Выбрать главу

Міхась Зарэцкі

ВЯЗЬМО

Падрыхтаванае на падставе: Міхась Зарэцкі, Вязьмо. Раман, — Мінск: Мастацкая літаратура, 2006. — 301 с.

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

1

Надвячоркам, як ужо добра зашарэла ў хацёнцы, Галілей борздзенька саскочыў з печы, увамкнуў святло свае саматужнае электрычнасці і вострым руплівым вокам азірнуў начынне. Але зараз жа, мабыць, раптоўна наважыўшы нешта, ён зноў загасіў электрычнасць, гукнуў Босага і выйшаў на вуліцу. Па вуліцы ён, як зазвычай, не ішоў, а бег трушком, дробна падкідаючы ўсё сваё хударлявае тулава. I таксама, як ён, дробна трусіўся следам за iм яго неразлучны калматы таварыш.

Так дабег Галілей да памяшкання местачковае сямігодкі. Босага ён, не ўважаючы на яго жаласны пратэст, пакінуў у цёмных халодных сенцах, а сам асцярожна прачыніў дзверы ў кватэру загадчыка сямігодкі.

Марына Паўлаўна стаяла, укленчыўшы на канапе, перад акном — роўна, нерухома, як на шчырым маленні, і ўзіралася ў сіні вечаровы змрок. Як увайшоў Галілей, яна страпянулася, быццам спалохалася, каб не ўступіў хто ў кола яе вольна раскінутых на самоце думак, саскочыла долу і села, стуліўшыся, у куточку канапы.

Галілей непакойна тупаў у парозе і раз-пораз стрымана кашляў.

— Можа, святло запаліць, дзядзька Ахрэм?

— Кхе... кхе... вось зараз скончу сваю работу, дык зраблю элекгрычнасць вам, Марына Паўлаўна... ветрачок, як у мяне...

— Пакуль што я запалю лямпу. Сядайце, калі ласка.

Галілей падышоў бліжэй, але астаўся стаяць — сядзець ён не любіў.

Марына Паўлаўна запаліла святло, і яно цьмяна азарыла твар яе, стараваты ўжо, збляклы, з бясцветнымі вачмі, у пустэчы якіх правальваліся ўсе захаваныя думкі яе і адчуванні.

Галілеева барадзёнка затрэслася ў спагадлівай турбоце. I каб развеяць Марыне Паўлаўне яе глухую немарасць, ён — аб чым жа больш? — зачаў гаварыць аб сваім вынаходніцтве.

— Усё з печкаю вэдзгаюся, Марына Паўлаўна... ага... Цыркулярная печка... цыркуляцыя, значыцца, духу... ага... Дый карціць мне, каб як без дыму. Дым цеплыню з хаты выносіць, дык каб затрымаць яе...

Марына Паўлаўна ледзь прыметна ўсміхнулася.

— Як жа гэта без дыму, дзядзька Ахрэм? Без дыму ж агню не бывае.

Галілей замітусіўся па хаце:

— Вось так... Вось гэтак... Адсюль — сюды... Адтуль — туды.

Марына Паўлаўна ўдалася ў свае патаемныя думы. Пад Галілееву мітусяніну думалася лягчэй і спакайней — думкі ішлі больш фактычныя, хатнія.

— Ага... вось так... Зразумелі, Марына Паўлаўна?

Марына Паўлаўна не зразумела нічога, але троху супакоілася і, замест адказу, раптам загаварыла — зусім вольна, адкрыта — пра сваё:

— Што мне рабіць, дзядзька Ахрэм? Ці мне самой скончыць усё, ці чакаць, мо ўладзіцца неяк, мо мінецца гэта ў яго... Яму ўжо пад сорак, вы ведаеце? У нас жа зусім дарослая дачка. Мы дзевятнаццаць год як жанатыя... Як гэта разумець, дзядзька Ахрэм? Што рабіць?

Галілей стуліўся ў настарожанай гатоўнасці развязаць цяжкую праблему Марыны Паўлаўны. Ён захапляўся кожнай праблемай, якая траплялася на ягоным жыццёвым шляху — усё роўна, ці мела яна непасрэднае да яго дачыненне, ці не,— і з роўнай стараннасцю біўся над яе развязаннем. Такі ўжо быў Галілееў характар! Цяпер ён без ніякага жалю кінуў свае разважанні аб цыркулярнай бяздымнай печы і ўраз працяўся турботаю Марыны Паўлаўны.

— Кхе... кхе... Тут трэба памеркаваць, Марына Паўлаўна... Апошняе каханне бывае моцнае, дужа моцнае... I дурное. Стары дурней за маладога хлопца кахае... ага... Ды яшчэ і свет цяпер лёгкі пайшоў... Вальготны цяпер свет для чалавечай душы. Гэткім светам — няма чалавеку ніякага ўёму.

— Я ж не трымаю яго, дзядзька Ахрэм. Ён сам не хоча кідаць мяне.

— Пэўна, што не хоча. Тут трэба памеркаваць... Не хоча, бо да старое ласкі прывык, да абыходу. А і новае загарэлася. Вось і ламаецца чалавек.

— Праўда, што цяжка яму бывае таксама.

Галілей раптам замуляўся, закхекаў, затупаў непакойна на месцы. Значыць, меў сказаць нешта для яго важнае, нясцерпнае.

— Я мяркую так, Марына Паўлаўна. Усё ломіцца, дык і чалавек мусіць ламацца. Не ў тым, дык у тым... Раз ператруска ўсяму... усяму ператруска...

Ён ступіў крок наперад і ў нервовай паспешнасці зашаптаў:

— Дадушы ж, усё ломіцца, Марына Паўлаўна. Нешта будзе, нешта будзе. Можа, новая рэвалюцыя ідзе... Я яшчэ не ведаю, не ўцямлю ніяк. Думаю, думаю, а не надумаю нічагутка. Як вы ўважаеце, Марына Паўлаўна? У які бок гэта пойдзе?

Марына Паўлаўна млява адмахнулася:

— Не ведаю я, дзядзька Ахрэм. Пагаманіце з Сымонам, ён добра знаецца ў гэтым ува ўсім.