Выбрать главу

Пад канец сходу Пацяроб мнагазначна таўхануў у бок Карызну і, падміргнуўшы яму, пахваліўся:

— Ну, як, Сымонка, здорава, га?

Карызна здзіўлена зірнуў на свайго прыяцеля і, пры ўсёй прыязнасці да яго, з трывогай падумаў: «Ці ён сапраўды такі дурань, ці толькі прыкідваецца?»

Сымон Карызна добра разумеў, што ўсё гэта не так, як трэба, ён з шчымлівым болем адчуваў глыбокі фальш пацяробаўскага трыумфу, але яму ўжо няўзмогу было суняць ход падзей, надаць ім іншы кірунак, бо гэтага іншага кірунку ён ужо не бачыў і сам. Ашаломлены магутным рухам бурна разгойданага жыццёвага мора, ён, каб не захлынуцца ў грозных хвалях яго, здаўся на першую, якая трапілася яму, плынь, і гэтая лёгкая павярхоўная плынь паслужна несла яго ў цьмяную далеч, падманваючы аблудна-ружовымі надзеямі.

Гэта была астатняя стаўка Сымона Карызны.

З таго панурага сходу разышліся былі ўсе з адчуваннем глыбокага неўразумення, няпэўнасці ў перспектыве заўтрашняга дня, і толькі два чалавекі, найбольш углыбленыя ў сябе, у свой нутраны, цвёрда збудаваны імі свет, былі зусім спакойныя і бадзёрыя. Гэта былі — Пацяроб і Якуб Лакота. Лакоту, праўда, быў устурбаваў троху неўгамонны Галілей, але сваімі загадкавымі выразамі ён узняў у ім больш няўцямнасці, чымся сумнення.

Галілей з'явіўся побач з Якубам, як той выходзіў ужо з мястэчка. Якуб не здзівіўся, угледзеўшы ў цемры яго хімерна-скурчаны цень, і адразу запытаў цёплым прыяцельскім тонам:

— Вы да мяне, дзядзька Ахрэм?

Галілей замест адказу завёў адразу свае мудраванні:

— Кхе-кхе... Хто яго ведае... Можа, і няма ніякае рэвалюцыі... ага... можа, адно папужалі... Не ведаю я... ага... нічога не ведаю.

У ціхім далёкім Галілеевым голасе адчувалася напружаная, прасякнутая глыбокім смуткам развага. Ён відочна збянтэжаны быў гэтым сходам, і дзіўны непакой яго распаліўся новым трывожным агнём.

— Хто яго ведае... ага... Як рэвалюцыя, дык тлум бывае вялікі, ага... крычаць людзі... мітушацца... А вось нашы маўчаць... Ён крычыць, дык без сэнсу... Ён не так крычыць, як трэба... Няправільна!..

I ў астатніх словах старога дзівака раптам празвінеў зусім не стасоўны да яго — цвёрды, рашучы гнеў. Якуб Лакота, узварушаны Галілеевай шчырасцю, азваўся з пяшчотнай ласкай у голасе:

— Вы, дзядзька Ахрэм, усё да сэрца берыцё, дык і турбуецеся вечна...

Галілей буркнуў зусім ціха, нібы сам сабе:

— Сэрцам больш імеш, чымся розумам...— I троху смялей, выразней дадаў: — А без сэрца чалавеку няможна... ага... зусім няможна... Без сэрца розум высахне ў чалавека...

Якуб Лакота хітравата ўсміхнуўся сам сабе ў цемры.

— А рэвалюцыя, дзядзька Ахрэм, без сэрца. Яна не мае жалю, дык, значыць, не мае і сэрца...

Галілей настаўбурчыўся:

— Няпраўда! Ёсць жаль... ага... ёсць сэрца. Рэвалюцыя ад сэрца ідзе... Яна любіць людзей і шкадуе іх... ага... Б'ючы, шкадуе... вось...

Тут стары заўважыў сваё няўмыснае ўзрушэнне і, засаромеўшыся яго, стуліўся ў шкарупу звычайнай замкнёнасці.

Галілей часцяком хадзіў цяпер да Якуба Лахоты, і яны доўгія гадзіны праседжвалі ўдвух, зашчапіўшыся ў Якубавым «габінеце» і абмяркоўваючы нейкія свае, вядомыя толькі ім двум, справы. Зазвычай па гэткіх гутарках Галілей асабліва паспешна трусіўся да свае замеценае снегам хацёнкі і з нецярплівым імпэтам браўся за сваю таемную работу.

Аднак у гэты раз Галілеева візіта была вельмі кароткая. У ім, відаць, моцна засела ўзнятае сходам абурэнне і скрозь мардавала яго назоллівай непакойнай турботай, ад якой стары не ведаў сам куды дзецца. Ці толькі ўвайшлі яны ў Якубаў «габінет» і гаспадар узяўся ладзіць сваю мізэрную — пяты нумар — газовачку, Галілей падскочыў да яго і, бесцырымонна замінаючы яму, закулдыячыў:

— А вось гэта яшчэ... Жыў-быў цар... ага... цар Ляксандр... А ў яго быў супраціўнік Гардзей... Гардзей той завязаў быў дужа мудроны вузел і ў наругу цару Ляксандру — на, кажа, развяжы, калі ты разумней за мяне... ага... Дык цар, не патрапіўшы, ага... выняў меч і — раз... перасек той вузел... ага... перасек...

Галілеева гістарычная недакладнасць троху рассмяшыла Якуба Лакоту, але ён з далікатнасці зацяў сваю ўсмешку і ў тон старому запытаў:

— Ну і што ж, дзядзька Ахрэм, хто разумнейшы быў: цар Ляксандр ці той самы Гардзей?

Галілей гарачкава зацерушыўся на месцы і затрос барадзёнкай.

— Дурны быў цар... ага... Дурны Ляксандр... Сячы кожны патрапіць... I гэты... але... і гэты сячэ... А хай развяжа, ага... хай развяжа!