Галілей трапна калісьці азначыў быў, што ў ім не чалавек кіруе злосць сваю, а злосць кіруе яго.
Троху большае спацяшэнне даваў Карызну непахісны, цудоўна ўпэўнены ў сабе Пацяроб. На Карызнавы сумненні ён адно пагардліва жмурыўся, выстаўляў пад самы нос Карызну сваю вялікую растапыраную пяцярню і, наравіста ўгнуўшы магутную валовую шыю, спяваў:
— Сымонка, маўчы... Любачка, сціхні... Усё пойдзе па плану... Пазапішаш усіх, тады возьмемся жыўнасць абагульваць. Адразу ж няможна, золатка, усё табе як перуном высмаліць. На тое ж разумныя людзі планы пішуць. План мой, даражэнькі, гэта — сацыялізм...
I калі бачыў, што Карызна ад яго разважанняў троху весялее, Пацяроб таемна нахіляўся да яго і дадаваў ужо інтымным пабрацімскім тонам, старанна складаючы несуладны твар свой у як найпрыемнейшую ўсмешку:
— Абцярэбім усё на першы нумар. Не бойся, Сымонка!.. За мной — як за каменнай сцяной... Пхэ!..
I сапраўды, на нейкі час да Сымона Карызны варочалася шчаслівае пачуццё спакою, якое, аднак, трывала нядоўга, бо неўзабаве, жорстка ўскаламучанае новым напорам жыццёвых фактаў, зноў уступала месца сутаргавым мітушэнням, а хоць цяжкой беспрасветнай дэпрэсіі. У такія чорныя хвіліны спрабаваў яшчэ Сымон Карызна, як за астатні сродак ратунку, хапацца за ўспамін аб Рачкоўскім, аб нядаўняй гутарцы з ім, спрабаваў надмернай патугаю волі вярнуць роджанае той гутаркай цвёрдае адчуванне сілы, свае поўнае вызваленасці ад гнёту мінулага. Адылі патугі яго былі марныя. Тое, што ў той час выдавала бясконца простым, лагічна ўгрунтаваным, цяпер было пустой надманнай формулай. Ясна, што гэта быў той самы недалужны самаспадман, за якім ён на нейкі момант хаваўся ад жорсткіх супярэчнасцей жыцця. Ён дзівіўся цяпер незамутнёнаму спакою Рачкоўскага і нават пачынаў падазраваць яго ў адумысловым фігураванні, у свядомым удаванні перад ім, перад Карызнам, нібыта поўнага спакою і ўпэўненасці.
Хіба можна так лёгка адпіхнуць ад сябе чорны цень мінулых гадоў?
I, нарэшце, апошнім складнікам, які ўносіў дадатковую і, мабыць, найбольш датклівую горкасць у агульны комплекс перажыванняў Сымона Карызны, былі яго стасункі з Верай Засуліч. Тут таксама было ў яго цэлае кола балючых неўразуменняў.
Сымон Карызна з трагічнай паступовасцю траціў Веру Засуліч, і сам быў вінаваты ў гэтым, і добра гэта разумеў, і праз гэтае сваё разуменне ў яшчэ большую ўпадаў сумятню, прыспяшаючы канец свайго ўласнага, мабыць, залішне позна знойдзенага і таму неспадзейнага, шчасця.
У Веры Засуліч ён, як і даўней, шукаў салодкага забыцця, хвіліннага спацяшэння і адпачынку. Да Веры насіў ён усе трывогі свае і выліваў іх там у гарачых бурных навальніцах, знаходзячы сабе ў гэтым жаданае палягчэнне. Вера разумела яго і спачувала яму. Яна заўсёды знаходзіла ў сабе досыць цёплае ласкі, каб гэтай ласкай, як чароўным бальзамам, суняць яго нясцерпны душэўны боль. Але гэтая роля спацяшальніцы яе не здавальняла. Яе рамантычная і наскрозь жаночая натура прагна шукала сабе героя, каб у бязмежнай адданасці далучыцца самой да ўзнёслага гераізму жанчыны, вобраз якога яна патаемна насіла ў сабе з малых дзён. Яна рада была б знайсці гэтага героя і ў асобе хоць паджылага троху, але яшчэ моцнага і досыць прыгожага Сымона Карызны, але ён сам разбіваў усе намаганні яе сваім вечным самазгнібеннем, сваім недалужным енкам і скаргамі. I вось Вера Засуліч памалу прывыкла жалець яго — звычайным людскім жалем, якім жалеюць няшчасных ці хворых і які не дае месца больш моцным і больш каштоўным пачуццям.
Карызна заўважыў гэта і спалохаўся. Ён паспрабаваў быў стрымаць сябе, паказаць сябе ёй інакшага — бадзёрага, смелага, упэўненага ў сабе — і яму гэта бадай удалося, але затое з'явілася назоллівае адчуванне няшчырасці, фальшу, і сустрэчы з Верай сталі яму нясцерпным цяжарам. Кожны прыліў чыстай пяшчотнасці, у якой знаходзіў ён сабе чароўную свежую слодыч, будзіў у ім непераможны пацяг да скрухі, да самазгнібення, да вылівання ёй сваіх бясконцых сумненняў і свае мукі. У гэтым быў, мабыць, увесь сэнс яго кахання да Веры Засуліч. I ён не вытрымаў свае гераічнае ролі — ён зноў стаў самім сабой. Хай не любіць, хай толькі жалее — яе жаль дасць яму патрэбнае шчасце! Калі ж убачыў нарэшце, што стаў часам проста ёй дакучаць, тады асыпаў яе плоймай балючых, у большасці недарэчных дакораў і ў гэтых дакорах знайшоў новую магчымасць салодкага раструйвання сваіх пачуццяў.