Выбрать главу

Аўгінька крута абярнулася да яго і, ужо не хаваючы слёз, гаварыла ў злосным узрушэнні, якое штохвіліны гатова было сарвацца на горкую роспач:

— Я, можа, хачу так, як яны... Што я — не чалавек, ці што? Яны і ў нардом, і на сходы, і ўсюды, усюды... Дзіва што яны разумныя... А з намі, як з дурніцамі якімі... З намі і пагаварыць няможна, нам толькі маніць ды ашукваць нас... А я не хочу так... Я не хочу!

Апошнія словы яе, поўныя капрызнага гневу, выбіліся з плачу неспадзявана цвёрдымі ноткамі, у якіх гучала зусім выразная пагроза ў адрас Віктара. Але зараз жа тон яе недалужна апаў, і яна заплакала ціха і пакорна — звычайнымі дзявочымі слязьмі, якія на неспрактыкаванага ды яшчэ такога шчырага хлопца, як Віктар, рабілі атрутнае ўражанне.

Збянтэжаны Віктар разумеў, што «яны» ў Аўгінькі — гэта Тацяна Шыбянкова і што «мы» страшэнна раззлаваліся за частыя сустрэчы і дружбу яго, Віктара, з прыгожай разумнай маладзіцаю. Але гэта толькі ўскладняла сітуацыю, і Віктар яшчэ больш не ведаў, што рабіць, чым суцешыць расплаканую Аўгіньку. Не даўміўшыся ні да чога больш, ён раптам прапанаваў Аўгіньцы такім урачыстым тонам, нібы сапраўды гэта было немаведама якое шчасце:

— Я прынясу табе ўсе лісты ад Зеленюка, і мы разам перачытаем іх... Добра?

Аўгінька адным вокам, ды і то з-пад ілба зірнула на яго і, глыбока хліпнуўшы, перапытала:

— Што?

Тут Віктар ужо зусім спанталычыўся, бо і сам не ведаў, нашто ён уласна гэта прапанаваў.

— Бачыш, Аўгінька... Мы заўжды іх з Тацянай чытаем... Яна мне — свае, а я ёй — свае...

Аўгінька слухала яго з строгім пахмурным чаканнем, нібыта не разумеючы, да чаго ён гэта вядзе.

— Там і пра цябе ёсць, Аўгінька... Я табе не казаў? Добра так напісана...

Аўгінька троху ўціхамірана прашаптала:

— Маніш...

— Дадушы, не маню... Каб ты ведала, як ён прыгожа ўмее пісаць — ніякая табе кніжка таго не дакажа. Вось пабачыш...

Аўгінька схапіла яго за руку і рвучкім капрызным рухам прыцягнула бліжэй да сябе, што было знакам поўнага, канчатковага прымірэння. Яшчэ напаследак хліпнуўшы раз, яна загаварыла аднатонна ласкавым і ўжо зусім спакойным голасам:

— Я папраўдзе, Віця, кажу... Што я — адно сяджу ў хаце ды смакчу гэту няшчасную кудзелю... Ні чалавека жывога не ўбачыш, не пагамоніш ні з кім... I ты не прыходзіш ніколі... А каб я хадзіла ўсюды ды аціралася так сярод людзей, дык мо яшчэ разумнейшая была б за яе за каторую... Во што...

Віктар нарэшце пачуў пад нагамі цвёрды дол і, з законнай смеласцю абнімаючы Аўгіньку, выгаварыў ёй дзелавіта і строга:

— А я ж табе даўно гэта казаў, Аўгінька. Колькі разоў я гукаў цябе — пойдзем. Аўгінька, у нардом пойдзем. Аўгінька, на сход ці яшчэ там куды... А ты што, пайшла хоць калі? Пайшла?

— А што б татка сказаў?!!

— Ну вось бачыш? Тут ужо і татка... А якія мае адносіны татка да палітычна-асветнай працы? Ніякіх... Вось сёння таткі няма, а ў Сіўцы жаночая сходка... Ну, гайда са мной?..

Аўгіныса балесна ўздыхнула:

— Хату неяк кінуць адну, а то б, дадушы, пайшла... Ды і малых нешта няма — гэта ж ужо цёмна зусім...

Тут пунктуапьны камсамолец Віктар мусіў успомніць, што ён забег сюды толькі «пакуль збяруцца», і хоць ніхто там сёння і не думаў збірацца, а тут надзвычай цёпла блішчалі яму пасля слёз любыя Аўгіньчыны вочы, але ні за якія вочы не мог аддаць камсамолец Віктар свайго прэстыжу сталага чалавека і грамадскага працаўніка. Таму, сціснуўшы зубы, мусіў ён пераказаць сваю мімавольную і абсалютна несвоечасовую ману:

— Ну, Аўгінька, мяне чакаюць там... Я прынясу табе заўтра кніжак, і мы аб усім пагамонім...

Праводзячы яго, Аўгінька нібы выпадкова зусім успомніла:

— Заўтра па абедзе татка зноў паедзе да дзядзькі...

I дамысны Віктар узяў гэта, вядомая рэч, пад увагу.

Выйшаўшы з хаты, ён горда ўзняў галаву і пасігаў у Сівец размашыстым, бадзёрым крокам чалавека, якому ў жыцці адкрываюцца бязмежна шырокія і квяцістыя перспектывы.

4

Скончыўшы раскулачванне ўсіх прызначаных да гэтае мэты сівецкіх гаспадароў, Пацяроб з шляхетнай сціпласцю і лагоднасцю далажыў Сымону Карызну:

— Раскудлычыў, Сымонка... Цяпер будзем у калгас запісваць...

Паглядзеўшы на яго жаласна-скрыўленую фізіяномію, можна было падумаць, што ён не толькі не пышыцца сваімі баявымі ўдачамі, а, наадварот, цяжарыцца імі і гатоў велікадушна перакласці іх на гонар каго другога. Але гэтая знадворная сціпласць была толькі асаблівым выяўленнем яго бязмежнай амбіцыі, бо ў глыбіні душы ён перажываў цяпер часіны найяснейшага, якога даўно не знаў ён, трыумфу.