Выбрать главу

Выгляне верабей з дупла - сядзіць сава, брыда гэткая. Гараць савіныя вочы, яе дзве залатыя поўні. Яму ўжо і есці хочацца, вераб’ю. Высуне галаву -пільнуе сава, гнюснасць такая. Аж плача верабей.

Тым часам днець пачало. А совы ўдзень нічога не бачаць, спяць. Пачала сава кляваць дзюбай. Пачалі ў яе вочы зліпацца. Нібы хто іх мёдам намазаў.

А птушкі заспалі. Такая ў лесе раса халодная. Так цёпла ў гнязде. Ну, яшчэ хвіліну паспім. Ну, яшчэ другую.

Выглянуў верабей - спіць сава. Дзень на дварэ, ды яшчэ з непрывычкі размарыла яе ў цёплым кажусе. Верабей чакаць не стаў. Выбраўся з дупла і давай лататы.

Толькі праз гадзіну дабудзіліся птушкі савы. Глянулі ў дупло, а вераб’ём там даўно і не пахне.

- Ах ён, нахаба! Ах ён, бусурман, бессаромныя вочы! Ну і ты, сава, добрая! Не падпільнавала, так? А нашто ж тады мы па перку скідаліся?!

- А вы чаго праспалі? - спытала сава.

- Добра, яшчэ пагаворым, - закрычалі птушкі. - У пагоню! Хапаць

вераб’я!

Ганяліся яны за вераб’ём цэлы год і неяк усё ж злавілі. Хацелі спачатку пакараць яго тым, што звязаць яму крылы. Але потым раздумалі. Прападзе верабей. І калі чалавечы суд павінен трымацца за чалавечнасць, то птушыны павінен трымацца за птушынасць. Таму звязалі вераб’ю не крылы, а ногі.

І стаў з таго часу верабей скакаць адразу дзвюма ножкамі.

А саве ўсе птушкі і да гэтага часу аніяк не могуць дараваць, што яна праспала. Надта ўжо сваіх пер’яў шкада.

І вось варта саве раніцай не дабрацца да дупла і заснуць недзе пад ялінай ці кустом, - тут усе птушкі навальваюцца на яе цэлай хмарай, скубуць ды крычаць:

- Аддай маё пер’е! Ад-дай маё пер-р-р’е!

Не верыш - спытай у старых людзей, у паляўнічых, якія гэта на свае вочы шмат разоў бачылі.

І хаця сава і суцяшае сябе, што арол ды сокал яе не чапаюць, а скубуць яе, бязвінную, адны вароны, сарокі ды пахучыя ўдоды - дрэннае гэта, па-мойму, суцяшэнне.

Дробязь тая - самае гэта нікуды не вартае на свеце. Лепей ужо з арлом схапіцца, абы толькі розная жамяра ды малеча цябе не шчыкалі і не скублі.

...Адзін толькі верабей, нават і цяпер, жыве сабе і не шманае. Ну, ногі скруцілі. Падумаеш, бяда вялікая. Скача сабе на абедзвюх адразу ды заліваецца:

Я - вясёлы верабей, Я - арол-верабей, Вельмі смелы верабей, Верабей, Верабей, Вера- Вера- бей!

Жабкі і чарапаха

На беразе маленькага ляснога возера-балотца разгарлаліся, разышліся і наладзілі канцэрт жабы. Церушыў на іхнія галоўкі цёплы дожджык, свяціла праз яго сонца. Весела было жабкам - вось яны і спявалі.

І тут прыплыла пратокай з такога самага суседняга балотца-возера вялікая балотная Чарапаха. Жыла яна адна, пачула вясёлыя спевы і вось прыплыла, вынырнула, напалову вылезла на бераг і ўся аж зморшчылася ад асалоды. Надта добра спявалі жабкі.

- Жабкі, жабкі, дзень добры.

- А ты што за цуда-юда? - спыталі жабкі.

- Я Чарапаха.

- Бачыць такое не бачылі, чуць гэткае не чулі. Значыць, не можа цябе

быць.

- Ды ёсць жа я, - сумна сказала Чарапаха. - І як жа вы добра спяваеце! Паўтарыце, калі ласка. Проста салаўі.

- Можам, - сказалі ўлешчаныя жабкі.

Ку-ма, кума Бор-ршчык вар-рыла.

- Выдатна, - сказала Чарапаха. - Выключна. Жабкі-жабкі, прыміце мяне ў

свой хор.

- А ты спяваць умееш?

- Не. Я слухаць люблю.

- Дык слухай. Здалёк. Ці прывядзі сястру, якая ўмее.

- І яна не ўмее, - сумна сказала Чарапаха. - Мы, чарапахі, не ўмеем спяваць. Голасу нам не дадзена.

- Дык нашто ты нам тады? - спыталі жабкі.

- А слухаць вас хто будзе? Хваліць?

- Нас і так усе чуюць. І ўсе хваляць

- Ну і я ціхенька сядзела б ды хваліла, - сказала добрая і разумная Чарапаха.

- Дык ты, можа, яшчэ нешта ўмееш? - спытала Галоўная Жаба ў хоры, якая аж дзьмулася ад важнасці.

- Плаваць умею. Ныраць.

- Гэта й мы ўмеем. А скакаць умееш?

- Не, - уздыхнула Чарапаха.

- Нічога ты не ўмееш... А мы яшчэ нясём ікру. Жабурынне.

- Я замест яе яйкі нясу, - сказала Чарапаха. - Вялікія.

- Ф-фу, - сказала Галоўная, - яйкі... Ну, паспрабуй усё ж заспяваць.

І Чарапаха зарыпела:

Свеціць месячык з гары На шчытах у чарапах

На глыбокія віры. Сіняе святло гарыць.

- Словы нішто сабе, - сказалі жабы, - але ж голас? Бр-р-р!

- Дык я б вам - словы, а вы б - спявалі.

- Словы ў нас не горшыя. Самі прыдумалі:

Што вар-рыла, кум-ма, кум-ма?

Борш, бор-ршч, бур-ракі.

- Добрыя словы, - сказала Чарапаха, - але галасы ў вас лепшыя.

- І што гэта за “шчыты ў чарапах”? - спытала Галоўная Жаба.