоў. І ўсе хаты як звон. І ў кожнай хаце на акне, на сонейку, кошык. А ў кожным кошыку кошка. І ў кожнай кошкі па шасцёра кацянят. Во шчасце дык шчасце!

І таму, калі ты жывеш шчасна і радасна, ніколі не дражні мядзведзя ў звярынцы і не кідай у кошку не тое што камянём, а нават мяккай грудкай зямлі. Бо гэта ж яны зрабілі калісьці так, што табе добра. Ды і наогул ні ў кога нічым не кідай і нікога не дражні.

Тады ўсім будзе хораша на гэтай прыгожай зямлі, што ляжыць крышку бліжэй Сонца i крышку далей ад Месяца. Людзі будуць працаваць, кошкі будуць вуркатаць, а мядзведзі насіць табе i ўсім іншым дзецям салодкія ступы...

...Тупу-тупу-тупу.

Кацёл з каменьчыкамі

Давай з табой сядзем і пагаворым. Ты што, спаць збіраешся ці хворы? Тады заставайся ў цёплым ложку. А калі ты здаровы і ты здаровая, то давайце сядзем на пашчапаныя бярвенні, ля прызбы, на лаўкі, а каму зручна - той і проста на падлозе.