Выбрать главу

І жыў у той дзяржаве такі сабе шэры верабей. Як і цяпер, шукаў зернейкі, цвыркаў летам і мерзнуў зімою. І быў такі самы нахабны, як зараз. Толькі што ў тыя часы ён не скакаў адразу абедзвюма ножкамі, а хадзіў, як людзі. Адной лапкай -другой лапкай. Левай - правай. Левай - правай. Раз - два. Раз - два.

Хадзіў сабе і спяваў:

Я - вясёлы верабей, Я - арол-верабей, Вельмі смелы верабей, Верабей, Верабей, Вера- Вера- бей!

Вельмі добры верабей!

І трэба ж было так здарыцца, што гэты верабей правініўся. І правіна тая была - глупства Але і зараз некаторыя птушкі за яе плоцяцца

Проста была вясна. Цёпла. Зелена. Паветра салодкае. І вырашыў верабей не ляцець дадому на крылах, як ашалелы, а прайсціся, пагуляць. І нанесла тут на яго слаўную сямейку. Сітавак. Тых, што хвастамі трасуць. Ідуць перад ім па алеі і хвастамі махаюць. Ну, тата і мама-сітаўкі не так махалі. Затое маладая сітаўка трэсла хвастом за траіх. А які прыстойны верабей гэта вытрымае?! Спытайце ў кожнага вераб’я. Ніякі.

Вось і наш верабей не вытрымаў. Размахнуўся крыльцам і ляпнуў сітаўку па хвасце. Пагарачыўся.

Сітаўкі шкодныя былі. Ім падставіць другому ножку было, як табе яблык з’есці. Пайшла скарга арлу. Слова за слова - сабраўся птушыны суд. Вадзяны бугай -суддзя, удод - пракурор, шчыгол - адвакат, чыжык і чачотка - прысяжныя. Кепскі быў выбар, бо чыжык хацеў з чачоткаю ажаніцца і думаў таму пра ўсё, як яна.

Шчыгол яму раду радзіў, Нелукаву, просту: “Бяры сабе чачотачку. Яна твайго росту”.

А чачотка была ўсёй душой за сітаўку, бо і тая і другая былі аднаго поля ягады.

І вырашыў птушыны суд, што трэба злавіць вераб’я і за гэткае ягонае свавольства прыкладна пакараць.

Спалохаўся верабей і ўцёк. А ўсё птаства - за ім. Як хмараю, неба закрылі.

Бачыць верабей, што не ўцячэш. Угледзеў дупло і шмыгнуў у яго. Сядзіць, нібы ў крэпасці.

Пачалі птушкі ў дупло лезці.

Але верабей быў хітры. Выбраў такое дупло, што дзверы былі якраз на яго зроблены. Ні большыя, ні меншыя. Малая птушка палезе, то ён з ёю лёгка справіцца і выкіне. А большая аніяк не пралезе. Хіба што адну дзюбу прасуне.

Валтузіліся-валтузіліся птушкі. Бачаць, сілаю вераб’я ў ягоным замку не возьмеш. Значыць, трэба браць крэпасць зморам.

Паселі вакол і чакаюць. Захоча верабей есці і піць - сам вылезе.

Чакалі-чакалі. Аж тут пачала падаць на зямлю ноч. Захад гасне. У лесе ўсё шэрае робіцца. Пасля цямнее. А пгушкам уначы належыць спаць. У цёплым гняздзе, як табе ў цёплым ложку. Галаву пад крыло, як ты ў падушку. Ды і свішчы сабе дзюбай, як ты носам.

Вочы ў птушак зліпаюцца. Пазяхаюць птушкі. Але як пойдзеш спаць, то верабей уцячэ.

- Трэба вартавога паставіць, - дадумаўся ўрэшце коршак.

- Каго? - працывікала сінічка.

- Хто ўначы не спіць. Хто ўначы не спіць, - заліўся шчыгол.

- Ляляка. Ляляка. Казадоя. Казадоя, - зашчабяталі ўсе.

- Н-ну-у, н-ну-у, - прагудзеў вадзяны бугай. - Ма-лы, малы! Са-ву! Са-ву!

І тут усе вырашылі, што лепей за саву нікога не знойдзеш. Уначы не спіць - раз. Ноччу лепей, чым днём, бачыць - два.

А сава ў той час была зусім без пер’яў. Голая, як абскубеная курка. Жоўтая. Худая. Выгляд сараматны і гнюсны. Кепска ёй было жыць. Удзень горача, а ўначы холадна.

І таму сава абурылася.

- Не буду я вартаваць, - сказала сава. - Мала што я ўначы не сплю і добра бачу. Усе птушкі ў пер’ях, ды яшчэ ў цёплым спаць будуць. А я, арата, адна сярод усіх, голая, як палец, ды яшчэ і вартуй. Холадна. Не буду.

- Ну паслужы адзін раз грамадзе, - сказаў удод.

- Не буду я дбаць пра грамаду, - забубніла сава. - Яна пра мяне не дбае.

- Дык што ж рабіць? - спытаў коршак.

- А вось што, - сказала сава. - Калі хочаце, каб я ў вартаўніках хадзіла, то пашыйце мне кажух.

- Як? - спытаў шчыгол. - Што ж нам, авечак ісці лупіць?

- Птушыны кажух. Скіньцеся кожны па перку і аддайце мне.

Узрадаваліся птушкі. Адно перка - глупства. З аднаго перка не

абяднееш і не ўзбагацееш. Аддай яго ды ідзі спаць.

Скінуліся па адным пяры і зрабілі саве дзівоснае футра. А паколькі ў кожнай птушкі свой колер, то і апярэнне ў савы з таго часу рознакаляровае. Ёсць пер’і жоўтыя, ёсць бурыя, ёсць рыжыя і шэрыя, белыя і чорныя.

Разляцелася птаства спаць. Села сава перад дуплом. Вартуе. Не спіць. Глядзіць на ўсе вочы. А ў лесе хораша. Месяц вялізны. Усё, нібы ўдзень, відаць.