Выбрать главу

Ён зрабіў паўзу, каб пабачыць Андрэеву нецярплівасць, але той глядзеў на яго з гордай стрыманасцю, нібы гаварыў яму сваімі чорнымі ўедлівымі вачмі: «Што б ні сказаў ты, браце мой, дык усё роўна мяне не здзівіш. Не тое бачылі…»

I Карызна скончыў мову сваю значна сушэй:

— Хочам цябе паставіць за старшыню сівецкага калгаса.

Андрэй вокам не міргнуў — па-ранейшаму стрымана ўсміхаўся і глядзеў на Карызну мала не з той самай паблажлівасцю, як на Веру. Нібы не яму гэтым гонар рабілі, а, наадварот, чакалі ягонае ласкі згадзіцца на гэта.

Затое Карызнава прапазіцыя выклікала гарачае захапленне Веры Засуліч. Яна бліскучымі вачмі глядзела на Андрэя, пляскала ў ладкі і радасна, можа, нават троху празмеру радасна, шчабятала:

— Ого! Во хто будзе за старшыню... Старшыня... Старшыня... У, якое начальства...

Карызна раззлаваўся і перапыніў яе наўмысна сухім, дзелавым працягам гутаркі:

— Гэта работа вельмі адказная. Калгас будзе вялікі — адзін на ўвесь Сівец і Сівалапы. Ты добра абдумай, абмяркуй гэтую справу, а заўтра пагутарым...

Андрэй стаў на момант сур'ёзны і дзелавіта адказаў:

— Добра, я падумаю...

Гэта гутарка сапсавала Карызну настрой. Ён злаваў на Андрэя, на Веру і нават на Пацяроба — за вульгарна-дамысную ўсмешку, якую той кідаў сяды-тады то на яго, то на Веру, то на Андрэя. Ён напінаў усе свае сілы, каб не збіцца з вясёлага прыяцельскага тону, і з гарачаю нецярплівасцю чакаў, калі нарэшце даўмяцца яны пайсці і дадуць яму магчымасць як мае быць пагаманіць з Верай. Ён не ўкладаў у гэтае «як мае быць» пакуль што ніякага пэўнага зместу, але чакаў ад гутаркі з Верай нейкага асаблівага задавальнення.

Вера прыцішэла і амаль не ўтыкалася ў гутарку. Яна раз-пораз узнімала на Карызну свае чыстыя, як крышталь, вочы і ўпарта глядзела на яго не то з маўклівым запытаннем, не то з цяжкай развагаю. Карызна чуў на сабе гэтыя погляды, і яны чамусьці яшчэ больш распалялі ягоную злосць, дадавалі да яе едкае пачуцдё помсты.

Як Пацяроб з Андрэем нарэшце зладзіліся ісці, Карызна раптам адмяніў свой замер і замест таго, каб астацца пагутарыць «як мае быць», стаў, сціснуўшы зубы, развітвацца. Ён быў упэўнены, што яго раптоўны, ніякім чынам не прадуважаны іхным любоўным рэгламентам адыход зробіць ёй такі самы боль, як і яму.

Вера пайшла, каб зашчапіць за імі дзверы. У цёмных сенцах яна знайшла Карызнаву руку і сціснула яе так, што, аврача пяшчотнасці, ён пачуў у гэтым поціску і ладную, зусім нечаканую ад яе сілу. Ён крыкнуў хлопцам, што дагоніць, а сам астаўся, цалкам здаволены такім канчаткам.

Яна прывяла яго за руку назад, у свой пакой, там абшчапіла моцна за шыю і, зазірнуўшы ў твар яму бліскучымі ад слёз вачмі, запытала:

— За што злуешся?

Гэта выйшла ў яе так шчыра і так прыгожа, што ў яго ад злосці не асталося і следу. Глыбока расчулены, ён прытуліў яе да сябе і, пяшчотна гладзячы яе валасы, загаварыў у

балючым узрушэнні:

— Ты не кахаеш мяне... Ты маніш мне... Можа, і сабе маніш таксама... Ты стараешся бачыць ва мне не такога, кім я ёсць, ты не такога мяне кахаеш...

Ён зачаў быў гаварыць гэта проста, каб расчуліць яе, каб выклікаць яе на прызнанні, і раптам заўважыў, што сказаў нешта большае за таго, што меўся сказаць, нешта блізкае да страшнай немінучай праўды, якую ён інстынктыўна хаваў дасюль ад самога сябе.

Вера маўчала.

Спалоханы сваімі ўласнымі словамі, ён з сутаргавай парыўчатасцю сціскаў яе ў сваіх руках, нібы хто вырываў яе ад яго, і шаптаў гарачым бязладным шэптам:

— Што мне рабіць? Вяруська, родная мая... што мне рабіць? Я кахаю цябе бязмежна — я баюся... мне цяжка, надзвычайна цяжка... Ну, ці кахаеш ты?.. ці кахаеш?..

Яна глядзела на яго з пякучым жалем, яна ледзь не плакала, бачачы яго балеснае мітушэнне. I ён быў невымоўна рад гэтым, бо не ведаў ці, можа, забыўся ў тую хвіліну, што жаль — гэта яшчэ не зусім каханне.

...Стары дурней за маладога хлопца кахае...

5

Ізноў выходзіў за Сівец стары спрадвечны пастух Аніська і, стаўшы на ўзгорку ў гордай рыцарскай паставе, задорнай песняй свае берасцянае трубы клікаў на сход маўклівыя Сівалапы.

Сівалапаўскія калгаснікі ішлі панурай, марудлівай грамадой. Скасаванне іхнага маладога, але вельмі дружнага, заўзятага калектыву прыгняло іх неспадзяваным цяжарам і атруціла ўсім ім настрой. Дакладна пільнуючыся пастановы агульнага сходу ячэйкі, Якуб Лакота і іншыя сівалапаўскія камуністы, як станавілі пытанне пра ўваход у агульны сівецкі калектыў, доўга і ўпарта тлумачылі, чаму гэта патрэбна, даводзілі карысць такога злучэння, і калгаснікі нібыта згадзіліся. А тым часам у кожнага асталося ўнутры глухое нездаволенне, бо ўсе бачылі, як складаўся сівецкі калгас, і чулі, што такі пачатак не вяшчуе нічога добрага.