Усе лісты, атрыманыя ад Зеленюка, Віктар перачытваў немаведама па колькі разоў і гарліва складаў іх адзін да аднаго ў сваю запаветную хлапецкую скрынку побач з іншымі сувенірамі, накшталт абгрызеных алоўкаў, сцірак, спісаных пёрак ды інш. Але стокраць перачытаныя і запакованыя ў запаветнай скрынцы лісты ўсё роўна не давалі спакою — яны стаўпляліся ўнутры назолліва турботным узрушэннем, і гэта ўзрушэнне балюча распінала Віктарава сэрца, настойна патрабуючы выйсця. Віктар стаў шукаць чалавека, з якім бы можна было дзяліцца сваімі перажываннямі, і больш прыдатнага да гэтае мэты чалавека, як Тацяна Шыбянкова, вядомая рэч, знайсці не мог. У іх завялося смешнае зайздрослівае спаборніцтва, кожны атрыманы каторым ліст ад Зеленюка выклікаў у атрымальніка па-дзяцінаму непасрэдны эгаістычны трыумф, які адпаведным чынам уводзіў другі бок у старанна хаванае, але непераможнае засмучэнне. Адылі гэтыя жорстка розныя пачуцці дзівосна перамешваліся адно з адным падчас неадменных супольных чытанняў ліста, і сінтэзам іх была слаўная дружба, якая з кожным днём усё мацней і мацней звязвала спаборнікаў. Дружба гэта не асталася ў баку ад дападлівае ўвагі сівецкай публікі і ўпляла небараку Тацяну ў чарговую зласлівую інсінуацыю, міма якой яна, як зазвычай, прайшла з горда ўзнятай галавой незалежнай жанчыны-грамадзяніна. Віктару ж гэта каштавала цэлае вельмі датклівае сцэны з Аўгінькай, якая, аднак, скончылася для яго зусім неспадзяванай радасцю.
Было гэта так...
Дзеля таго, што бацька Аўгіньчын, сівалапаўскі селянін-серадняк Малах Тодараў Загароўскі, упарта не пісаўся ў калгас і камсамолец Віктар абвясціў яму за гэта індывідуальны байкот,— небарака Аўгінька, як даўней, кожнага надвячорку — толькі-толькі сядзе за Сівец гультаяватае зімовае сонца — выбягала на вуліцу (трэба ж даведацца ў суседак, ці збіраюцца сёння ў супрадкі, а хоць газы пазычыць, а хоць малых паглядзець, каб дзе не патапіліся на каўзялі), станавілася перад форткай, схаваўшы рукі ў рукаўкі свайго чырвоненькага з чорнай смушковай аблямоўкай кажушка, і пільна ўзіралася пад Сівец, зусім у другі бок, не туды, адкуль будзе ісці пунктуальны камсамолец Віктар. I зноў, як даўней, яны ішлі разам аж да млына (гэта ж не менш як гоняў з пяцёра!), і, выйшаўшы за Сівалапы ды клапатліва азірнуўпшся наўкола, ён зноў неўзаметку, на хаду абнімаў яе адной рукой і пяшчотна туліў да сябе і нібыта чуў праз халодную паверхню кажушка мяккую цеплыню яе ўтульна схаванага цела...
I вось неяк так падыходзячы надвячоркам пад Малахаву хату, поўны лёгкай хлапечай бадзёрасці і мілоснага трапятання, камсамолец Віктар з вялікім здзіўленнем заўважыў, што Аўгінька, стоячы ля свае форткі, не ўзіраецца, як звычайна, у процілеглы бок, а з цалкам адкрытай нецярплівасцю чакае яго і, угледзеўшы, нават ступіла крокаў са два яму насустрач. У голасе, якім звярнулася яна да яго, гучала гарачая рашучасць і настойная, нават жаласлівая троху просьба.
— Віця! У нас нікога ў хаце няма... Бацька з маткай паехалі, а малыя недзе гуляюць... Зойдзем да нас... Добра?
Віктар як мага сціснуў у сабе раптоўную радасць і прыжмурыў вочы ў страшэнна дзелавітай развазе.
— Хто яго... У мяне зараз невялічкае пасяджэнне... Пакуль збяруцца хіба?..
Аўгінька сціху, не падымаючы рукі, паціснула яго за кончыкі пальцаў і, зазірнуўшы ў вочы яму сваім асабліва блізкім, шукальным поглядам, прашаптала:
— Пойдзем, Віця... Ну, пойдзем...
Віктар азірнуўся на бакі і рашуча сігануў у фортку — балазе сёння няма ніякага пасяджэння, і ён блізка што зусім вольны.
Аўгінька, увайшоўшы ў хату, адразу села на лаўку і насупілася. Віктар памкнуўся абняць яе — дык яна нездаволена адпіхнула яго і адвярнулася. Гэта было ўжо троху не так, як там, на дварэ, і Віктар здэтанаваўся. Ён падумаў быў, што яна жартуе, і сілком павярнуў яе да сябе, аж, на вялікае сваё дзіва, убачыў, што ў вачах у яе бліскаюць слёзы.
— Аўгінька! Ты на мяне злуешся, ці што?
Замест адказу Аўгінька, ледзь стрымліваючы слёзы, жорстка і суха загаварыла:
— Я да цябе справу маю... Прынясі мне кніжак пачытаць... вось што... Я таксама пісьменная і не дурная якая...
Тут Віктар ужо проста асалапеў.
— Якіх табе кніжак, Аўгінька?
— Усіх... Пра ўсе гэтыя вашыя справы...
— Пра камсамол?
— I пра камсамол... А што ж...
Тут голас у Аўгінькі задрыжаў, і яна яшчэ больш адвярнулася, хаваючы слёзы. Віктар праз нейкі час ламаў галаву, шукаючы тлумачэння такому дзіўнаму яе паводжанню, але марна. Тады ён асцярожна крануў яе за плячо і папрасіў ціхім, поўным жалю і пяшчотнасці голасам:
— Аўгінька... Ты скажы проста, аб чым тут справа. За што ты крыўдзшіся на мяне?..