Выбрать главу

Сымон Карызна адчуваў надзвычайны, ніколі дасюль не зазнаны ўздым.

Сапраўды, усё ішло як мае быць. Калектывізацыя Сіўца, праведзеная слаўным Пацяробам з маланкавай, дзіву вартай быстрынёй і рашучасцю, хоць і выклікала была з першай пары глухое нездаволенне жыхарства, але ашаломленыя раптоўнасцю падзей дабрамысныя сівецкія грамадзяне нават не ўправіліся былі і выявіць гэтага свайго нездаволення і, агледзеўшыся, маўкліва згадзіліся з тым ад іх незалежным фактам, што яны з гаспадароў-аднаасобнікаў абярнуліся ў найзаконнейшых сяброў калгаса «Гром рэвалюцыі». Следам за Сіўцом пайшла ў калгасы і большасць вёсак Сівецкага сельсавета, у якіх верныя паплечнікі Пацяроба, якіх раптам аказалася больш нават, чым трэба, строга і няўхільна гнулі лінію правадыра.

Сівецкі сельсавет ішоў сямімільнымі крокамі да суцэльнае калектывізацыі, поўнае завяршэнне якой было ўжо справаю бадай што некалькіх дзён.

I вось тут акурат, як астаўся адзін толькі крок да канчатковага дасягнення пастаўленае мэты, як ужо зачынаў узнімацца першымі хвалямі хмельны прыліў блізкага трыумфу,— тут апанавала Сымона Карызну жудаснае адчуванне няпэўнасці, і тут ён суняўся, баючыся ступіць яшчэ апошні рашучы крок, каб не пахіснуцца назад, не рынуць у страшную таемную прорву.

Увесь сэнс гэтага новага настойна-турботнага пачуцця азначаўся ў Карызнавай свядомасці адным катэгарычным запытаннем:

— Што будзе далей?

Гэта не была цвярозая дзелавая рупата працаўніка аб спраўленай ім рабоце — Сымон Карызна ў сваіх сутаргавых кіданнях неўзаметку страціў увесь свой арганічны зрост з агульным магутна-дзейным поступам эпохі — гэта быў звярыны жах чалавека, што напружана адчуў свой востры фатальна-немінучы рубеж.

Сымон Карызна не быў гэткі дурны, каб скрозь п'яны чмур пацяробаўшчыы не заўважыў нарэшце злачыннай тандэтнасці ўсяго, што яны з маху нагарадзілі ў Сіўцы і ў Сівецкім сельсавеце. Няўмольныя факты жыцця злосна разрывалі ўтульную пялёнку самаспадману, якой ён здолеў быў да часу адгарадзіць сябе ад пробліскаў уласнай свядомасці, і ён мусіў убачыць тое, чаго мо не хацеў ці чаго баяўся бачыць.

Праца новаўтворанага сівецкага калектыву з нязграбна-гучнаю, у пацяробаўскім смаку, назваю «Гром рэвалюцыі» пачалася ды і скончылася на тым, што, згодна загаду старшыні калгаса Андрэя Шыбянкова, былі перавезены з Сівалапаў і чамусьці складзены ля будынка сямігодкі, мала не пад вокнамі Карызнавае кватэры, тыя бярвенні, што ўправіліся былі панавозіць сівалапаўскія калгаснікі за кароткі час існавання свайго дружнага калектыву. Калі Карызна запытаў быў у Шыбянкова, навошта ён гэта зрабіў, той самадавольна ўсміхнуўся і растлумачыў:

— Хай ведаюць, што гэта не хаханькі...

Такім глыбока вычарпальным тлумачэннем Карызна мусіў задаволіцца, бо па выразу прыгожага старшынёвага твару відаць было, што далейшыя роспыты выклікаюць з ягонага боку адно пагардлівае здзіўленне.

Карызна бачыў, што той энергічны і ў значнай меры бесцырымонны штуршок, які далі яны соннаму, неўвароткаму Сіўцу, павіс у паветры. Сівец не крануўся з месца, а яшчэ больш зацяўся ў сваёй нязрушнай упартасці, гатовы ў першы зручны момант, паддаўшыся злоснаму ўплыву варожых сіл, выбухнуць рэзкім пратэстам, які ўраз зруйнуе ўсё дасягнутае да гэтага часу. Адсутнасць хоць якіх-небудзь відочных праяў новага зруху, новае дзейнасці працінала Карызну страхам і роспаччу, а няшчаснае тое бярвенне сваім недарэчным выглядам даводзіла яго да шалу. Канцом раз'юшаны, клікаў ён да сябе Андрэя Шыбянкова, каб спагнаць на ім сваё абурэнне і хоць троху разварушыць яго, узбудзіць у ім сякую-такую актыўнасць.

Андрэй прыходзіў і ўсміхаўся сваёй загадкавай сама-ўпэўненай усмешкай (Карызна ненавідзеў яе, бо ведаў, што яна падабаецца Веры Засуліч), потым, убачыўшы Карызнава абурэнне, рабіўся сур'езны і дзелавіты, чым канчаткова адгароджваўся ад усякіх далейшых прэтэнзій з боку сакратара ячэйкі. Каб паказаць, што ён працуе не менш за самога Карызну, ён садзіўся дзе-небудзь паблізу і, летуценна слюмачачы карандаш, нешта поркаў у сваіх бясконцых «вучотах».

Карызна скрыгаў зубамі ў бяссільнай злосці і, удостач налаяўшыся ў думках, рэзюмаваў: «Табе гітару ў рукі, а не калгас...»

Ён з кожнай хвілінай усё больш і больш пераконваўся ў поўнай непрыдатнасці гэтага загадкава-таемнага, а ў сутнасці зусім пустога чалавека. Зацятая нянавісць да Гвардыяна і настойнае жаданне помсты натхнялі яго вострай непакойнай энергіяй, але гэта было толькі датуль, пакуль не задаволіў ён свае нянавісці, беручы ўдзел у раскулачванні Гвардыяна. Разам з задаволенай нянавісцю згасла і энергія — Андрэй Шыбянкоў ураз вытхаўся, як адкаркаваная пляшка эфіру, і астаўся ад яго нікчэмны гультай, ушчэнт раздуроны бязладна-вальготным жыццём валацугі.