Сымон Карызна, прагледзеўшы паперы, весела зірнуў на сціпла замамыленую Пацяробаву фізіяномію і з шчырым захапленнем крыкнуў:
— I гатова ўжо, га? Пацяроб! Гатова?..
Пацяроб, учыніўшы на твары сваю жаласна-пагардлівую міну, далікатна махнуў рукой:
— Пфэ!..
I ў гэты надзвычай выразлівы гук уклаў ён увесь свой пераможна-саманадзейны настрой, сваю каменную ўпэўненасць у тым, што каб адно далі яму поўную волю, дык не то што Сівец, а ўся акруга ў яго пішчом бы палезла ў калгас.
Карызна дужа не распытваўся, якім спосабам дасягнуў Пацяроб такой бліскучай удачы, ён нават стараўся як найменш і думаць пра гэта. Ён быў шчасліва задаволены добрым вынікам, і ў гэтым задавальненні бясследна распускаліся цені сумненняў, што такі спрабавалі цішком улазіць у ягоную свядомасць.
Карызна трыумфаваў. Ён быў наіўна ўпэўнены, што гэтае дасягненне – вынік той новай цвёрдай і пэўнай лініі, якую ён павёў па Зеленюковым ад’ездзе. Ён меў поўнае права зларадавацца і кпіць у думках з сваіх праціўнікаў, якія за адсутнасцю Зеленюка ўвасабляліся цяпер у рахманай і цярплівай асобе камсамольца Віктара.
— Я пакажу вам гэту зеленюкоўшчыну!
У яго ўжо быў ясны, канкрэтны план далейшай работы.
Заўтра. ж, паводле пастановы агульнага сходу ячэйкі, распускае сівалапаўскі калгас, бо яго арганізацыя была дапушчана, як часовы захад, толькі да ўтварэння ў Сіўцы агульнага калектыву.
Ніводнага з тых баламутаў ён не дапусціць да кіраўніцтва ў новым калгасе. Досыць ужо, накіраваліся!
Каго ж толькі вызначыць за старшыню?
У Пацяроба ёсць ужо пэўная кандыдатура: Андрэй Шыбянкоў.
Напамінак пра Андрэя Шыбянкова троху зацямрае Карызнаў настрой, але гэта чыста асабістае, да справы неналежнае. Можа, нават і лепей будзе, як возьмецца ён за сталую сур'ёзную працу.
Менш будзе брынкаць на гэтай нялюбай гамзатай гітары.
Так, кандыдатура падходная.
— Ты з ім яшчэ не гаварыў пра гэта?
— Не гаварыў, любачка... Як жа я, не ўзгадніўшы з табой, буду вырашаць такія праблемы. Ён мне памагаў троху — пайшоў цяпер, здаецца, туды, да Веры Міхайлаўны...
Карызна, сам таго не прымячаючы, пачынае раптам спяшацца.
— Я таксама меўся ісці туды. Пойдзем, можа? Там і пагамонім...
— Пойдзем сабе...
Карызна ўпэўнены, што гэта ў яго выходзіць зусiм проста, натуральна, што нікому і на думку не можа ўзысці, каб там у яго затачылася ўнутры нейкае дурное едкае пачуццё. А тым часам Пацяроб, адвярнуўшыся з далікатнасці ўбок, прыплюшчыў вока не толькі дамысна, а ў значнай меры і насмешліва.
…Стары дурней за маладога хлопца кахае...
Фактычна Карызна не меў ніякай падставы да зайздрасці, бо, апрача ігры на гітары, ён не бачыў з боку Андрэя Шыбянкова ніякіх асаблівых падходаў да Веры Засуліч. Але ў гэтых выпадках мова здаровае логікі бывае надта непраканалая, і Сымон Карызна, нягледзячы на ўсе довады розуму, ніяк не мог пазбыцца інстынктыўнага пачуцця апаскі ці; нават боязі, якое абуджалі ў ім частыя візіты Андрэя Шыбянкова да Веры.
А Пацяроб, пэўна, глядзеў на ўсе гэтыя рэчы больш проста і вульгарна. Ды такі збоку яно і відней, а таму.яго кплівае прыплюшчанне вока, магчыма, і мела сякую-такую слушнасць.
Яны абодва пайшлі да Веры Засуліч.
Вера сустрэла іх з шумнай радасцю, прычым зрабіла парыўчаты і вельмі мілы рух да Сымона Карызны, адначасна абмінуўшы з лёгкай сцеражлівасцю Пацяроба, бо той ужо памкнуўся быў да яе з страшэнна мілоснай мінай на твары, якая не вешчавала нічога добрага.
— П'явачка!
Тым часам «п'явачка», кінуўшы на Андрэя Шыбянковаі змоўна-вясёлы погляд, зашчабятала:
— А я ўжо ведаю ўсё, усё чысценька. Малайцы, хлопцы! Значыць, у нас у Сіўцы ўжо калгас... А мы яшчэ свой, бабскі, хацелі былі рабіць... Смех адзін толькі!..
Андрэй Шыбянкоў, як зазвычай,сядзеў, фарсіста закінуўшы нагу за нагу, і брынкаў на вечнай сваёй гітары. Ён слухаў Верына шчабятанне з паблажлівай і, як зазвычай, загадкавай усмешкай, якая мела дзіўную, нахабна-блізкую сувязь з узнятым настроем Веры Засуліч. Так, прынамсі, здалося Карызну.
Карызна адчуваў у гэту хвіліну да Андрэя вострую варожасць, якая яму не падабалася самому і ад якой усё-такі не мог ён ніяк пазбавіцца. Каб гвалтам сціснуць яе, прыдушыць, ён у наругу сабе звярнуўся да Андрэя ў адменна-прыязным тоне:
— Ну, браток Андрэй, прыйдзецца цябе запрэгчы. Мы вось з Пацяробам наважылі зрабіць цябе ведаеш кім?