Рады былі страшэнна тыя, хто зусім не хацеў калгаса. Ворагі калектывізацыі не абмінулі гэтага выпадку, не скарыстаўшы яго для свае злоснае агітацыі. Калгаснікаў атачылі насмешкамі, кпінамі, дадзявалі ім караткавечнасцю іхнага гаспадарвання.
— Нядоўга пакалгасілі, яшчэ ў самы смак не ўвайшлі...
— Без пяці мінут камунары!
— Яшчэ, дзякуй Богу, не ўправіліся кашуль паздзяваць?
— Ці добра ў сацыялізме?
— От вам сівецкія цяпер пакажуць сацыялізм!..
З'явіўся нават настрой зусім больш не ісці ў калектыў, і некаторыя, пачуўшы зычны голас Аніськавае трубы, неўзаметку плявалі і цішком залазілі на печ, строга наказваючы сваім дамоўцам, што калі хто будзе пытаць, дык іх няма дома. Але большасць усё-ткі пайшла паспытаць шчасця ў новым калгасе.
Сход прайшоў млява, маўкліва. Наўрад каб сышлося там хоць палавіна ўсіх, хто быў запісаны ў калектыў. А і тыя, што прыйшлі, адчувалі сябе няўпэўнена і скрозь пазіралі адзін на аднаго з адным бясслоўным запытаннем у вачах:
— Што з гэтага ўсяго будзе?
Карызна адчуваў настрой сходу, яго стрыманы холад, і лёгкая бадзёрая весялосць, якую ён выяўляў з наўмыснай гучнасцю, мела ў значнай меры штучны, дэманстрацыйны характар. Гэтую весялосць уласна падтрымліваў у ім бадзёры, неўляклівы Пацяроб, праўдзівы герой гэтага дня.
Пацяроб трыумфаваў. Ён пахаджаў па сцэне нардома з такім апломбам, што нават той, чые вочы добра прызвычаіліся да яго даўгалыгай фігуры, мог падзіваваць з яе асаблівай, фенаменальнай нязграбнасці. Ён штохвіліну злёгку торгаў рукой падвешаны на раменьчыку цераз плячо наган і з асалодай прыслухваўся да апетытнага парыпвання свежай скураной похвы. Гэта была прымета яго добрага гумору і філасофскае самаўглыблёнасці.
Пацяроб напрасіўся, каб яму дазволілі сёння зрабіць невялічкі даклад, і чакаў адчынення сходу з гордай упэўненасцю ў грымучым эфекце свае прамовы.
Яго выступленне маўклівая зала сустрэла яшчэ большым, яшчэ халаднейшым маўчаннем, і гэта яму ўпадабалася, бо ён лічыў, што пачцівае маўчанне масы перад прамоўцам ёсць найвышэйшы пункт справядлівай, цалкам заслужанай ім пашаны. У яго была дзівосная здольнасць — гаварыць, не зважаючы на аўдыторыю, і таму прамова яго папраўдзе выйшла эфектная. Ён крычаў, жудасна жэстыкуляваў, нападаў, адбіваўся, жартаваў, нават смяяўся — усё гэта перад маўклівым, як лёд, натоўпам. На канчатак ён агаласіў цэлую чараду «хай жыве» і, зрабіўшы заключны надзвычайна велічны жэст, першы запляскаў у ладкі, напамінаючы публіцы пра элементарную далікатнасць.
Зала падтрымала яго рэдкімі вымушанымі воплескамі, і ён пайшоў да свайго месца ў прэзідыум, глыбока сабой задаволены.
Троху ажывіў быў сход Якуб Лакота. Ён гаварыў доўга і праканала, горача перажываючы кожны сказ свае прамовы, і тупа застылая ўвага натоўпу зачынала ўжо віхраваць свежымі павевамі цікавасці і ажыўлення. Як гэта ні дзіўна, але Якуб Лакота — мабыць, адзін з усіх сівалапаўскіх калгаснікаў — быў цалкам здаволены лёсам свайго калектыву. Ён неяк зусім быў забыўся падумаць пра тое, што гэты новы зварот справы кратае яго асабіста, што гэта — як ні кажы — а ўсё-ткі ладны ўдар і па ягоным гонары. Таму і не было ў ім ні каліва тае мімавольнае прыкрае няёмкасці, што зазвычай звязвае працаўніка, якога чаму-небудзь адставілі ад спраўленай ім работы. Якуб Лакота быў шчыра рады тым, што распачатая імі справа выходзіць на шырэйшую прастору і разам з гэтым набліжаецца да маштабу яго першапачатковых, балюча выпешчаных ім планаў. А хто будзе праводзіць іх у жыццё, хіба не ўсё роўна яму?
Сваю гэту радасць і свой творчы запал выліваў Якуб Лакота перад панура-маўклівай, прыбітай пацяробаўскім энтузіязмам масай сялян, і маса шавялілася памаленьку, настарожвалася ў яшчэ нясмелай гатоўнасці да цяжкага зруху свае закаржавелае свядомасці, да неабыклага разварушэння сваіх зацвілых ад доўгага неўжывання думак. Яшчэ не ўправіўся скончыць ён прамовы, як з публікі плоймай пасыпаліся да яго запытанні. Адылі ўстаў з свайго месца манументальны Пацяроб і ўладна супакоіў публіку:
— На запытанні адкажа ў заключным слове таварыш дакладчык.
Якуб Лакота зірнуў на яго сваімі чыстымі, поўнымі шчырай няўцямнасці вачмі і, троху разгублены, паспешна скончыў прамову.
Зала застыла зноў у хмурай нязрушнай маўклівасці.
Абралі на тым сходзе новую ўправу калгаса — усе галасавалі з пакорнай дружнасцю за выстаўленых кандыдатаў. Адно сівалапаўцы патрабавалі ўвесці яшчэ ў склад управы Якуба Лакоту і, насупар гвалтоўным запярэчанням Пацяроба, дамагліся таго, што яго абралі за кандыдата. З такім жа аднадушшам ухвалілі гучную велягурыстую рэзалюцыю, укладзеную новым старшынёй калгаса Андрэем Шыбянковым.